Прафсаюз работнікаў АПК павіншаваў шматдзетных маці

На месцах да старшыні райкама работнікаў АПК Юрыя Адулы і галоўнага бухгалтара Марыі Станкевіч далучыліся лідары прафсаюзных пярвічак гаспадарак.
– Маці – самы дарагі чалавек у свеце. Вы сапраўдныя гераіні: нарадзілі і далі пуцёўку ў свет не аднаму дзіцяці. Нізкі вам за гэта паклон, – віншуючы жанчын, сказаў Юрый Аляксандравіч. – Няхай вам пастаянна ярка свеціць сонца, у доме пануюць узаемаразуменне і згода, вы і вашы блізкія заўсёды будзеце здаровымі.
Віншаванні прафсаюзны лідар падмацаваў падарункавымі сертыфікатамі і кветкамі.
Аксана і Віктар Трыбоцкія выхоўваюць шасцёра дзяцей: Валерыя, Ілону, Алісу, Аляксея, Эмілію і Андрэя. Жанчына працуе аператарам машыннага даення на малочна-таварным комплексе “Падольцы” .
– Я не думала, што ў мяне будзе такая вялікая сям’я, – прызнаецца Аксана. – Мама нас траіх, лічы, адна гадавала – бацькі рана не стала. Таму з 14-ці гадоў я пайшла працаваць, але ні аб чым не шкадую. Дзеці – мае галоўныя памочнікі і мая радасць.
На жаль, шматдзетную маці з КСУП “Варняны” Алесю Бразевіч павіншаваць у гэты святочны дзень не атрымалася – жанчына знаходзіцца на самаізаляцыі. Але сваякі шматдзетнай маці паабяцалі ёй перадаць кветкі і падарунак.
Адразу два аператары машыннага даення КСУП “Гудагай” у Дзень маці прымалі віншаванні. Даярка малочна-таварнага комплексу “Малі” Тамара Камчыцкая – маці Анатоля, Ганны, Мікалая, Аляксандра і двайнят Аляксея і Паўла. А Таццяна Вайдак, якая працуе на малочна-таварным комплексе “Германішкі”, таксама нарадзіла і выхавала шасцярых сыноў і дачок і дачакалася ўнукаў – іх у жанчыны ўжо чатыры.
Гледзячы на малажавую, прыгожую і дагледжаную Таццяну Урбановіч, якая працуе сакратаром прыёмнай КСУП “Гервяты”, складана паверыць, што яна ўжо бабуля і яе старэйшай дачцэ 28 гадоў.
– У бацькоў я адна, а мне выпала шчасце быць шматдзетнай маці, – расказала пра сябе жанчына. – Дзеці заўсёды дапамагалі мне і дома прыбіраць, і гатаваць – мы ўсё рабілі разам. У гэтым, напэўна, і крыецца галоўны сакрэт выхавання дзяцей.