Главная » Новости » Лента новостей

Прафсаюз адзначыў лепшых корманарыхтоўшчыкаў Мастоўшчыны

714

Сталі вядомы вынікі абласнога спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў2019 года. Сярод пераможцаў, што былі адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК, ёсць і механізатары нашага раёна.

Разам са старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віктарам Метлюком, дырэктарам філіяла “Дубна” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” Сяргеем Сыско, яго намеснікам па ідэалогіі і сацыяльных пытаннях Маяй Слуцкай і старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Наталляй Семянчук імчым на сенажаць, дзе шчыруе трактарыст-машыніст Вячаслаў Москаль. Менавіта ён апярэдзіў механізатараў раёна на нарыхтоўцы кармоў.

– Вячаслаў Міхайлавіч працуе ў нас з 2003 года, увесь час на сваім корманарыхтоўчым камбайне. Па выніках работы за мінулы год занесены на Дошку гонару сельгаспрадпрыемства. Вельмі старанны, адказны і сумленны працаўнік, якому не патрэбны кантралёры. Як бачыце, ён і зараз працуе тут адзін, з досвітку здрабняе сянажную масу, якая ідзе на падкормку жывёл на фермах, – характарызуюць свайго падначаленага прадстаўнікі гаспадаркі.

Верай і праўдай трактарысту-машыністу служыць яго корманарыхтоўчы камбайн “Ягуар”.  Летам і восенню ён заняты на нарыхтоўцы кармоў, а зімой яго можна сустрэць на здрабненні саломы. Нягледзячы на тое, што машына мае ўжо 18-поўнагадовы ўзрост, працуе яна добра, без значных паломак і прастояў. Як кажуць, трапіла ў добрыя рукі Вячаслава Міхайлавіча, які яе беражліва даглядае, клапоціцца і рамантуе.

Дарэчы, разам з віншаваннямі за працоўныя поспехі, механізатар прымаў прыемныя словы найлепшых пажаданняў і ў адрас дачкі Інны Саўчук, якая нядаўна стала залатым і сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ. З чэмпіянату свету наша зямлячка вярнулася з чацвёртым вынікам. Сын Яўген, як і бацька, працуе ў філіяле “Дубна” паляводам, а малодшая дачка Надзея яшчэ вучыцца ў Дубненскай сярэдняй школе. Родныя таксама рады за бацьку і мужа.

У другой палове дня наш маршрут пралягаў па тэрыторыі КСУП “Імя Адама Міцкевіча”, дзе працуе яшчэ адзін пераможца абласнога спаборніцтва. Гэта трактарыст-машыніст Валянцін Стасевіч. Сустрэліся мы з ім у полі, дзе ўжо поўным ходам ішла падрыхтоўка глебы пад сяўбу азімых. Механізатар быў заняты на ўзорванні глебы. І трэба было бачыць, як якасна і роўна клаліся барозны з-пад магутнага плуга ў счэпцы з энерганасычаным “Беларусам”.

– Узорванне – адна з самых галоўных работ. Яе трэба выканаць вельмі якасна, бо любыя хібы пасля не выправіш аніякай тэхнікай. Таму і давяраем яе сталым, вопытным і добрасумленным работнікам, – падкрэсліў дырэктар сельсгаспрадпрыемства Уладзімір Пісарэвіч, віншуючы Валянціна Часлававіча з чарговай узнагародай.

Па словах старшыні прафкама гаспадаркі Таццяны Крэўскай, механізатар сочыць за зменай пораў года праз шкло свайго трактара. На ўборцы зялёных кармоў сёлета працаваў на касілцы, зараз яго галоўны занятак – узорванне глебы, а хутка паспее кукуруза.

Цёплыя словы віншаванняў для В. Ч. Стасевіча прагучалі таксама ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктара Метлюка і намесніка дырэктара КСУП “Імя А. Міцкевіча” па ідэалагічнай рабоце Рамана Рубліка.

mosty-zara.by

Читайте также: