На працягу многіх гадоў гэтая гаспадарка з’яўляецца нязменным флагманам малочнай вытворчасці Астравеччыны. Упершыню ў гісторыі раёна тут надаілі ад каровы звыш 11 тысяч кілаграмаў малака. Менавіта ў КСУП “Гудагай” сканцэнтравана найбольшая колькасць малочна-таварных комплексаў, дзе стаўку робяць на талковых і адказных спецыялістаў і работнікаў, перадавыя тэхналогіі, маштабаванне вытворчасці і стварэнне камфортнага асяроддзя для людзей і жывёлы. У гэтым накірунку вопыт КСУП “Гудагай” без перабольшвання з’яўляецца паказальным і вартым для пераймання.
У межах рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”, якая сёлета адзначае дзесяцігадовы юбілей, падзякавалі за працу лепшым прадстаўнікам гэтай сельскагаспадарчай галіны з МТК “Малі”, “Смілгі”, “Дравянікі”.

МТК “Малі”
Пагалоўе – 1 855, у тым ліку дойных 690 кароў. Валавы надой за мінулы год – 11 404 кг.

Гэты комплекс адзін з першых, дзе сталі карыстацца камп’ютарнай сістэмай кіравання прыгатавання кармоў “КОРМ”. Яна напрамую звязана з раздатчыкам “Матрыкс”, які некалькі гадоў назад набылі ў адной з айчынных кампаній.
Усю жывёліну, акрамя прафілакторных цялят, корміць Віктар Ражко, якога работнікі між сабой так і называюць “карміцель”.
– Працаваў трактарыстам, папрасілі падмяніць механізатара на раздатчыку на гэтым комплексе, ды так і застаўся, – расказаў мужчына. – Машына сама загружае і змешвае ўсе неабходныя складнікі. У рэжыме анлайн бачны ўсе мае перамяшчэнні на кормараздатчыку па тэрыторыі комплексу.
З мясцовага дзіцячага садка на МТК “Малі” некалькі гадоў назад перайшла Алеся Бухвалава.

– Бабуля, мама, сястра, муж – усе ў сельскай гаспадарцы, таму, напэўна, і мяне сюды прывяло, – падзялілася жанчына. – Тут у нас свой дзіцячы садок, праўда, для цялят. З напарніцамі даглядаем звыш 430 малышоў з нараджэння да паўгода.
Юрый Казырскі адказвае за догляд дойных кароў (а гэта некалькі тэхналагічных груп): падчышчае лёжкі, пры патрэбе дапамагае раскрываць сянажна-сіласныя траншэі і робі ць многае іншае.

Цялушак аднаўлення і дарошчвання – агулам каля паўтысячы галоў – даглядае Пётр Анімуцкі. Па словах мужчыны, за выключэннем 12 гадоў, увесь астатні час ён працуе ў жывёлагадоўлі.

Аператару машыннага даення Тамары Камчыцкай перададуць падарунак пасля выхаду з бальнічнага.
МТК “Смілгі”
Пагалоўе – 1 806, у тым ліку 700 дойных кароў. Валавы надой за мінулы год – 11 321 кг.
Атрымаць канкурэнтаздольную сельскагаспадарчую прадукцыю немагчыма не толькі без навейшых інфармацыйных тэхналогій, такіх як праграма “КОРМ”, але і без механізацыі працэсаў. На ўзбраенні ў цялятніц Алены Грымбоўскай, Таццяны Шафран і Анастасіі Чалко ёсць зручны ў выкарыстанні трыцыкл, на якім яны перавозяць цялят, сена, салому і іншыя неабходныя для работы рэчы. Жанчыны па-рознаму прыйшлі ў прафесію, але ўпэўнены, што знаходзяцца на сваіх месцах.

Тры разы на дзень па чарзе з напарніцамі сухастойных кароў доіць Валянціна Макарэвіч, а Дзмітрый Кошчыц сочыць за ўсім дойным статкам. Галоўнае, па меркаванні маладога чалавека, каб у рагуль на сталах хапала кармоў, тады і надоі будуць добрымі.


Пагалоўе – 1 427, у тым ліку 527 дойных кароў. Валавы надой з кастрычніка – 8 634 кг.

Самы новы ў раёне і КСУП “Гудагай” малочна-таварны комплекс, які напрыканцы мінулага года ўрачыста ўвялі ў эксплуатацыю з апераджэннем тэрмінаў. На аб’екце калектыў сфарміравалі з работнікаў малочна-таварных ферм “Індрубка”, “Рукшаны”, Дравянікі”, адтуль у новыя кароўнікі перавезлі і жывёлу.
Дарэчы сказаць, лічы, усе ўзнагароджваемыя жанчыны (цялятніцы Марына Ярашэвіч і Марыя Радзькова былі на выхадным) шмат гадоў адпрацавалі даяркамі, пакуль не ўвялі ў эксплуатацыю гэты МТК. У абсталяваным усім неабходным бытавым кухонным абсталяваннем пакоі гераінь дня давялося чакаць, таму што цялятніцы, якія цяпер на новы лад лічацца аператарамі жывёлагадоўчых комплексаў і мехнізаваных ферм, прымалі ў сваю групу папаўненне.
На старой ферме Валянціна Алёкса лічылася адным з лепшых аператараў машыннага даення. Напрыклад, за 2021 год ад каровы яна надаіла звыш 7 300 кілаграмаў малака. За гэта партрэт жанчыны змяшчалі на раённую Дошку гонару.
Экс-даярка Данута Кель таксама неаднаразова ўваходзіла ў лік перадавых работнікаў раённай жывёлагадоўлі. Пазалетась у інтэрв’ю жанчына прызнавалася, што найбольшым цудам у рабоце лічыць з’яўленне на свет цяляці (на маленькіх лінейных фермах аператары машыннага даення таксама даглядаюць малышоў). Як бачым: у пэўнай ступені словы працаўніцы сталі прарочымі – з астатнімі аператарамі яна даглядае прафілакторных жывёл.

– На комплексе я падганяйла, – з усмешкай сказала жывёлавод Марыя Янцэвіч. – Мая задача – аператыўна партыямі загнаць кароў на дойку і прасачыць за іх вяртаннем з яе. У даільна-малочным блоку, дзе стаіць устаноўка “Паралель”, за адзін раз доіцца 32 галавы.

Слова гасцям
Юрый Адула, старшыня Астравецкага райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК:
– Калі падчас рэалізацыі гэтай ініцыятывы за дзень паспявалі аб’ехаць жывёлагадоўчыя аб’екты КСУП “Міхалішкі”, “Варняны”, РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”, то лідараў малочнай і мясной вытворчасці – КСУП “Гудагай” і “Гервяты” – вырашылі наведаць у некалькі этапаў. Нагадаю, што да ўшанавання працаўнікоў МТК “Кярняны” напрыканцы лютага далучыліся намеснік старшыні Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Алеся Венско і загадчык аддзела арганізацыйнай і грамадскай работы Вольга Дзюрдзь.
Па традыцыі, мы абавязкова пабываем на ўсіх комплексах і фермах, каб падзякаваць работнікам жывёлагадоўлі за іх самаадданасць, працавітасць – менавіта яны знаходзяцца ў авангардзе харчовай бяспекі краіны і кожнага беларуса.
Хачу адзначыць старшынь прафсаюзных пярвічак гаспадарак, якія ў межах гэтай акцыі праводзяць вялікую работу па аздараўленні працаўнікоў. Напрыклад, дзякуючы старанням і намаганням Ганны Налівайкі турам выхаднога дня скарысталася сям’я Баер (Анастасія начальнік МТК “Кярняны”, Аляксандр жывёлавод), адпачылі ў санаторыі начальнік МТК “Малі” Вольга Яцэнка і аператар машыннага даення МТК “Смілгі” Наталля Шлыковіч.
Ганна Налівайка, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КСУП “Гудагай”:
– Тое, што фармат правядзення акцыі “Наш жывёлавод” застаецца няменным, лічу неаспрэчнай перавагай. Любы сучасны малочна-таварны комплекс, як жывы арганізм, дзейнічае і функцыянуе 24/7, таму добра, што ўшаноўваем працаўнікоў без адрыву ад вытворчасці. Кожны год стараемся адзначыць розных людзей, і ўсе яны галоўныя героі гэтага марафону.
Анастасія Крывіцкая, інжынер па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:
– Падчас маніторынгаў люблю бываць у КСУП “Гудагай”. Вы ўсе ў спецыяльным адзенні, абутку, і мяне як спецыяліста па ахове працы гэта радуе найбольш.
Хачу завастрыць увагу на вытворчым траўматызме і яго прафілактыцы. На жаль, у гэтым годзе на адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна здарыўся няшчасны выпадак, калі работнік атрымаў пашкоджанні мяккіх тканак пры падгоне кароў.
Зразумела, што стварэнне бяспечных умоў працы патрабуе пастаяннага кантролю і ўвагі з боку кіраўніцтва гаспадаркі і адказных за гэты накірунак спецыялістаў. Тым не менш, многае залежыць і ад вас.
Таксама нагадваю пра правядзенне абавязковага медагляду і недапушчэнне знаходжання на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення.







