Главная » Новости » Лента новостей

Працаўнікі сельскай гаспадаркі Астравецкага раёна атрымалі ўзнагароды, прэміі і віншаванні

254

Віншаванні, узнагароды, прэміі, песні, танцы і флэшмоб – у сельскіх аддзелах культуры і вольнага часу раёна прайшлі ўрачыстасці да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Героямі свята сталі лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі Астраецкага раёна.

Песнямі сустракалі гасцей артысты раёна. Старшыня раённага выканаўчага камітэту, яго намеснікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў разам з старшынямі сельвыканкамаў, старшыня раённага камітэту прафсаюза работнікаў АПК і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў разам з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў направіліся ў кожнае сельгаспрадпрыемства, каб павіншаваць працаўнікоў са святам.

– Лёгкага хлеба не бывае. Сёлетні год у чарговы раз выпрабаваў работнікаў сельскай гаспадаркі. Вынікі не вельмі радуюць – мы не атрымалі тое, на што разлічвалі, але прафесіяналізм нашых кіраўнікоў, спецыялістаў, звычайных работнікаў адыграў станоўчую ролю. Аднак не ўсё так дрэнна. Упершыню за многія гады ўсе гаспадаркі забяспечылі нарыхтоўку травяністых кармоў, што дазваляе не толькі спадзявацца, але і ўтрымліваць станоўчую дынаміку ў жывёлагадоўлі, вытворчасці мяса і малака, – адзначыў Ігар Шалудзін.

Сёння ў галіне сельскай гаспадаркі раёна занята 1 620 чалавек, якія забяспечваюць харчовую бяспеку нашай краіны.

– Мы рэдка пра гэта задумваемся. А ў свеце ёсць складанасці з прадуктамі харчавання, ёсць галадаючыя. І тое, што мы робім і вырошчваем, што потым адпраўляецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы, усе ведаюць, у тым ліку і далёка за межамі нашай краіны. Сёння прадпрыемствы Гродзенскай вобласці экспартуюць прадукцыю амаль у 100 краін свету, – падкрэсліў старшыня райвыканкама. – І ў гэтым ёсць унёсак кожнага, хто працуе і ў нашым раёне .

Калі ў адным накірунку ідуць людзі, зацікаўленыя ў добрых выніках, то гэтыя вынікі абавязкова будуць. Таму не дзіўна, што дзякуючы карпатлівай працы работнікаў  КСУП “Гудагай” быў прызнаны лепшай сельгасарганізацыяй раёна ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Другое месца заняў КСУП «Гервяты».

Мерапрыемства не было шматлюдным, але ад гэтага прайшло не менш урачыста і шчыра.

Словы ўдзячнасці, Ганаровыя граматы, дыпломы, Падзякі, прэміі і падарункі былі ўручаны лепшым працаўнікам.

Читайте также: