Пра будаўніцтва комплексу ў Сакалойцях расказаў дырэктар КСУП “Гервяты” Ігар Жданаў
.jpg)
У жывёлагадоўлі Гродзеншчыны, у тым ліку на Астравеччыне, стаўку робяць на малочна-таварныя комплексы з сучасным даільным абсталяваннем з камп’ютарным кіраваннем. Шэрагі МТК раёна напрыканцы гэтага года папоўніць новы малочны гігант у Сакалойцях, які па задуме кіраўніцтва КСУП «Гервяты» ў перспектыве павінен стаць самым буйным жывёлагадоўчым аб’ектам у раёне. МТК «Сакалойці» будуць 11-м малочна-таварным комплексам у раёне і 4-м у КСУП «Гервяты».
За чые сродкі і якімі тэмпамі будуецца МТК «САКАЛОЙЦІ», што будзе ўяўляць з сябе гэты аб’ект, – карэспандэнт газеты пагутарыў з дырэктарам КСУП «Гервяты» Ігарам Жданавым.

– Па выніках 2023 года на Гродзеншчыне ўвялі ў эксплуатацыю 12 малочна-таварных комплексаў. Будаўніцтва вашага аб’екта таксама ажыццяўляецца ў межах праграмы «Аграрны бізнес на 2021-2025 гады». Чаму рашыліся будаваць новы комплекс і ў чым нюансы і асаблівасці дзяржпадтрымкі?
– Прычын некалькі. Па-першае, людзей на вёсцы не становіцца больш. Для параўнання: на стандартнай ферме з прывязным тыпам утрымання 200 галоў працуе 5 даярак. На комплексе, дзе дойных кароў будзе ў некалькі разоў больш, застанецца амаль такая ж колькасць аператараў машыннага даення. Гэта дазволіць зэканоміць людскія рэсурсы і павысіць прадукцыйнасць працы.
Зазначу, што ўжо зараз прадумваем пытанне фарміравання штату на гэты жывёлагадоўчы аб’ект. На маю думку, толькі ў ветэрынарнай службе павінна быць тры адзінкі: каб адзін урач вёў масціты, другі – гінекалогію, трэці – цялят. Па-другое, у сённяшніх умовах стабільна займацца вытворчасцю малака больш эканамічна выгадна на комплексах, дзе круглы год аднатыповае кармленне – прасцей арганізоўваць і кантраляваць усе працэсы, пачынаючы ад кармлення і заканчваючы ветэрынарнымі маніпуляцыямі. Па-трэцяе, ёсць патрэба ў маладняку, з улікам таго, што наша гаспадарка адзіная ў раёне займаецца вытворчасцю ялавічыны. Для запаўнення пад магутнасць комплексу па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы патрэбна звыш 4 тысяч цялят. Летась закупілі 2 тысячы, сваіх паставілі 2 300, з улікам агульнага прыплоду 3 300. Відавочна, што ў гэтым накірунку нам ёсць куды развівацца. Для вырошчвання быкоў ёсць жывёлагадоўчыя памяшканні. Дзякуючы новаму комплексу павялічым пагалоўе маладняку.
Так як будаўніцтва МТК ажыццяўляецца ў межах дзяржаўнай праграмы, ёсць свае асаблівасці. Галоўная – сціснутыя тэрміны. Яго ўвод у эксплуатацыю запланаваны на 31 снежня гэтага года, а выхад на праектную магутнасць – на 31 снежня 2025-га.
– За якія сродкі будуецца комплекс?
– Пачнём з таго, што кошт аб’екта складае крыху больш за 22 мільёны рублёў. Адкрыта крэдытная лінія на гэтыя патрэбы ў Белаграпрамбанку, з іх у мінулым годзе асвоены 1 мільён 81 тысяча рублёў. За сродкі КСУПа распрацавана і аплочана праектна-каштарысная дакументацыя на 165 тысяч рублёў, пералічаны авансавы лізінг у памеры 174 тысячы рублёў за даільную ўстаноўку. На 917 тысяч рублёў закуплены жалезабетонныя вырабы. За кошт бюджэтных сродкаў на будаўніцтва інжынернай інфраструктуры МТК затрачана 618,5 тысячы рублёў.
– Раскажыце, што з сябе будзе ўяўляць новы комплекс?
– Па сутнасці МТК «Сакалойці» стане дакладнай копіяй комплексу ў Дайлідках. Гэта добра знаёмы і правераны часам праект, які ў народзе называюць «Тры сямёркі». Колькасць жывёлагадоўчых памяшканняў і іх функцыянаванне на двух аб’ектах ідэнтычная. Праўда, у «братах-блізнятах» будуць і прынцыповыя адрозненні. Так, даільная зала на новым комплексе будзе тыпу 2х24, а ў «Дайлідках» 2х18.
Акрамя гэтага, пасля адкрыцця і выхаду на максімальную загрузку плануем будаўніцтва яшчэ двух жывёлагадоўчых будынкаў на тэрыторыі комплексу, каб нарасціць дойны статак да 1 200 галоў – гэта без уліку іншых тэхналагічных груп.
Як і на большасці сучасных малочна-таварных комплексах, на МТК «Сакалойці» прадугледжана круглагадовая стойлавая беспрывязная сістэма з работай па прынцыпе закрытага цыкла.
З улікам будаўніцтва гэтага аб’екта зачынім адну невялікую ферму «Малюта». Жывёлу адтуль перавязём на комплекс, як і кароў з мясцовай фермы. Атрымаецца, што дойны гурт скамплектуем проста з-за перамяшчэння жывёлы. Дакамплектоўваць яго збіраемся за кошт уласных нецеляў. Зазначу, што ферма «Сакалойці» застанецца. Пасля рэканструкцыі і рамонту памяшканняў прыстасуем іх пад утрыманне маладняку.
– З павелічэннем пагалоўя патрэбна будзе і больш кармоў. Ці зменіцца структура раслінаводства гаспадаркі з гэтай нагоды?
– Думаю, не. Адзінае – павялічацца аб’ёмы нарыхтоўкі травяністых кармоў. Адной з прычын выбару пляцоўкі пад будаўніцтва комплексу менавіта ў Сакалойцях стаў той факт, што там дастаткова сельгасугоддзяў. Таксама прасцей будзе працаваць з арганікай для паляпшэння ўрадлівасці глебы. Хоць у нас дастаткова высокая шчыльнасць пагалоўя, але рэзерв ёсць.
– Ці могуць КСУП «Гервяты» пахваліцца надоямі?
– Мяркуйце самі. За мінулы год ад каровы мы атрымалі 7 843 кілаграмы малака, прыбаўка склала 656. У разрэзе комплексаў сітуацыя выглядае наступным чынам: МТК «Рымдзюны» новы год распачаў з паказчыкам 10 039 (+558), «Дайлідкі» – 8 528 (+511), «Газа» – 6 859 (+1 963). Лічыцца, каб комплекс быў эканамічна выгадным, даіць ад каровы за год трэба не менш за 7 тысяч – гэта ніжняя планка.
– Ігар Уладзіміравіч, давайце ўявім, што задуманае ажыццявілася: комплекс у Сакалойцях пабудаваны і функцыянуе… У ідэале які б надой вы там хацелі бачыць?
– (Усміхаецца.) Вышэй я агучыў мінімальны надой для комплексу. Але чым больш, тым лепш. Думаю, многія пагодзяцца.
Мне здаецца, будаўніцтва комплексу – не самае складанае. Значна цяжэй арганізаваць на ім вытворчы працэс, улічваючы маштабы аб’екта. Калі ўсё працуе зладжана, як механізм гадзінніка, ёсць і «вялікае» малако. Калі нешта ламаецца – яно падае і, падкрэслю, не ў такіх маштабах, як на невялікай ферме. На комплексе цана выніку высокая, але і цана памылкі таксама.
– Дзякуй вялікі за гутарку, і, спадзяюся, да сустрэчы на адкрыцці!
З прарабам КСУП «Гервяты» Аляксеем Бурчыкам зазірнулі на аб’ект, дзе і зімой вядуцца работы, праўда, не такімі ўдарнымі тэмпамі, як запланавана на гэтыя вясну-лета. Узводзіць аб’ект ААТ «Будаўнік», работнікі якой пабудавалі МТК «Смілгі» і часткова «Кярняны».

Для мяне МТК «Сакалойці» – першы маштабны праект. Хвалююся, але спадзяюся, што ўсё атрымаецца і ў вызначаны тэрмін комплекс запрацуе.








