Главная » Новости » Лента новостей

Поўным ходам ідзе нарыхтоўка кукурузы на сілас ў КСУП “Крэйванцы”

151

Гаспадаркі Ашмянскага раёна прыступілі да ўборкі кукурузы. Пад гэту культуру, якую з гонарам называюць царыцай палёў, на Ашмяншчыне адведзена сёлета 5900 га пасяўных плошчаў. Нарыхтоўка кукурузы на сілас найбольш актыўна вядзецца ў КСУП “Прыгранічны”, “Крэйванцы” і СУП “АграМалРай”. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 350 цэнтнераў з гектара. Крэйванцаўскія аграрыі гэту лічбу пераўзышлі – на сваіх палетках збіраюць па 383 цэнтнеры на круг. Такі рэзультат упэўнівае ў тым, што гэтага высокабялковага ўраджаю хопіць з лішкам для паўнавартаснага кармлення буйной рагатай жывёлы на працягу года.

Каб даведацца сакрэт такой ураджайнасці, мы накіраваліся ў Крэйванцы. Шчыра прызнаюся, знайсці тэхніку за высокай кукурузнай сцяной атрымалася не адразу. Прыйшлося ў чарговы раз турбаваць старшыню гаспадаркі Аляксея Чарняўскага, удакладняць каардынаты, дзе вядуцца работы на полі каля Навасядаў.

Намеснік старшыні Сяргей Чарняўскі адзначыў, што кукуруза ўрадзіла на славу.

-У гэтым годзе пад кукурузу адвялі 950 га сваіх плошчаў, што больш на 100 га, чым летась, — заўважыў наш суразмоўца. – Амаль уся яна пойдзе на корм жывёле ў выглядзе сіласу, і толькі 100 га – на зерне. Гатунак “Лювена” – раннеспелы гібрыд – на нашых палетках зарэкамендаваў сябе выдатна.

Тут і расказваць нічога не трэба – хопіць паглядзець на сакавітую кукурузную сцябліну! Практычна два метры ў вышыню. Нават магутны дваццацітонны МАЗ Віталя Блажэвіча хаваецца ў гэтых зялёных угоддзях.

Па стане на пятніцу, 30 жніўня, крэйванцаўскія аграрыі ўбралі кукурузу на 114 гектарах. Валавы збор склаў 4365 тон. За дзень у траншэю адвозіцца ў сярэднім 600-700 тон зялёнай масы. Найперш запаўняецца траншэя на жывёлагадоўчым комплексе у Навасядах, да якога рукой падаць. Таму і нядзіўна, што тэхніка, занятая на адвозцы, выстройваецца ў чаргу. Сяргей Цяшкевіч, які працуе на кормаўборачным камбайне, стараецца са ўсіх сіл – спрытна і ўпэўнена вядзе сваю машыну, хутка падстаўляючы рукаво сіласаправода ў кузаў чарговага аўто.

На пытанне, ці не маладосць іграе галоўную ролю ў такім спрыце, Сяргей смяецца і дадае:

-Так, мне толькі 27 гадоў, але ж і вопыт ніхто не адмяняў – дзявяты год працую ў сельскай гаспадарцы. Восем з іх аддаў рабоце ў КСУП “Прыгранічны”, а сёлета перайшоў да суседзяў. Такое рашэнне прыняў сам – і не шкадую. Стымул працаваць ёсць, неабходныя ўмовы створаны, таму і стараюся – надвор’е спрыяе, ураджай добры, настрой таксама.

На адвозцы зялёнай масы задзейнічана пяць адзінак тэхнікі. На працягу трох год дапамогу КСУП “Крэйванцы” аказвае вадзіцель аўтамабільнага парка №13 Станіслаў Мардас. Яго вадзіцельскі стаж складае 45 год. Значны вопыт працы і ў Віталя Блажэвіча, які ў мінулым годзе перавёз на сваім МАЗе больш за тры тысячы тон зерня ад камбайнаў. Сельскагаспадарчай галіне Ашмяншчыны ён адданы на працягу 25 год.

З запалам працуюць аграрыі не толькі на кукурузным полі. Не спыняецца ні на хвіліну трамбоўка зялёнай масы ў траншэі. Два магутныя “Амкадоры”, якімі ўпраўляюць Вадзім Малышка і Уладзімір Павілойць, добра разумеюць, што ад іх у значнай меры залежыць захаванне тэхналогіі нарыхтоўкі сіласу, адпаведна – і якасць кармоў.

Адказнасць за кармавую базу гаспадаркі ляжыць сёння не толькі на кіраўніцтве сельскагаспадарчай арганізацыі. Кожны, хто звязаў сваё жыццё з нялёгкай і не заўсёды ўдзячнай работай на зямлі, на генетычным узроўні адчувае важнасць усіх працэсаў, што тут адбываюцца. Толькі пры такім падыходзе можна разлічваць на рэзультат.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.

По материалам газеты "Ашмянскі веснік"

Читайте также: