Главная » Новости » Лента новостей

Почему в СПК «Свитязянка-2003» не мелеют «молочные реки»?

92

У 2020 годзе ў СВК «Свіцязянка-2003» атрымалі больш за 10 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Карэспандэнт «Полымя» адправілася ў сельгаспрадпрыемства, каб даведацца, як складваецца сітуацыя ў малочнай сферы на фінішы гэтага года.

Аператары машыннага даення МТК «Райца-1» Ніна Шашкова, Марына Мулярчык і Наталля Кастэнка
Аператары машыннага даення МТК «Райца-1»
Ніна Шашкова, Марына Мулярчык і Наталля Кастэнка

Формула чатырох «К»: кадры, кармы, каровы і камфорт

— Каб «малочныя рэкі» не мялелі, трэба прытрымлівацца формулы чатырох «К»: кадры, кармы, каровы і камфорт, — перакананы старшыня СВК «Свіцязянка-2003», Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Галавач. — За 10 месяцаў бягучага года ад каровы атрымалі 9516 кг (плюс 262 кг), валавы надой склаў 17187 тон (плюс 530 тон, або 103%). 97,1% сыравіны здаём гатункам экстра. Мы добра разумеем, што вялікае малако робяць не адны жывёлаводы, а мноства людзей у ланцужку ад поля да фермы. Прыемна, што работнікаў масавых прафесій у нас дастаткова, а вось спецыялістаў сёлета стала не хапаць. Адразу тры ветурача і адзін заатэхнік-селекцыянер пайшлі ў дэкрэтны водпуск. Але гэта нас радуе, бо колькасць насельніцтва ў Райцаўскім сельсавеце будзе расці, а дзетак у дзіцячым садку і школе стане больш.

Цяпер кіраўніцтва «Свіцязянкі» актыўна шукае спецыялістаў на замену, пакуль жа нагрузку размеркавалі паміж астатнімі работнікамі. Безумоўна, адчулі яны і фінансавы дадатак. Дарэчы, сярэдні заробак за 10 месяцаў у сельгаскааператыве складае 1159 рублёў, тэмп росту да ўзроўню мінулага года — 112%. У спецыялістаў (ветэрынарных урачоў, заатэхнікаў-селекцыянераў) заробак яшчэ вышэйшы — даходзіць да 1400 рублёў. Немалаважна і тое, што ў гаспадарцы аператыўна вырашаецца жыллёвае пытанне: моладзі прадастаўляецца інтэрнат, сямейным парам — асобныя катэджы.

Мзуры — мара агранома

— Добрых кармоў для кармлення статка без абнаўлення машынна-трактарнага парку не атрымаеш, — перакананы Уладзімір Галавач. — Таму машынна-трактарны парк абнаўляем кожны год. Сёлета набылі 2 МАЗа, адзін збожжаўборачны камбайн, 3 трактары, 2 сеялкі, адну касілку, адну каменяўборачную машыну і іншую сельгастэхніку. Уклалі амаль 2,5 млн рублёў уласных сродкаў.

Адна з найбольш буйных пакупак гэтага года – сеялка Мзуры, дзякуючы якой выкарыстоўваецца «тэхналогія аднаго праходу». Палосная апрацоўка глебы спалучаецца адначасова з унясеннем угнаенняў і пасевам насення. Гэтая тэхналогія дазваляе адмяніць ворыва. Як вядома, на гэты аграпрыём ідзе каля 60 працэнтаў ад усіх вытворчых затрат у раслінаводстве. Тэхніка дарагая — амаль 730 тысяч рублёў, але ўжо сёлета ўсходы азімых рапсу і пшаніцы парадавалі. Да таго ж выйдзе ладная эканомія на паліве і чалавека-гадзінах.

Зараз у Варончы ідзе будаўніцтва камбікормавага цэха коштам 840 тысяч рублёў, што дазволіць атрымліваць грануляваныя кармы з уласнай сыравіны. Вытворчых магутнасцей цэха будзе дастаткова для таго, каб поўнасцю пакрываць патрэбнасць сельгаспрадпрыемства.

Добра зарэкамендаваў сябе цэх па вытворчасці рапсавага алею і шроту. Па падліках спецыялістаў прадпрыемства, рэнтабельнасць рапсу склала 120 працэнтаў.

Неўзабаве завершыцца будаўніцтва збожжасховішча на 3 тысячы тон коштам 1 млн рублёў.

Нядзіўна, што дзякуючы такой мэтанакіраванай рабоце з года ў год свіцязянскім аграрыям удаецца зрабіць трывалы запас кармоў. Так, у бягучым годзе назапашана 55 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву, у тым ліку з траў — 35,3 ц к. адз. У засеках ляжыць 679 т сена, 29021 т сенажу, 24702 т сіласу.

Кожны трымаецца за сваё працоўнае месца

Малочнатаварны комплекс «Райца-2» або, як яго яшчэ называюць, «тры сямёркі» (разлічаны на 777 галоў дойнага статка) пабудаваны 10 гадоў таму. Штодня тут атрымліваюць 32,7 літра малака на карову, адгружаюць 22 тоны сыравіны, прычым усё гатункам экстра. На комплексе змяшчаецца 1822 галавы, у тым ліку 751 галава дойнага статка.

26-гадовая памочнік брыгадзіра вытворчай брыгады Яўгенія Баравец кажа, што з пачатку года ад кожнай каровы атрымалі 9556 кг (плюс 304 кг), валавы надой склаў 7178 тон (плюс 118 т, ці 101,7%).

памочнік брыгадзіра вытворчай брыгады МТК «Райца-2» Яўгенія Баравец

— Вытворчых сакрэтаў ніякіх няма, — кажа дзяўчына. — Галоўнае — гэта аднатыпнае кармленне, утрыманне статка ў чысціні і адказнасць кожнага работніка на сваім працоўным месцы. У нас людзі за працу трымаюцца. Заробак добры, сацыяльны пакет таксама. Напрыклад, аператары машыннага даення ў сярэднім зарабляюць 1618 рублёў.

Аператары машыннага даення МТК «Райца-2» Алена Кадлубай і Галіна Гуцава

Сапраўды, чысціня — залог атрымання сыравіны з прыстаўкай экстра і даплаты за высокі гатунак. Аўтаматычны дэльта-скрэпер выдаляе гной і выграбае яго ў спецыяльныя папярэчныя канавы, а адтуль з дапамогай помпаў пад зямлёй ён перакачваецца ў спецыяльныя вялізныя круглыя ёмістасці. Пасля іх запаўнення кампост вывозяць на палі.

Яўгенія Баравец працай задаволена:

— Сама я мясцовая, з Малюшыч. Пасля заканчэння Віцебскай ветакадэміі адпрацавала 2 гады на Гомельшчыне галоўным заатэхнікам, але пацягнула ў родныя краі. Жыву ў Райцы ў інтэрнаце, пакой з усімі зручнасцямі. Газэль дастаўляе ад дома на працу. Галоўнае, што калектыў у нас добры, людзі адказныя, а з такой камандай можна горы звярнуць.

У некалькіх кіламетрах ад «трох сямёрак» размяшчаецца яшчэ адзін малочна-таварны комплекс «Райца-1». Тут утрымліваецца 1758 галоў, у тым ліку 540 галоў дойнага статка. Паказчыкі на ферме не горшыя, чым на суседняй. У суткі адна карову дае 28,6 кг, адгружаецца 16,4 тоны сыравіны гатункам экстра.

На гэтым комплексе працуе маладая і энергічная памочнік брыгадзіра вытворчай брыгады Анастасія Уласевіч.

памочнік брыгадзіра вытворчай брыгады МТК «Райца-1» Анастасія Уласевіч
памочнік брыгадзіра вытворчай брыгады МТК «Райца-1» Анастасія Уласевіч

— З пачатку года ад каровы атрымана 9625 кг малака (плюс 460 кг), валавы надой склаў 5075 т (плюс 278 т, або 105,8%), — кажа яна. — Такі вынік атрымліваецца са шматлікіх складнікаў: высакаякасных кармоў у неабходнай колькасці, мэтанакіраванай селекцыйнай работы, штодзённага кантролю ўсяго вытворчага цыклу, згуртаванасці калектыва. На комплексе працуюць 38 чалавек, і ўсе добра ведаюць, што да жывёлы трэба ставіцца з ласкай.

Каб рагулі лягчэй пераносілі гарачае лета, выкарыстоўваюцца вентылятары, якія астуджаюць паветра. Тады статак больш ахвотна ідзе да кармавога стала, а значыць аддзячыць малаком. Падчас чакання ў чарзе на дойку каровы знаходзяцца пад распыляльнікамі вады, якія дазваляюць ім адчуваць сябе камфортней. Зіму рагулі пераносяць лепш, чым спёку. А для таго, каб вада ў паілках была цёплай, выкарыстоўваецца энергія сонечных батарэй, якія размешчаны на даху комплексу.

Цяпер Анастасія Уласевіч вучыцца завочна, атрымлівае спецыяльнасць эканаміста, але кажа, што комплекс не пакіне:

— Умовы для працы добрыя, заробак годны. Ад дабра дабра не шукаюць.

Старшыня СВК «Свіцязянка-2003» Уладзімір Галавач спыняцца на дасягнутым не збіраецца. Ёсць планы па будаўніцтве будынка для ўтрымання маладняку БРЖ у Райцы на 250 галоў. Машынна-трактарны парк таксама ўвесь час патрабуе абнаўлення.

— Галоўнае — не спыняцца, а ўвесь час рухацца наперад. Бо, як кажуць у народзе: пад ляжачы камень вада не цячэ, — падагульняе кіраўнік сельгаспрадпрыемства.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара

По материалам газеты "Полымя"

Наши контакты

Наш адрес

230029, г. Гродно, ул. Коммунальная, 32

8 (0152) 62-50-11

obkom.apk.grodno@mail.ru

Время работы

Пн-Чт: 8.00 - 17.00

Пт: 8.00 - 15.45

Сб-Вс: выходной

Нажимая кнопку "Отправить" вы принимаете условия Политики обработки персональных данных.