Главная » Новости » Лента новостей

Первыми в Островецком районе к севу приступили земледельцы КСУП «Ворняны»

18

Пасля працяглай і марознай, як у далёкім дзяцінстве зімы, першае сонейка на пару з цеплынёй прынеслі добры веснавы настрой, асабліва механізатарам. Нарэшце, можна смела выпраставацца пасля рамонтных работ і з вялікай ахвотай і моцным жаданнем вывесці ў поле пасяўныя агрэгаты. На днях першымі на Астравеччыне гэта зрабілі земляробы КСУП “Варняны”.

Апераджаючы падзеі, нагадаю, што ў апошнія сезоны варнянскія аграрыі, у тым ліку дзякуючы новай тэхніцы, значна падцягнуліся ў многіх відах сельскагаспадарчых работ. Летась, да прыкладу яны адны з першых у раёне завяршылі жніво, сяўбу азімых і, больш таго, цалкам справіліся самі, без дапамогі іншых.

Сапраўдным трыумфам мінулага сезона стала перамога Юрыя Мажэйкі з КСУП “Варняны” ў раённым працоўным спаборніцтве, якое традыцыйна праводзіць райкам Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Па выніках веснавых работ яго прызналі лепшым сейбітам у раёне, па выніках корманарыхтоўкі – лепшым касцом у вобласці.

Летась з гэтай нагоды мужчына прымаў віншаванні ад старшыні райвыканкама Сяргея Мядзвецкаса і прафсаюзнага лідара аграрыяў Юрыя Адулы.

І сёлета Юрый Мечыслававіч першы на Астравеччыне хлебароб, які вывеў сваю “ластаўку” ў поле. Хоць, прызнацца, параўнанне, напэўна, не зусім трапнае. Сучасны пасяўны комплекс Liber-900 айчыннай вытворчасці, бункер якога ўпрыгожвае лунаючы над полем бусел, беларускі сцяг і лагатып гаспадаркі ўражвае сваімі памерамі, магутнасцю і характарыстыкамі.

– У апошнія сезоны падчас палявых работ з “лейкай” уносіў мінеральныя ўгнаенні. Зразумела, ад хіміі тэхніка псавалася. У дырэктара і галоўнага інжынера за зіму прасіў замяніць кабіну ў трактары, а выйшла, што атрымаў новы трактар МТЗ-3522, пасяўны комплекс і прычапную касу. Мала таго, што мадэль “Беларуса” 3522, нумар таксама – 3522, – узгадвае, не ўтойваючы радасці мужчына. – Прыемна, канешне, што мне новую, ды яшчэ якую (у раёне больш такіх сеялак няма!) тэхніку даверылі. Падумаў: трэба апраўдваць давер начальства – і не падвёў.

Па прызнанні механізатара, гэты пасяўны комплекс – ідэальны прыклад і ўвасабленне дакладнага земляробства. Калі ад механізатара патрабуецца “загнаць” агрэгат на поле, націснуць кнопку, а ўжо далей кіраваць магутнай машынай будзе камп’ютар.

– Паставіў у паласу трактар і толькі сачы, тэхнічныя пытанні вырашыць “аўтарулька”, маю на ўвазе аўтапілот, – працягвае суразмоўца. – Па шчырасці, класны агрэгат – нічога не скажу. З яго пераваг –дзевяціметровы захоп, высеў у 72 радкі з адначасовым унясеннем мінеральных угнаенняў. Праўда, такая сеялка толькі для вялізных палёў, на дробнаконтурных участках яна не падыходзіць. Перад выхадам у поле трактар і пасяўны комплекс прайшлі грунтоўнае і дэталёвае тэхабслугоўванне. Без пытанняў спрацавала і інжынерная служба нашай гаспадаркі. Сею толькі другі дзень, таму гэта можна назваць размінкай перад масавай сяўбой. А найбольш за дзень прыгортваў насенне ў глебу мінулай восенню – зрабіў гэта на 74 гектарах. Прагнозы, як складзецца сёлетняя пасяўная кампанія, пакуль рабіць рана.

На развітанне Юрый Мажэйка ўсё ж падзяліўся запаветным: і ў гэтым годзе ён хоча, калі не паўтарыць, то дакладна пераўзысці ўласны вынік. Думаецца, усё для гэтага ў варнянскага перадавіка ёсць: багаты механізатарскі вопыт, эфектыўная тэхніка, а галоўнае – жаданне працаваць. Нават на старце сяўбы мужчына вяртаецца з поля на механічныя майстэрні не раней за 8 гадзін вечара.

Другі сезон у пары з Мажэйкам працуе Эдуард Дзенюш, які падвозіць на поле насенне. Вадзіцель, дарэчы, як і яго калега, таксама перадавік. Аграрыя неаднойчы прызнавалі лепшым вадзіцелем раёна падчас многіх палявых сельскагаспадарчых кампаній.

– Насенне ў бункер загружаем 2-3 разы. Пачалі сяўбу з аўса, думаю, што хутка ўправімся і возьмемся за ячмень, – падзяліўся Эдуард Дзенюш. – Настрой без перабольшвання баявы. Радуе, што апошнія два гады ні на сяўбе, ні на жніве нам ніхто не дапамагае і па некаторых пазіцыях мы абыходзім механізатараў з больш паспяховых гаспадарак.

Перш чым прыкрыць зярняткі ў глебу, яе трэба старанна падрыхтаваць. Гэтым і займаўся Баляслаў Ігнатовіч на энерганасычаным трактары “Беларус”, які мужчына атрымаў у мінулым годзе.

– Гэты культыватар мне таксама летась далі. Ён айчынны, на Мінойтаўскім заводзе выпушчаны. У адзін заход робіць некалькі тэхналагічных аперацый: адначасова ўзрыхляе і прыкатвае глебу, – расказаў механізатар. – Адзіны мінус – гэта тое, што пасля 250 гадзін работы рухавіка трэба рабіць поўнае тэхнічнае абслугоўванне трактара, а гэта, як вядома, час… А на сяўбе кожная хвіліна дарагая.

Верыцца, што першая варнянская “ластаўка” стала прадвеснікам наступлення хуткай і масавай сяўбы на Астравеччыне.

P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што ўсе гаспадаркі распачалі яравую сяўбу. На 19 сакавіка пасеяна 303 гектары ранніх яравых культур (2%).

Читайте также: