Главная » Новости » Лента новостей

Першыя пераможцы жніўнага спаборніцтва

318

Не паспела жніво ўвабрацца ў сілу, як “пасыпаліся” пераможцы працоўнага спаборніцтва ўборачнай кампаніі, якое штогод праводзіць райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Дарэчы сказаць, сёлетняя ўборачная кампанія сюрпрызаў не прынесла – па традыцыі апошніх гадоў першым сярод вадзіцеляў тысячу тон збожжа перавёз вадзіцель КСУП “Гудагай”, на гэты раз, Іосіф Макарэвіч, а Вадзім Адамковіч і Віталь Андрушкевіч з гэтвй гаспадаркі першымі ў раёне сярод аператараў зернесушыльных установак давялі да патрэбнай кандыцыі 2 тысячы тон збожжа і рапсу.

На сваіх працоўных месцах пераможцы жніва прымалі віншаванні ад першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Карнілы, старшыняў райкама прафсаюза АПК Юрыя Адулы і прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі КСУП “Гудагай” Ганны Налівайка.

– Традыцыйныя сустрэчы на хлебным полі пачаліся з вашай гаспадаркі, – віншуючы першага вадзіцеля-тысячніка, адзначыў Іван Карніла. – Спадзяюся, што сёлета яшчэ сустремся на жніве, калі вы перавязеце 2 тысячы тон збожжа.

Да слова сказаць, у гэтым сезоне Іосіф Макарэвіч паўтарыў свой вынік 2018-га – калі таксама першым у раёне хутчэй за ўсіх перавёз з поля да зернесушылак тысячу тон збожжа – тады мужчына сваю перамогу прысвяціў дзецям.

– У гаспадарцы працую 10 гадоў. Работу люблю, – расказаў Іосіф Макарэвіч. – Я мясцовы, таму ўсе дарогі ведаю як свае пяць пальцаў.

Другі год запар тандэм зернесушыльшчыкаў у складзе Вадзіма Адамковіча і Віталя Андрушкевіча, якія працуюць у Германішках на зернесушылцы айчыннай вытворчасці “ГрынВэй”, нікога з аператараў зернекомплексаў не прапускаюць наперад.

– У апошнія гады падчас уборачнай кампаніі менавіта працаўнікі КСУП “Гудагай” лідзіруюць на ўборцы збожжавых. Віншую і жадаю і надалей не здаваць пазіцый, – сказаў Юрый Адула.

Акрамя Дыпломаў, памятных статуэтак, пераможцы спаборніцтва атрымалі грашовыя прэміі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і прафсаюзнай пярвічкі гаспадаркі.

Нагадаю, на жніве будуць адзначаны па 5 першых камбайнерскіх экіпажаў і вадзіцеляў, тры звяны зернесушыльшчыкаў, а таксама маладзёжны экіпаж кампайнераў, малады вадзіцель, лепшы аграном і ідэолаг гаспадаркі. Таксама ў залежнасці ад прапускной здольнасці камбайна будуць аддадзены 3 прызавыя месцы ад абкама прафсаюза работнікаў АПК.

Па матэрыялах АП

Читайте также: