Главная » Новости » Лента новостей

Першымі быць ганарова. Упершыню за шмат гадоў у ААТ “Першамайск-агра” вызначыўся экіпаж камбайнераў-тысячнікаў

130

Нягледзячы на моцную спёку і стомленасць, працягваюць сваю працу хлебаробы. Гарачая пара ўборкі ў нашым раёне набірае абароты і называе новых герояў.

Сёлета ўпершыню за шмат гадоў у ААТ “Першамайск-агра” Щучынскага раёна вызначыўся экіпаж, які намалаціў тысячу тон збожжа. Ганаровы бар’ер пераадолелі старшы камбайнер Іван Клімец і ягоны памочнік Віктар Байнаровіч. Павіншаваць іх з гэтым дасягненнем прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Аверка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Генрых Юрэвіч, кіраўнік сельгаспрадпрыемства Віктар Дзядовіч і дырэктар ААТ “Васілішкі” Антон Бурнос.

Сельгаспрадпрыемства “Першамайск-агра” доўгі час не магло пахваліцца высокімі лічбамі намалотаў і ўраджайнасці. Таму навіну пра тое, што ў гаспадарцы ўпершыню за шмат гадоў з’явіўся экіпаж тысячнікаў, работнікі арганізацыі і мясцовыя жыхары прынялі з вялікай радасцю. Прыемным падарункам для камбайнераў сталі грашовыя прэміі і дыпломы, якія ім былі ўручаны прама на полі. Словы падзякі і пажаданні плённага працягу працы сталі добрым стымулам для экіпажа.

Як прызнаецца старшы камбайнер Іван Клімец, пераадолець такую важную планку для яго прыемна і ганарова:

– Я ў гаспадарцы працую з 1991 года, ужо і не памятаю, каторая гэта па ліку ўборачная кампанія для мяне. Такога выніку ў нас даўно не было, таму будзем старацца павялічваць намалоты.

Іван Яраслававіч адзначае, што, акрамя старанняў немалаважным складнікам поспеху механізатара з’яўляецца надзейнасць тэхнікі. Сёлета айчынны камбайн КЗС 1218 вытворчасці “Гомсельмаша” верай і праўдай служыць хлебаробу, дазваляючы паказваць годныя вынікі.

Для памочніка старшага камбайнера Віктара Байнаровіча гэтае жніво першае ў складзе экіпажа камбайна. Аднак дзякуючы вялікаму досведу напарніка працуецца яму камфортна. – Шчыра рады, што атрымалася дасягнуць такога выніку, будзем з Іванам старацца і далей, каб не падвесці гаспадарку, – адзначае Віктар.

Падрабязней пра ўборку ў ААТ “Першамайск-агра” нам расказаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Віктар Дзядовіч: “Такіх паказчыкаў як сёлета, у нас не было ніколі. Вялікую ролю ў нашым поспеху адыграла падтрымка ад ААТ “Васілішкі”. Яны дапамаглі з сяўбой і ўнясеннем угнаенняў. Была зроблена вялікая праца і адпаведна атрымалі добры вынік. У нас дружны калектыў, працуем зладжана, а камбайнеры заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу адзін аднаму”.

– Сёлета ў нас добрыя тэмпы ўборкі зерневых і зернебабовых культур пры сярэдняй ураджайнасці 59,6 цэнтнера з гектара, – адзначыў Ігар Аверка– Можна сказаць, што мы практычна ідзём на ўзроўні мінулага года, жніво праходзіць у штатным рэжыме. У Шчучынскім раёне працуюць 89 зернеўборачных камбайнаў. Зараз надвор’е спрыяе хлебаробам, і таму на гэтым тыдні мы павінны выйсці на вызначаныя Прэзідэнтам краіны тэмпы ўборкі зерневых у 6% пасяўных плошчаў на дзень.

Алег ШЫШЛОЎСКІ. Фота аўтара.

По матеріалам газеты "Дзянніца"

Читайте также: