Главная » Новости » Лента новостей

Першым у Астравецкім раёне сеялку ў поле вывеў Сяргей Трусевіч з КСУП “Гудагай”

94


Пра масавую сяўбу ў нашым паўночным рэгіёне гаварыць пакуль не выпадае. Тым не менш, Астравецкі раён – адзін з трох у вобласці, дзе ўжо прыгарнулі зярняты ў глебу. Першым у поле пасяўны агрэгат вывеў Сяргей Трусевіч з КСУП “Гудагай”.

У гэты дзень снег прыцерушыў наваколле, але ноччу, да радасці аграрыяў, прымаразкаў не было. Каля 10 гадзін раніцы энерганасычаны трактар “Джон-Дзір”, які працуе ў счэпцы з пасяўным агрэгатам аўстрыйскай вытворчасці “Поцінгер”, рушыў на поле непадалёк ад рамонтна-механічных майстэрань у Малях. Ад відовішча, як цнатлівая бель пакорліва скаралася пад націскам сошнікаў сеялкі, захоплівала дух. Прыгажосць – ды і толькі! Убачыўшы здалёк карэспандэнта, вялікая машына на некалькі хвілін спыніла ход. У Сяргея Трусевіча, які прыгортваў насенне пшаніцы, пацікавілася, ці не страшна для будучага ўраджаю, што глеба прыцярушана снегам.

– Галоўнае, што марозу няма, – з веданнем справы адказаў механізатар. – Пробна на асобных участках сею. Учора, напрыклад, толькі пасля абеду, як зямля адпусцілася пасля прымаразкаў, спрабаваў прыгортваць у глебу зярняты, але справа не пайшла. Сёння зрабіў некалькі кругоў – тое, што трэба! Пакуль, напэўна, толькі каля 10 гектараў адужаў. Напрыклад, восенню на сяўбе азімых толькі збожжавымі засеяў 1 250 гектараў. Думаю, праз тыдзень-два пачнецца масавая работа на палях.

Калі надвор’е не падвядзе, то ў КСУП “Гудагай” хутчэй за астатнія гаспадаркі адсеюць збожжавыя. У гэтым прадпрыемстве плённа пад ураджай-2024 папрацавалі з восені: азімы клін складае 2 780 гектараў, а яравы – усяго 910. Па вялікім рахунку структура зерневых у гаспадарцы моцна не змянілася. Праўда, пабольшаюць плошчы пад грачыхай і кукурузай на зерне, паменшаюць пад бульбай.

З пачаткам масавай сяўбы ў полі будуць працаваць тры энерганасычаныя пасяўныя агрэгаты. Кампанію маладому спрытнаму Сяргею Трусевічу складуць працавітыя Максім Букліс і Пётр Сяргей.

СТРУКТУРА ЯРАВОГА КЛІНА (ГА)

100 – пшаніца

430 – ячмень

100 – авёс

180 – кукуруза на зерне

100 – грачыха

250 – гарох

60 – бульба

350 – цукровыя буракі

1650 – кукуруза на сілас

 

Текст и фото: Алёна Ганулич
По материалам газеты "Астравецкая праўда"
 

Читайте также: