Чым адметная гэта жніўная кампанія для РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”, якія культуры парадавалі галоўнага агранома, як у вадзіцеля гэтай гаспадаркі атрымалася хутчэй за астатніх перавезці тысячу тон, што б змянілі ў жніўным спаборніцтве камбайнеры – даведалася з першых вуснаў камбайнера.

Дзмітрый Шэша (на фота злева) з Міхаілам Козелам:
– Для мяне гэта 23-я ўборка, прычым 17 сезонаў запар працую з родным чалавекам – цесцем (Міхаілам Козелам. – Заўв. А.Г.). Праўда, татуля ўжо не хоча ў наступным годзе быць памочнікам, кажа, што і ўзрост салідны, і сілы не тыя – як ніяк 70 гадоў сёлета.
На жніве я з 18-ці гадоў. Пасля школы як прыйшоў, так і застаўся. Раней на «Донах» ураджай убіралі – нядрэнна яны малацілі. А вось з «Нівамі» было цяжэй управіцца. Але менавіта з гэтай хлебаўборачнай машыны і распачалася мая дарога да хлеба. У той год дапамагаў Іосіфу Жэгарысу. Колькі набілі, не скажу, бо маёй задачай было штораніцу падрыхтаваць тэхніку да выхаду ў поле. Наш Станіслававіч і цяпер у страі: хоць за плячыма мае звыш 40-ка ўборак, усё адно абмалочвае нівы на сваёй старэнькай «Лідзе». Наколькі ведаю, у іншых гаспадарках такіх «пенсіянерак» даўно спісалі, а Жэгарыса машына служыць спраўна. Бо тэхніка адны рукі любіць.
На «Палессі» працую 11-ты сезон і нізавошта не прамяняў бы яго на іншы камбайн. Да гэтай хлебаўборачнай машыны прыкіпеў душой. Без паломак, зразумела, не абыходзіцца. Але на падрыхтоўку тэхнікі да ўборкі і патрэбныя запчасткі ў саўгасе грошай не шкадуюць. Калі прыкінуць, то за ўсе сезоны, сваё «Палессе» перабраў і замяніў запчасткі на працэнтаў 25. Усё ж узрост дае пра сябе ведаць, але мой старычок – яшчэ хоць куды.
Камбайн рыхтую да выхаду ў поле старанна і да дробязяў. Не дагледзіш штосьці ці залянуешся, будзеш потым у майстэрнях локці кусаць, пакуль астатнія хлопцы жнуць. Здараецца, што рамонт на выдатна прайшоў, а ўсё адно нешта вылазіць. Убачыў, што паветра з вадой выходзіць, – замянілі трубку. Лепш раней гэта зрабіць, чым потым дзён 5 на рамонце стаяць. Шкіў варыятара барабана трэснуў – упершыню з гэтым сутыкнуўся, такіх паломак у камбайне і старажылы-хлебаробы не прыгадаюць. Адрамантавалі!
У першы дзень уборкі кола прабілі. Знерваваўся: толькі на поле заехалі – і на табе. Добра, што здарылася гэта непадалёк ад майстэрняў, а то не «задамкраціў» бы велікана. Даўней кола здымалі тры чалавекі, а цяпер ёсць для гэтага спецыяльныя станкі. Хуценька справіліся – і далей жаць.
Хто б і што ні казаў, але спаборніцтва ёсць паміж экіпажамі, хоць у нас па намалоце ўсе ідуць на роўных. Мы з бацькам першыя ў гаспадарцы намалацілі тысячу тон літаральна перад тым, як улупілі дажджы. Па тысячы маюць ужо і экіпажы на чале з Яўгенам Крывіцкім і Анатолем Качканом. Але ў адрозненне ад нашага камбайна іх хлебаўборачныя машыны значна маладзейшыя – абмалочваюць збожжа першы і чацвёрты сезон.
Першынства на жніве залежыць ад многіх фактараў: культуры, тэхнікі, надвор’я. Кожны скажа, што золата нашых палёў – пшаніца. І чысценькая, і вымалочваецца добра, і сыплецца хораша. А яшчэ галоўны чалавек на жніве – аграном: ён размяркоўвае, дзе і якое звяно будзе працаваць. Кагосьці паставяць на пшаніцу, дзе яна дае пад 50 цэнтнераў, іншага – на гарох, ураджайнасць якога ўдвая меншая.
На мой погляд, патрэбна, каб за кожным камбайнам была замацавана асобная машына, каб яны працавалі ў счэпцы, як і камбайнер з памочнікам: велічыня намалоту шмат у чым залежыць і ад шафёра.
Лічу, што ад колькасці хлебаўборачных агрэгатаў залежыць якасць уборкі: чым іх менш, тым яна лепшая. Бачылі, напэўна, як камбайны адзін пры адным амбалочваюць збожжа. Мне такі метад не вельмі падабаецца. У саўгасе з хлопцамі на полі мы адбіваем сабе загонкі, праўда, некаму даводзіцца і на кліне працаваць. Такая сістэма найлепшая. Цалкам адказваеш за свой квадрат і якасць уборкі – не скажаш: я тут не жаў.
…Сёлета ў ліпені абмалочваць пачалі, такіх ранніх тэрмінаў за ўсе сезоны не прыгадаю. Думалі, да жніўня справімся, а вось як выйшла. Раней за 10-е чысло не закончым масавую ўборку. Дажджы ўсё папсавалі. У поўнай гатоўнасці чакаем на майстэрнях, калі галоўны аграном дасць адмашку і можна будзе ісці ў поле…








