Главная » Новости » Лента новостей

Першае золата гарачай пары ў Лідскім раёне

257

Жніво на Ліддчыне ў гэтым годзе адрозніваецца асаблівай складанасцю: спачатку спякота высушыла збожжавыя культуры, а затым пачаліся дажджы. Тым не менш у гэтых складаных пагодных умовах многія аграрыі дэманструюць высокія вынікі працы. Экіпаж ЛРСУП «Мажэйкава» ў складзе Юрыя Антановіча і яго напарніка Франца Бугая першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжа ўраджаю 2019 года.

«Алімпіец» жніва

За плячыма Юрыя Антановіча – гады працы на залатой ніве і штогадовыя рэкорды, якія і злічыць зараз немагчыма: іх вельмі шмат. У 2010 годзе на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі», як пераможцу рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых, зернебабовых культур, камбайнеру ўзнагароду ўручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр  Лукашэнка. Як гаворыцца, па працы і пашана.

– З 2006 года я працую на камбайне «Лексіён-580», – расказвае Юрый Віктаравіч. – Машына магутная, высокапрадукцыйная, надзейная ў эксплуатацыі і ў той жа час простая ў кіраванні. І сядзенне, і рычагі, і кнопкі кіравання максімальна падстроены пад чалавека, каб яго праца была як мага менш стомная.

Калі ні сустракаемся з Юрыем Антановічам, ён заўсёды шмат кажа аб працы і няшмат пра сябе. А ў полі камбайнер – дваццаць трэці сезон. Добрасумленны, працавіты, адказны – сапраўдны герой

жніва. Ёсць да чаго імкнуцца і яго памочніку Францу Бугаю, які ў гаспадарцы таксама працуе даўно. І хоць як экіпаж яны працуюць усяго другі год, агульную мову знайшлі адразу. Як вынік – першыя лідары жніва ў раёне.

Кожны год – тысячнік

Перад вадзіцелямі сёння стаіць не менш важная задача. Машына ва ўборачную кампанію павінна працаваць як гадзіннік: ні хвіліны прастою, а паломкі ў гарачую пару – і зусім форс-мажор.

– Працаваў на адвозцы збожжа ад аднаго з лепшых экіпажаў гаспадаркі – Юрыя Антановіча і Франца Бугая, цяпер тысячнік, – заўважае вадзіцель дзесяцітонніка МАЗ Аляксандр Вянско. – Маршрут у мяне заўсёды адзін: загрузіўся пад завязку ўраджаем – і бягом на збожжасклад. Узважваюся, разгружаюся, а затым зноў імчу ў поле. Жніво – кожная хвіліна на рахунку.

Аказваецца, вопытны вадзіцель перасякае прасторы мажэйкаўскіх палёў з 1988 года. Працуе на сумленне. Штогод становіцца тысячнікам, а здараецца, і б'е старыя рэкорды. Праўда, аб высокіх выніках уласнай працы казаць таксама не любіць. Але агульнавядома: вадзіцель грузавіка – адна з галоўных дзеючых асоб ва ўборачнай кампаніі.

Павіншавалі ў полі

Па гарачых слядах з першай тысячай збожжа экіпаж Юрыя Антановіча, яго памочніка Франца Бугая і вадзіцеля Аляксандра Вянско віншавалі ў мінулую пятніцу начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лідскага райвыканкама Мікалай Клімук, старшыня Лідскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Марсаў і яго калега Любоў Мусік, малады кіраўнік ЛРСУП «Мажэйкава» Міхаіл Марчук.

– Мне, як новаму кіраўніку гаспадаркі, асабліва прыемна, што ў такіх няпростых пагодных умовах наш экіпаж намалаціў першую тысячу тон збожжа ўраджаю гэтага года, – заўважыў карэспандэнту «Лідскай газеты» дырэктар ЛРСУП «Мажэйкава» Міхаіл Марчук. – Вядома, тысяча гэтая далася няпроста, бо гэты год асаблівы. Але людзі не апускаюць рукі. Адначасова займаемся ворывам зямлі пад азімую сяўбу, уборкай саломы і, вядома, працягваем нарыхтоўку кармоў (шматгадовых траў, сенажу, сіласу).

У той дзень лідарам жніва былі ўручаны грашовыя прэміі ад абкама прафсаюзаў работнікаў АПК, памятныя сувеніры ў выглядзе майкі і кепкі, грашовыя прэміі ад Лідскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. А затым машыны зноў завялі маторы: працоўны дзень у самым разгары.

 

 

По материалу районной газеты

Наши контакты

Наш адрес

230029, г. Гродно, ул. Коммунальная, 32

8 (0152) 62-50-11

obkom.apk.grodno@mail.ru

Время работы

Пн-Чт: 8.00 - 17.00

Пт: 8.00 - 15.45

Сб-Вс: выходной