Главная » Новости » Лента новостей

Паглядзелі, як праходзіць пасяўная ў КСУП «Гудагай»

164

Вясна сёлета выдалася ранняя. Нават на Астравеччыне – у самым паўночным раёне Гродзеншчыны – тэхніка ўжо выйшла ў поле.

 

— Пасяўная толькі пачалася. Збожжавыя сеюць тры гаспадаркі, у бліжэйшыя дні да іх далучацца астатнія. Наперадзе шмат работы, ёй папярэднічала вялікая падрыхтоўка: назапашванне насення, унясенне падкормак і ўгнаенняў, падрыхтоўка тэхнікі, – расказвае па дарозе на адно з гудагайскіх палёў першы намеснік старшыні райвыканкама Іван Карніла.

 

Каля вёскі Філіпаны ва ўсю шчыруюць гудагайскія земляробы – тут сеюць пшаніцу.

— У полі ўжо чацвёрты дзень, – расказвае механізатар КСУП “Гудагай” Пётр Сяргей – Працую з самай раніцы.

Трактар сейбіта яшчэ паблісквае свежай фарбай.

— Тэхніка 2017 года, працую на ёй з мінулага сезона, – гаворыць мужчына. – А ў цэлым у калгасе ўжо амаль 35 гадоў.

Пасяўная, нарыхтоўка сенажу, узворванне глебы і зноў пасяўная…

— У сельскай гаспадарцы ўсё ідзе па крузе – і мы да гэтага звыклыя, – усміхаецца Пётр і зноў садзіцца ў свой трактар.

 

 

Побач з механізатарам на пасяўной шчыруе вадзіцель МАЗа Артур Высоцкі – ён падвозіць насенне.

— Падчас вучобы ў аграрна-тэхнічным каледжы ў КСУП “Гудагай” быў на практыцы. Сюды ж і працаваць прыйшоў, – расказвае мужчына. – Пачынаў на комплексе ў Германішках, потым перасеў на МАЗ – 12 гадоў ужо на ім працую.

За гэты час Артур не раз быў адзначаны ўзнагародамі ў маладзёжным спаборніцтве па выніках уборкі. Спадзяецца “гудагаец”, што і сёлетні год будзе для іх прадпрыемства паспяховым.

— Насенне ёсць, тэхніка працуе спраўна – пасяўную правядзём, як і належыць. А там галоўнае, каб надвор’е не падвяло! – усміхаецца мужчына.

Работы вясной у сельскай гаспадарцы хапае – толькі паспявай. І дзякуючы такім адданым людзям, як Пётр і Артур, у нас і ёсць хлеб на стале!

 

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.

Па матэрыялах газеты "Астравецкая праўда"

 

Читайте также: