Главная » Новости » Лента новостей

Па выніках вясенне-палявых работ былі адзначаны лепшыя працаўнікі КСУП “Варняны”

988

Падчас вясенне-палявых работ райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу аб’яўляе спаборніцтвы сярод механізатараў. Скончылася сяўба – а з ёй і хлебаробны конкурс. У свята Першамая Падзякі і падарункі прымалі лепшыя механізатары КСУП “Міхалішкі”, “Гервяты” і РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”. На гэтым тыдні былі ўшанаваны працаўнікі палёў КСУП “Варняны”.

Старшыня і галоўны бухгалтар райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага конкурсу Юрый Адула і Марыя Станкевіч выправіліся ў КСУП “Варняны”, дзе да іх далучылася лідар прафсаюзнай пярвічкі Таццяна Лісоўская.

– Парадавала, што ва ўсіх шасці намінацыях – “Ворыва”, “Культывацыя”, “Сяўба”, “Пагрузка арганікі”, “Унясенне мінеральных угнаенняў і арганікі” – у лідарах апынуліся механізатары ўсіх пяці гаспадарак раёна, – па дарозе на поле сказаў Юрый Аляксандравіч.

Нагадаю: сёлета ўмовы спаборніцтваў сярод механізатараў, занятых на вясенне-палявых работах, змяніліся. За аснову браліся вытворчыя вынікі кожнага працаўніка за перыяд з 1 па 10 красавіка.

У лік лепшых 16 хлебаробаў раёна трапілі і тры механізатары КСУП “Варняны”.

На ворыве адным з пераможцаў стаў Славамір Сыс, якога мы заспелі на механічных майстэрнях у Варнянах за рамонтам кормаўборачнага камбайна “Ягуар”. Цікаўлюся ў мужчыны, як яму працавалася вясной і чым ён будзе займацца летам.

– Гектараў сто, напэўна, заараў, – мужчына паціскае плячыма. – Але пра гэта лепш у начальства пацікаўцеся. Цяпер рамантую “Ягуар”: засталося толькі падшыпнікі ў шкуралку паставіць – і можна ў поле выязджаць. Травы і кукурузу ўбіраю ажно да позняй восені.

Няма тых работ у гаспадарцы, якія не выконваў бы механізатар Казімір Масойць – адзін з пераможцаў раённага конкурсу на культывацыі.

– Сёлета вільгаць у глебе прыкрываў у варнянскай зоне. Чэрнішкі, Карвэлі, Кярняны – усіх палёў і не злічу, – прызнаецца хлебароб. – У гаспадарцы працую больш за 30 гадоў: летась развозіў па фермах зялёнку, сёлета граблі цягаю – дзе-дзе, а ў калгасе работы заўсёды хапае.

Казімір Станіслававіч з жонкай Тарэсай жывуць у Жарнэлях, яны трымаюць вялікую гаспадарку: кароў, свіней, рознае птаства. Мужчына прызнаецца, што хоць і цяжка, але без працы ён ужо не ўяўляе свайго жыцця.

Малады – ды ўдалы – гэта трапнае выслоўе якраз падыходзіць да механізатара Валерыя Юркойця, які перамог у намінацыі “Сяўба”. Не толькі сёлета, але і ў іншыя гады хлебароб паказваў выдатныя вынікі: яго прызналі лепшым механізатарам Гродзенскай вобласці па выніках вясенне-палявых работ у 2015 годзе, летась і пазалетась Валерый Эдуардавіч уваходзіў тройку лепшых аратых раёна. У чым жа сакрэт? – цікаўлюся ў механізатара.

– Сакрэту няма: кожны павінен займацца сваёй справай: настаўнік – вучыць дзяцей, урач – лячыць людзей, а хлебароб – расціць хлеб, – лічыць Валерый Юркойць.

І з гэтай жыццёвай мудрасцю аратага не паспрачаешся!

Дарэчы

Падчас узнагароджання лепшых механізатараў КСУП “Варняны” заслужаны падарунак атрымала і старшыня прафсаюзнай пярвічкі гаспадаркі Таццяна Лісоўская. Па выніках работы за мінулы год партрэт жанчыны занесены на абласную Дошку гонару, а яна сама прызнаны адным з лепшых прафсаюзных актывістаў Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў АПК.

 

«Астравецкая праўда»

Читайте также: