Главная » Новости » Лента новостей

Па тысячы тон збожжа намалацілі два камбайнерскія экіпажы КСУП “Гудагай”

436

З першых дзён масавага жніва лідарства на ўборцы занялі хлебаробы КСУП “Гудагай”. Пяць вадзіцеляў гэтага КСУПа перавезлі па тысячы тон збожжа, а два звяны аператараў зернесушыльных комплексаў давялі да патрэбнай кандыцыі 2 тысячы тон.

Нарэшце, вызначыліся пераможцы працоўнага спаборніцтва, якое штогод праводзіць райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, сярод камбайнераў: адразу два экіпажы КСУП “Гудагай” запісалі на свой рахунак жаданую тысячу. Першымі на Астравеччыне гэта зрабілі мінулагоднія пераможцы жніва – Яўген Грабоўскі і Аляксандр Ермаковіч, крыху ім саступілі Віталь Мілэйша і Аляксандр Змітровіч – да “золата” хлебаробам не хапіла менш за 20 тон.

Прама ў полі камбайнеры-тысячнікі прымалі віншаванні ад Астравецкага раённага выканаўчага камітэта, райкама прафсаюза работнікаў АПК, кіраўніцтва і прафсаюзнай пярвічкі гаспадаркі. Прыемным дапаўненнем да цёплых слоў сталі кветкі, дыпломы і грашовыя прэміі.

– Практычна адначасова вы намалацілі па тысячы тон збожжа. Ваш вынік паказальны і вельмі важны, – віншуючы першых камбайнераў-тысячнікаў раёна, сказаў старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін. – У першую чаргу жадаю здароўя. Няхай вас не падводзяць надвор’е і тэхніка.

– Ужо стала традыцыяй, што першым у раёне тысячу тон збожжа намалочвае экіпаж на чале з Яўгенам Грабоўскім. У мінулым годзе гэтых хлебаробаў мы віншавалі двойчы: калі яны спачатку намалацілі тысячу, а пасля і другую, – падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Іван Карніла. – Буду рады сустрэцца ізноў, на гэты раз на дзвюх тысячах.

Таксама была адзначана работа намесніка дырэктара КСУП “Гудагай” па вытворчасці Андрэя Вінчы, адказнага за арганізацыю і правядзенне жніва ў гаспадарцы.

Віншуем хлебаробаў з перамогай!

Па матэрыялах АП

Читайте также: