Главная » Новости » Лента новостей

Па працы і пашана. На Шчучыншчыне ўрачыста адзначылі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці

47

 

У трэцюю нядзелю лістапада работнікі аграпрамысловага комплексу адзначаюць сваё прафесійнае свята -- Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Напярэдадні святочнай даты на сцэне Шчучынскага РЦКіНТ ушаноўвалі лепшых працаўнікоў, якія ўносяць значны ўклад у развіццё АПК раёна.

Да пачатку ўрачыстасці ў фае РЦКіНТ увазе шчучынцаў і гасцей горада была прадстаўлена выстава-дэгустацыя сельскагаспадарчай прадукцыі, што выпускаецца прадпрыемствамі раёна.

 

 

  

 

 

 

 

 

 

 

 

 

У актавай зале сабраліся лепшыя работнікі галіны, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак і прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці, ветэраны працы, госці. Павіншаваць аграрыяў прыехала старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

 

 

 

 

 

Адкрылася свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці тэатралізаваным пралогам, які падрыхтавалі дзеці ўстаноў адукацыі Шчучынскага раёна і Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Першае слова на ўрачыстасці -- старшыні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксею Садоўскаму.

-- Сярод мноства святаў у нашай незалежнай Беларусі адным з самых знакавых быў і застаецца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, -- адзначыў кіраўнік раёна.  -- Дзякуючы захаванню пераемнасці вопыту і ведаў ветэранаў працы, разумнаму сумяшчэнню традыцый і сучаснага навукова-тэхналагічнага падыходу нашы аграрыі і работнікі перапрацоўчай прамысловасці штогод дабіваюцца важкіх вынікаў. У гэтым годзе вы зноў даказалі: наш раён -- надзейны партнёр, здольны нават у самых няпростых умовах атрымліваць высокія ўраджаі, нарошчваць экспартныя пастаўкі, захоўваючы высокую якасць прадукцыі, вырабленай пад брэндам "Зроблена ў Беларусі". Дзякую за тое, што вашымі стараннямі Шчучыншчына славіцца сваімі «малочнымі рэкамі», ураджайнымі палямі, сучаснымі фермамі. Упэўнены, што і надалей вы будзеце памнажаць дасягнутае, працаваць з поўнай аддачай на карысць Шчучыншчыны. Жадаю ўсім моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, шчасця, мірнага неба і дабрабыту, новых поспехаў у справах і пачынаннях!

 

 

 

  

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Са святам шчучынцаў павіншавала старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта:

-Падводзячы вынікі сельскагаспадарчага года, мы разумеем, наколькі важная і значная праца работнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўчай прамысловасці для дабрабыту рэгіёна і ўсёй краіны. Вы заўсёды падыходзіце да справы адказна, добрасумленна, таму што ведаеце сапраўдную цану працы на зямлі. Шлях да высокіх вынікаў у сельскагаспадарчай галіне не бывае лёгкім. З упэўненасцю можна сказаць, што пераадолець усе цяжкасці, дабіцца сур'ёзных вынікаў і значных дасягненняў пад сілу толькі дружнай і згуртаванай камандзе. І ўсе, хто сабраўся ў зале, з'яўляюцца гонарам нашай роднай шчучынскай зямлі.

Алена Васільеўна пажадала працаўнікам аграпрамысловага комплексу раёна новых працоўных дасягненняў і ўручыла заслужаныя ўзнагароды. Граматамі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў былі ўзнагароджаны галоўны інжынер філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Дзмітрый Рудзевіч і начальнік сектара ўліку і падрыхтоўкі кадраў ААТ “Васілішкі” Алена Шыкеля.

-- Мы ўдзячны ўсім работнікам сельскагаспадарчай вытворчасці, чыімі поспехамі ганарыцца раён, ветэранам працы, якія перадаюць свае веды і вопыт маладому пакаленню. Нашы словы падзякі работнікам прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці. Гэта з іх дапамогай увесь сабраны ўраджай даходзіць да стала спажыўцоў, -- падкрэсліла ў сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк-- Вялікі дзякуй за добрасумленную працу і настойлівасць у дасягненні пастаўленых мэт. Жадаю ўсім новых поспехаў на карысць роднай Беларусі, добрага надвор'я і багатых ураджаяў.

 

 

 

 

 

 

У гэты дзень лепшыя працаўнікі аграпрамысловага комплексу, паднімаючыся на сцэну, атрымалі з рук Аляксея Садоўскага і Ганны Хвядзюк Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы. Сярод узнагароджаных вядучы эканаміст Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства Ірына Антончык, жывёлавод ААТ “Орля” Алена Дзявульская, сартавальнік яек ААТ “Шчучынская птушкафабрыка” Святлана Калупаева, аператар па штучным асемяненні саўгаса «Вялікае Мажэйкава” Тамара Ламанік, галоўны ветурач ААТ “Першамайск-агра” Вітольд Лукашэвіч, спецыяліст па кадрах філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Лілія Скорб,  аператар ААТ “Дэмбрава” Галіна Чаромуха, заатэхнік-селекцыянер СВУ “Пратасаўшчына” Марына Антановіч, брыгадзір вытворчай брыгады ААТ “АграГЖС” Алена Станкевіч, майстар ТАА “Праймілк” Дзмітрый Хвайніцкі, вядучы заатэхнік філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”  Іван Ханько, галоўны эканаміст ААТ “Васілішкі” Нэля Маркевіч, галоўны ветэрынарны ўрач Шчучынскага філіяла “Гродзенскага племпрадпрыемства” Аляксандр Фядзюк, слесар Шчучынскага філіяла ААТ “Малочны Мір” Сяргей Чагаеў і вадзіцель гэтага прадпрыемства Віктар Варцаба, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Андрэй Клімовіч, галоўны тэхнолаг ТАА “Логал-Бія” Канстанцін Куц і многія іншыя.

Цэнтральным момантам свята стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у сельскагаспадарчай галіне. Пераможцамі спаборніцтва на нарыхтоўцы травяных кармоў у 2023 годзе сталі працоўныя калектывы ААТ “Дэмбрава”,  СВУ “Пратасаўшчына” і ААТ “Васілішкі”. Узнагароды і грашовыя прэміі атрымалі таксама лепшыя камбайнеры кормаўборачных камбайнаў і вадзіцелі аўтамашын.

Падчас свята першы намеснік--начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігар Аверка і прафсаюзны лідар аграрыяў Генрых Юрэвіч за добрасумленную працу і высокія дасягненні ўзнагародзілі многіх іншых працаўнікоў галіны: механізатараў і жывёлаводаў, аператараў і рабочых, спецыялістаў прадпрыемстваў АПК Шчучыншчыны. Магчымасцю ў чарговы раз адзначыць працу работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці скарысталіся прадстаўнікі раённых арганізацый ГА “Беларускі фонд міру”, ГА “Беларускі саюз жанчын”, РГА “Белая Русь” і “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

 

 

 

 

 

А артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і калектыў “Аллюр” падарылі адчуванне свята дзякуючы сваім творчым нумарам.

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Дзіяны КЕЙКА.

По материалам газеты "Дзянніца"