
Сярод гаспадарак раёна найменшы клін ранніх збожжавых і зернебабовых у РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” – 810 гектараў. А ўсё таму, што аграрыі гэтага сельгаспрадпрыемства робяць стаўку на азімыя. Па-першае, яны больш урадлівыя; па-другое, такі падыход эканоміць час, таму што вясна – пара сяўбы не толькі збожжавых, але і цукровых буракоў, кукурузы.
Наведаўшыся ў саўгас, даведаліся, ці абнавіўся парк сельгастэхнікі і хто працуе на вясенне-палявых работах. “Экскурсію” па палях арганізаваў галоўны аграном Дзмітрый Малючак.
Абноўленыя сельгаспарк і пасяўная структура
Для тэхнолага саўгасных палёў сёлетняя пасяўная ў якасці “галоўнага” – дзявятая. У верасні споўніцца 5 гадоў, як Дзмітрый Малючак у Рытані.
– З дня на дзень пачнём сеяць цукровыя буракі, неўзабаве – кукурузу. Часу чакаць няма. Вясна сёлета позняя: калі летась збожжа сеялі без праблем, то ў гэтым годзе выбарачна – на некаторыя ўчасткі немагчыма было ўлезці, – па дарозе на поле расказаў галоўны аграном. – Пасяўная кампанія ў нас павінна прайсці добра, калі, канешне, надвор’е не падкіне сюрпрызаў. Да правядзення вясенне-палявых работ грунтоўна падрыхтаваліся і значна абнавілі тэхніку. Праз кампанію “Прамагралізінг” набылі МАЗ, два “Амкадоры”, універсальны модульны культыватар, дзве сеялкі дакладнага высеву – “Кінза” для кукурузы і “Кёкерлінг” для буракоў. На апошніх агрэгатах будуць працаваць вопытныя механізатары Аляксандр Пілецкі і Аляксандр Шостак.
Дарэчы, у галоўнага агранома таксама новы службовы аўтамабіль –“Ніва”.
– Механізатары жартуюць, што цяпер не прапусцяць маго прыезду –белая машына бачна здалёк, – патлумачыў, усміхаючыся, Дзмітрый.
Зразумела, што без аўто галоўны аграном як без рук. Былая машына часта ламалася. Тады дырэктар саўгаса Дзяніс Кірпа паставіў аграному ўльтыматум: возьмеш тысячу тон рапсу – будзе табе аўтамабіль! І ў 2022-м Малючак дасягнуў жаданага.
– Пад ураджай гэтага года з восені пасеялі крыжакветкавы на 450 гектарах, што на 100 гектараў больш , чым у 2022-м. Адвялі 100 гектараў пад азімы ячмень, чаго не рабілі некалькі гадоў запар. Пабольшаюць плошчы і пад буракамі: з 280 да 330 гектараў. Летась па ўраджайнасці цукровікаў мы занялі 1-е месца ў раёне. Сакрэту няма – спрабуем новыя агратэхнічныя метады ў вырошчванні гэтай культуры. Як і ў мінулым, так і ў гэтым годзе пасеем гібрыд “ кКанвіза”, насенне ўжо набылі, – расказаў пра спецыфіку пасяўных плошчаў галоўны аграном. – Пры распрацоўцы аптымальнай структуры адштурхоўваліся ад патрэб жывёлагадоўлі. Патрэбны не толькі травяністыя кармы, але і бялок. Таму пад зернебабовыя, у прыватнасці пад гарох, адвялі ўдвая больш, чым летась. На сілас кукурузы пасеем менш – 970 гектараў, затое на зерне – ажно 240, летась гэтага не рабілі.
Сяўба – аснова ўраджаю
У апошнія гады не толькі ў саўгасе, але і ў іншых гаспадарках сталі больш падсяваць траў. Такі агратэхнічны метад сябе апраўдвае: культуры развіваюцца без нанясення шкоды адна адной. На лета абмалоцяць збожжа, а на наступны год на гэтым участку ўжо можна будзе класці травы ў пракосы.
На СПУшцы з шасціметровым захопам травы працаваў Міхаіл Грузд. Мужчына цягам апошніх гадоў станавіўся пераможцам і прызёрам раённага конкурсу аратых сярод механізатараў, якія выконваюць палявыя работы на невялікіх трактарах.
– Па ячмені прыгортваю насенне фістоліума – гэта такая шматгадовая трава, – патлумачыў сейбіт. – За дзень засяваю да 30-ці гектараў. – Падсевам займаюся 4-ты сезон запар, а ў гаспадарцы працую звыш 20-ці гадоў.
З-за невялікіх плошчаў ранніх яравых збожжавых і зернебабовых з прыкрываннем у глебу іх насення ў саўгасе спраўляецца адзін Валерый Жэгарыс. Летась мужчына не пакінуў ніводнага шанца іншым сейбітам раёна – і святкаваў перамогу адразу ў двух намінацыях веснавога працоўнага спаборніцтва – на сяўбе збожжавых і цукровых буракоў. Больш таго, летась мужчыну прызналі лепшым касцом Гродзеншчыны.
– Любоў да тэхнікі ў мяне, напэўна, ад бацькі. Летам пасля 5 класа на жніве пайшоў да яго ў памочнікі на камбайн “Ніва” – і зацягнула! З кожным годам спазнаваў тэхніку і механізатарскае майстэрства. У 9 класе зразумеў, што вучыцца больш не буду. Спачатку з татам працавалі на адным трактары пазменна. Потым мне далі МТЗ-82, пазней перасеў на К-701, які ў народзе больш вядомы як “кіравец”, затым даверылі новы МТЗ-1221. Праз некаторы час “дарос” і да “трыццаткі”, на якой і цяпер працую, – з усмешкай расказвае пра свой прафесійны шлях сейбіт. – Ведаю ўсе палявыя работы, ну хіба што акрамя “хіміі”. Люблю, каб тэхніка была дагледжаная. Калі ўсё сыходзіцца – і надвор’е, і поле – сяўба ідзеб як па масле. А так – і час губляеш, і гектараў не наганяеш.
Дарэчы, Валерый Жэгарыс не толькі вядомы механізатар, але і цік-токер. На сваім канале, на якім больш за 4,2 тысячы падпісчыкаў, мужчына выкладвае відэа з каментарыямі палявых работ, выхаду ў поле. Падкупае смачная тутэйшая мова і карысныя парады па тэхніцы.
P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, РУП "Астравецкі саўгас "Падольскі" завяршыў сяўбу ранніх збожжавых – першы сярод гаспадарак раёна.








