БУРАКІ
Вырошчванне гэтай культуры, як і рапсу, лічыцца адным з самых эканамічна эфектыўных накірункаў у раслінаводстве. Таму з 1 645 раённых гектараў у КСУП «Гудагай» пад салодкія караняплоды адвялі 350 га.
Дарэчы, менавіта гэтая гаспадарка першая на Астравеччыне дала старт уборцы буракоў.
Па меркаванні спецыялістаў, каб цукровікі рэалізавалі закладзены ў іх патэнцыял, варта стварыць адпаведныя ўмовы. Тут, як кажуць, дробязяў не бывае: і падрыхтоўка глебы, і своечасовыя падкормкі, і граматна прадуманая сістэма аховы – важна ўсё. Калі парушыць тэхналогію ці штосьці ўпусціць, на ўраджай спадзявацца не варта. Мяркуючы з раённай зводкі, буракі ў КСУП «Гудагай» на круг даюць 516 цэнтнераў, агранамічная служба гаспадаркі з пастаўленымі задачамі справілася.
Цэлы дэсант тэхнікі адшукалі на адным з участкаў за вёскай Ліпнішкі. Работа тут вялася актыўна і адразу па некалькіх франтах.
Упершыню за апошнія гады для ўборкі цукровых буракоў «гудагайцы» выкарыстоўваюць не ўласную тэхніку, а вялікага энерганасычанага «найміта» з фірмы «Аграфінанс» – буракаўборачны камбайн нямецкай вытворчасці «Рэксор-6300».
Магутны памагаты з Аграфінансаў
Па словах галоўнага агранома Андрэя Ненартовіча, для гаспадаркі эканамічна выгадна было скарыстацца паслугамі старонняй арганізацыі.
Да пераваг сучаснага агрэгата можна аднесці высокапрадукцыйнасць, 30-тонны бункер, унікальны бацвінневыдаляльнік FM, дыскавыя капачы, сістэму ачысткі і разгрузкі кузава і многае іншае.
У кіламетры ад магутнага капача на двух участках ля вялікіх буртоў цукровых буракоў адбывалася іх механізаваная загрузка. На адным на новым «Маніту» гэтым займаўся Дзмітрый Лукша.
Дзмітрый Лукша за змену загружае каля 700 тон буракоў
На другім – на буракаўборачным камбайне «Кляйн» – памагаты з сельгастэхнікі Дзмітрый Юрчык.Дзмітрый Юрчык з сельгастэхнікі дапамагае “гудагайцам” на ўборцы салодкіх караняплодаў
Камбайн «Кляйн»
– Гэты агрэгат не новы: на ім на бураках працую 6-ты сезон. Камбайн выкупілі ў КСУП «Міхалішкі», уласнымі сіламі адрамантавалі, – расказаў механізатар.
– Канструкцыяй гэтага самаходнага агрэгата прадугледжаны прыём цукровых буракоў у прамежкавы бункер, іх перасоўванне па транспарцёры і падача ў кузаў машыны. Адзінае, чаго баіцца «Кляйн», – камяні.
Даводзіцца ўручную шукаць «засланцаў» і выбіваць з дапамогай малатка і зубіла. Падлічыў, што ў сярэднім за гадзіну загружаю каля 150-ці тон.
Не заўважыла, каб хоць некалькі хвілін прастойвалі «Маніту» ці «Кляйн»: МАЗы з прычэпамі так хутка змянялі адзін аднаго, што пыл стаяў суцэльны слупом.
Буракі загружае «Маніту»
Перш чым стаць цукрам, буракі па чыгунцы адправяцца з Гудагая ў Слуцк і Жабінку.Лічба
На раніцу 12 верасня буракі ўраджайнасцю 528 ц/га ўбраны з 51% плошчаў. Накапана 9 500 тон.








