Главная » Новости » Лента новостей

Нічыя з прысмакам перамогі. У рамках чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе ў Шчучын завітаў “ФСК Гродзенскі” са Скідзеля

113

Да завяршэння падыходзіць групавы этап чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе сезона 2022/23. У суботу на пляцоўцы спартыўнага комплексу па вуліцы Авіятараў наша каманда МФК “ФСК Шчучын” прымала гасцей са Скідзеля – “ФСК Гродзенскі”. Да пачатку гульні абедзве каманды прэтэндавалі на другое месца ў групе “Поўдзень”, заняўшы якое, клуб аўтаматычна выходзіць у чвэрцьфінал турніру. Матч меў прынцыповае значэнне для двух бакоў, а асабліва для скідзельцаў, якія адставалі ад шчучынцаў на адно ачко. Таму гульня да апошняй секунды трымала ў напружанні.

Пачатак гульні правялі лепш госці, якія ўжо на 5-й хвіліне забілі. Нельга сказаць, што наша каманда толькі абаранялася. “Шчучын” актыўна рабіў падыходы да варот саперніка, аднак да выніку яны доўгі час не прыводзілі. У нейкі момант здалося, быццам мяч нехта зачараваў, настолькі ён не хацеў залятаць у вароты “ФСК Гродзенскі”. Свае моманты былі і ў гасцей, якія мелі некалькі небяспечных штрафных удараў, аднак самаадданая гульня шчучынскага варатара Вадзіма Калечыца не дазволіла скідзельцам павялічыць перавагу. На 20-й хвіліне сустрэчы лік сваім галам адкрыў “Шчучын”, добрым ударам з саліднай дыстанцыі адзначыўся Аляксандр Кірылаў (1:1). Да канца тайма абедзве каманды правялі шэраг небяспечных атак, у якіх больш пашанцавала гасцям: на 34-й хвіліне яны забілі і выйшлі наперад (1:2). Да канца тайма лік на табло не змяніўся.

  

Другая палова сустрэчы прынесла шмат барацьбы і як вынік – вялікую колькасць парушэнняў правіл ад абедзвюх каманд. На 44-й хвіліне гаспадары правялі цікавую камбінацыю, у выніку якой лік на табло зраўняўся. Ізноў за “Шчучын” моцным ударам забіў Аляксандр Кірылаў (2:2). Да канца сустрэчы заставалася яшчэ даволі шмат часу, і кожная з каманд хацела выйсці наперад. У выпадку нічые “Шчучын”, які меў перавагу ў адно ачко, захаваў бы за сабой другі радок турнірнай табліцы, таму “ФСК Гродзенскі” меў вялікую матывацыю, каб забіць і перамагчы. Госці актыўна атакавалі і некалькі разоў шчучынцам прыходзілася ісці на вымушаныя парушэнні. Да канца гульні нашы футбалісты перавысілі ліміт фалоў і таму ў іх вароты быў назначаны дзесяціметровы ўдар. Усе разумелі, што прапушчаны за некалькі хвілін да канца сустрэчы гол з вялікай верагоднасцю вырашыў бы вынік матча на карысць гасцей. Аднак гэтага не сталася, бо ўдар умела парыраваў шчучынскі варатар Вадзім Калечыц. Адстаяўшы свае пазіцыі, гаспадары паспелі правесці яшчэ некалькі хуткіх атак, аднак да галоў яны не прывялі. Такім чынам, вынік матчу – нічыя (2:2).

“ФСК Гродзенскі”, згуляўшы восем гульняў, завяршае групавы этап на трэцім месцы турнірнай табліцы і пачне стадыю плэй-офф з 1/8. МФК “ФСК Шчучын” забяспечыў сабе другую пазіцыю ў групе “Поўдзень” і таму аўтаматычна выходзіць у чвэрцьфінал. Першае месца па выніках групавога этапу заняла каманда “Фарсаж” са Слоніма, якая таксама пачне плэй-офф з чвэрцьфіналу.

  

Наступны матч наша каманда правядзе 18 лютага на выездзе супраць лідараў чэмпіянату – слонімскага “Фарсажа”. Сустрэча не будзе мець турнірнага значэння, бо незалежна ад яе вынікаў пазіцыі каманд у табліцы застануцца нязменнымі. Аднак матч лідараў – гэта заўсёды цікава, таму спадзяваемся на прыгожую гульню і жадаем нашым футбалістам поспехаў у Слоніме.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

Па матэрыялах газеты "Дзянніца"

Читайте также: