Главная » Новости » Лента новостей

З Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў АПК Віталій Лісіцкі наведаў Шчучыншчыну, каб уручыць перадавым механізатарам узнагароды за добрасумленную працу

210

З Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віталій Лісіцкі наведаў Шчучыншчыну, каб уручыць перадавым механізатарам узнагароды за добрасумленную працу. Да гэтай ганаровай місіі далучыўся прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Генрых Юрэвіч.

Высокія госці заехалі ў ААТ “Дэмбрава”, дзе ўшанавалі вадзіцеля Андрэя Сыча.

– Гродзеншчына славіцца працавітымі людзьмі, і Шчучынскі раён – не выключэнне, – адзначыў Віталій Лісіцкі. – Асабліва прыемна віншаваць хлебаробаў з высокімі працоўнымі дасягненнямі: менавіта гэтыя людзі забяспечваюць харчовую бяспеку нашай краіны. Праязджаючы па палетках ААТ “Дэмбрава”, быў прыемна ўражаны высокай культурай земляробства. Упэўнены, вы зробіце важкі ўнёсак у агульны каравай!

Цёплыя словы ў адрас перадавіка выказаў дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Туля.

– Андрэй Сыч – адзін з лепшых нашых вадзіцеляў, які адзначаны медалём “За працоўныя заслугі”, – падкрэсліў Аляксандр Віктаравіч. – Ён ніколі не лічыцца з асабістым часам і ў гэтую гарачую для хлебаробаў пару ўвесь светлавы дзень прападае ў полі. На такіх прафесіяналах і трымаецца наша гаспадарка! Дзякуй за добрасумленную працу!

Атрымаўшы заслужаныя ўзнагароды, перадавы вадзіцель Андрэй Сыч накіраваўся да свайго МАЗа і паспяшаўся ў поле, дзе яго чакаюць камбайны з напоўненымі зернем новага ўраджаю бункерамі.

– Я больш за 30 гадоў працую ў роднай гаспадарцы, – зазначае Андрэй Іванавіч. – Гэта мая 21-ая ўборачная кампанія. Летась перавёз 2920 тон залатога грузу, што пакуль з’яўляецца маім асабістым рэкордам. У бягучым сезоне паспрабую яго пераўзысці, тым больш што ўраджай у полі стаіць выдатны: толькі паспявай загружацца! Працую без выхадных. Устаю з узыходам сонца, а спаць кладуся апоўначы. Безумоўна, такі напружаны працоўны рытм вымотвае, і стомленасць паступова накопліваецца. Аднак я разумею, што хлеб лёгкім не бывае, таму працую з поўнай аддачай. Як толькі завершым жніво, пераключуся на нарыхтоўку кармоў.

У філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” намеснік старшыні Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віталій Лісіцкі і прафсаюзны лідар аграрыяў Шчучыншчыны Генрых Юрэвіч уручылі дыплом рэспубліканскага значэння, грашовыя прэміі, а таксама памятныя майкі і кепкі маладзёжнаму камбайнаваму экіпажу ў складзе Аляксандра Барысевіча і Аляксандра Дымінскага, які таксама вызначыўся працай на жніве.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

dzyannica.by

Читайте также: