Нам даверана памяць. На гранітным камені – чырвоныя гваздзікі
11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

На Дзятлаўшчыне да гэтай гістарычнай даты ў гарадскім пасёлку Наваельня каля помніка на месцы масавага расстрэлу мірных людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны прайшоў мітынг памяці.





Удзел у ім прымалі раённае кіраўніцтва, дэпутаты на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, прадстаўнікі пракуратуры, сілавых структур, ваеннага камісарыята, працоўных калектываў, педагогі, навучэнцы, жыхары.




У далёкім 1945-м 11 красавіка вязні фашысцкага канцлагера “Бухенвальд”, даведаўшыся аб набліжэнні саюзных войскаў, паднялі паўстанне і змаглі адняць зброю ў аховы. Дата стала памятнай, гэта дзень, калі ўзгадваюць пра васямнаццаць мільёнаў чалавек, якія прайшлі праз пекла фашысцкіх лагераў і гета, адзінаццаць мільёнаў з іх не выжылі.

– Другая сусветная вайна – самая чорная і крывавая старонка ў гісторыі чалавецтва, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Больш не было такой вайны, якая прынесла столькі ахвяр і гора. Трагедыя заключалася ў масавым знішчэнні насельніцтва – цэлымі народамі, этнасамі, вёскамі і пасёлкамі. На адным з такіх месцаў знаходзімся мы. На жаль іх на Дзятлаўшчыне шмат.

Сёння найперш схіляем галовы перад вызваліцелямі, якія ўратавалі свет ад “карычневай чумы”, аддалі свае жыцці за мір на Зямлі, а таксама перад нявінна забітымі фашысцкімі акупантамі мірнымі жыхарамі.

Наша з вамі задача – захаваць праўдзівую гісторыю, мір, які атрымалі ад нашых дзядоў і прадзедаў у імя будучыні і жыцця наступных пакаленняў.

Пра дзяцей, якія загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў, кранальнымі вершамі ўдзельнікам мітынгу нагадалі навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук.





Пранікнёную песню “Людзі, памятайце” выканала Тамара Ступак.


– Пакуль памятаем мінулае, маем будучыню, – зазначыў Алег Жураўскі, пробашч касцёла Сэрца Пана Езуса ў гарадскім пасёлку Наваельня. – Забітыя, у першую чаргу, людзі, якія былі знішчаны з нянавісці, якой палаў фашызм. Толькі адна нацыя павінна была застацца. Мы стараемся вучыць гэту гісторыю, каб не забыць і захаваць мірнае неба над галавой. Бог нас блаславіць, калі будзем аказваць міласэрнасць адзін аднаму. Няхай сэрцы жыхароў Беларусі будуць сапраўды чулымі, каб мы не страцілі тоеснасці і мелі мір і супакой у жыцці. Калі ён будзе ў сэрцах, то будзе і ў нашых сем’ях, ва ўсёй краіне.


Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да мемарыяла.



























Ірына СТЫРНІК








