Главная » Новости » Лента новостей

Награждением работников КСУП «Гервяты» в районе завершилась акция «Наш животновод»

35

Апошнім пунктам на віншавальнай карце Астравецкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу значыўся КСУП “Гервяты”. Ушанаваннем работнікаў гэтай гаспадаркі завяршылася ў раёне рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”.

Па традыцыі да старшыні раённага камітэта Юрыя Адулы, галоўнага бухгалтара Марыі Станкевіч далучыліся прафсаюзны лідар гаспадаркі Марына Івашка і карэспандэнт газеты.

Думаецца, асобнага прадстаўлення сельгаспрадпрыемства не патрабуе. Многія, і не толькі астраўчане, ведаюць і любяць за натуральны смак гервяцкія тушонкі і ялавічыну. Аднак займаюцца тут не толькі мясной вытворчасцю, але і малочнай.

На працягу апошняга дзесяцігоддзя ў КСУП “Гервяты” робяць значныя ўкладанні ў развіццё жывёлагадоўчай галіны. Пачалі з закладкі новых змяшчальных тэхналагічных ёмістасцей для захоўвання сенажу і сіласу – гэта ў сваю чаргу дазволіла ўзмацніць кармавую базу.

Пазней на тэрыторыі жывёлагадоўчага комплексу арганізавалі цэх па перапрацоўцы рапсу, каб мець жмых для рагуль уласнай вытворчасці і адначасова сэканоміць грошы на набыцці бялковай сыравіны… І на гэтым “гервятцы” таксама не спыніліся.

 

МТК “Сакалойці”

Пагалоўе – 1 112, у тым ліку дойных 789 кароў. Валавы надой за мінулы год – 7 889 кг.


Некалькі гадоў назад на базе звычайнай лінейнай фермы ў Сакалойцях вырас сучасны малочна-таварны комплекс. Пасля выхаду на поўную магутнасць і завяршэння будаўніцтва яшчэ двух жывёлагадоўчых будынкаў гэты МТК стане самым вялікім у раёне. Толькі дойных кароў, без уліку іншых тэхналагічных груп, тут будзе ажно 1 200.

Прафсаюзы адзначылі жывёлавода Дзяніса Варановіча і слесара Пятра Шворака, а іх калегам, у якіх быў выхадны – жывёлаводам Паўлу Кавалеўскаму і Аксане Мешкіс пакінулі Падзячныя лісты і падарункавыя сертыфікаты.

Комплекс па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы

Цэх дарошвання – 2 244 цяляці.

Цэх адкорму – 2 267 галоў.


Гэта адзіны падобны аб’ект на Астравеччыне па сваім функцыянальным значэнні і маштабах. Будаваўся ён у савецкія часы, таму тут не прадугледжана выкарыстанне механізаваных раздатчыкаў. Асабліва гэта тычыцца цэха дарошчвання. Таму ў будынку плануецца грунтоўная рэканструкцыя, каб спрасціць тэхналогію гадоўлі маладняку і аблегчыць працу цялятніцам.

Многія работніцы працуюць не адно дзесяцігоддзе і, па вялікім рахунку, на іх жаночых руках усё і трымаецца.

Ганна Юрго даглядае цялушак. У цэху дарошчвання пра самых маленькіх клапоцяцца Алена Мацко, Наталія Алёкса і Ніна Лукойць. У кожнай цялятніцы свая секцыя, дзе ўтрымліваецца каля 170-180 гадлоў. Малышоў яны гадуюць да 6-ці месяцаў, потым набіраюць новую групу.

Былыя гадаванцы жанчын трапляюць у цэх адкорму да Надзеі ЖакунТаццяны Кацяш і Дзмітрыя Губара.

 

МТК “Газа”

Пагалоўе – 696, у тым ліку дойных 420 кароў. Валавы надой за мінулы год – 11 404 кг.

Пасля пераходу гэтага варнянскага комплексу пад крыло КСУП “Гервяты” на аб’екце адбыліся значныя змены: капітальны рамонт некаторых жывёлагадоўчых памяшканняў, для работнікаў палепшалі ўмовы працы, а для жывёлы – утрымання і кармлення. І вынікі не прымусілі доўга чакаць. Пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што “Газа” – адзіны малочна-таварны комплекс гаспадаркі, дзе ад каровы за мінулы год надаілі звыш 11 тысяч кілаграмаў малака. А гэта ўзровень перадавых малочных гудагайскіх аб’ектаў.

Такі выдатны вынік – плён працы кожнага работніка, у тым ліку падсобнага рабочага Дзмітрыя Тумко і жывёлавода Валерыя Сінкевіча.


Не адзін год на МТК працуе сямейная пара Надзеі і Станіслава Сенюцёў. Жанчына клапоціцца пра цялят, а мужчына сочыць за станам даільнай устаноўкі.

 

МТК “Рымдзюны”

Пагалоўе – 932, у тым ліку дойных 660 кароў. Валавы надой за мінулы год – 9 219 кг.


Аператары машыннага даення гэтага комплексу, у тым ліку Ганна Праўлуцкая і Алена Дзямідчык, неаднойчы станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённага спаборніцтва, вынікі якога звычайна падводзяць на раённым святкаванні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі.

Для многіх працаўнікоў, і не толькі гэтага комплексу, жывёлагадоўля – справа сямейная. Як, напрыклад, для маці і сына Руслана і Лідзіі Марусевых.

А некаторыя прыйшлі сюды выпадкова. У жывёлавода Вадзіма Каптыгіна ёсць вадзіцельскія пасведчанні вадзіцеля і трактарыста. Але да тэхнікі ў маладога чалавека не ляжыць душа, куды больш прыемна даглядаць жывёл.

Аператарам жывёлагадоўчых ферм і механізаваных комплексаў праце Наталля Ямак.

 

МТК “Дайлідкі”

Пагалоўе – 2 810, у тым ліку дойных 813 кароў. Валавы надой за мінулы год – 8 966 кг.

Гэта самая вялізная малочная фабрыка “Гервят”. Яе функцыянаванне ў нечым падобна нада механізма гадзінніка: усё павінна быць дакладна, спраўна і выверана. Так і працуюць трактарысты-машыністы Валерый Весялоў, Станіслаў Барташэвіч, жывёлаводы Валерый Грамбоўскі, Наталля Грудзінская і слесар Аляксей Дзенісевіч.



 

Слова арганізатарам

Юрый Адула, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:

– Падчас правядзення сёлетняй акцыі ўзнагародзілі звыш 80 работнікаў раённай жывёлагадоўлі. Штогод стараемся адзначаць людзей розных прафесій і спецыяльнасцей. У пірамідзе харчовай бяспекі аснову складаюць менавіта работнікі гэтай галіны. Ад іх залежыць, ці будуць заўтра на паліцах нашых магазінаў дзіцячае харчаванне, малочка, мясныя вырабы, хлеб. Словам, жыццёва неабходныя тавары. Дзякуй кожнаму працаўніку за адданасць, стараннасць і плён.

Марына Івашка, старшыня прафсаюзнай пярвічкі КСУП “Гервяты”:

– І з боку наймальніка, і з боку прафсаюзнай арганізацыі прадугледжана ўсебаковая падтрымка нашых работнікаў. У дадатак да зарплаты яны штомесячна бясплатна атрымліваюць па 10-20 банак тушонкі, пры патрэбе – бясплатнае гарачае харчаванне, забяспечаны спецыяльнымі адзеннем і абуткам, маюць магчымасць аздараўляцца і ездзіць на экскурсіі. Неўзабаве адпачываць у санаторый паедуць слесар компплекса па дарошчванні і гадоўлі Яўген Касач і жывёлавод Надзея Сянюць. Як старшыню прафсюзнай пярвічнай арганізацыі мяне радуе, што яны часта звяртаюцца да мяне за парадамі, і не толькі па працоўных пытаннях.

Слова ўдзельнікам

Наталія Алёкса, комплекс па адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы:


– Трыццаць гадоў на адным месцы. Здаецца, шмат, а праляцеў час, як адзін дзень. Не адно дзесяцігоддзе, як і я, тут працуюць і іншыя жанчыны.

Да мяне ў секцыю малышы трапляюць пасля двух месяцаў. Калі ім споўніцца паўгода, быкоў пераводзяць у цэх адкорму, а цялушак – на комплексы.

Прыемна, што прадстаўнікі раённага прафсаюза кожны год пра нас не забываюць.

Лідзія Марусева, МТК “Рымдзюны”:


– Прызнаюся, што люблю, калі прыязджаюць прафсаюзы – увогуле вельмі станоўча адношуся да гэтай арганізацыі. З уласнага вопыту і досведу калег скажу, што яны ніколі не забываюць пра нас, звычайных працаўнікоў.

Напярэдадні дня нараджэння атрымала цудоўны падарунак: мяне прызналі адной з лепшых работніц нашага комплексу і гаспадаркі.

А ў мінулым годзе дзякуючы настойлівым просьбам і прапановам Юрыя Аляксандравіча і Марыны Антонаўны паўдзельнічала ў кастынгу на новы сезон вядомага музычнага тэлевізійнага праекта “Звёздный путь”. Сказаць, што проста хвалявалася – нічога не сказаць! Калені дрыжэлі… Але, відаць, са сваёй задачай справілася, хоць і не прайшла ў наступны тур, – журы да канца выслухала песню ў маім выкананні. Падбіваюць прафсаюзы і сёлета паспрабаваць свае сілы. (Усміхаецца.) Падумаю!

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич

Читайте также: