Главная » Новости » Лента новостей

На ўрачыстым прыёме ў губернатара пабывалі Часлаў Бучынскі і яго дачка Алена Лотах з КСУП “Гервяты”

175

Запрашэнне на ўрачысты прыём, прымеркаваны да Рэспубліканскага тыдня бацькоўскай любові, атрымалі 19 сямей Гродзенскай вобласці. Сярод іх шматдзетныя мамы і таты, бацькі, чые дзеці дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, спорце, творчасці, а таксама прадстаўнікі працоўных дынастый. Астравеччыну на сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам прадстаўлялі патомныя аграрыі з КСУП “Гервяты” Часлаў Бучынскі з дачкой Аленай Лотах.

Не толькі ў Беларусі, але і ў вобласці, гэты тыдзень прымеркаваны да двух важны дат – Дня маці і Дня бацькі. Сустрэчы губернатара з сем’ямі з ўсіх раёнаў Гродзеншчыны сталі добрай традыцыяй Прынёмання.

Уладзімір Каранік адзначыў сімвалічнасць назвы гэтага тыдня, бо любоў – гэта пачуццё, якое прымушае чалавека рухацца наперад, ствараць, імкнуцца быць лепшым, дабрэйшым і пяшчотнейшым. Да віншаванняў далучылася і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

Ніхто з запрошаных у гэты дзень не застаўся без цёплых слоў і падарункаў. Кульмінацыяй свята стала ўручэнне ордэна Маці чатыром жыхаркам Гродзеншчыны, якія нарадзілі і выхоўваюць пяць і больш дзяцей.

– Сустрэча з кіраўніцтвам вобласці пакінула самыя станоўчыя ўражанні. На жаль, мама не змагла паехаць. “Гервяцкую” дынастыю Бучынскіх прадстаўлялі мы з татам, – падзялілася ўражаннямі Алена Лотах. – Пазнавальным было наведванне Гродзенскага Свята-Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра і сустрэчы з яго настаяцельніцай.

Сюрпрызам стаў бесправадны пыласос, які атрымаў тата падчас урачыстасці. Думаю, ён будзе вельмі дарэчы бацькам, асабліва маме. (Усміхаецца.)

Удзячны кіраўніцтву раёна і КСУП “Гервяты” за магчымасць трапіць на такое свята.


Фота з архіва Алены Лотах

Текст: Алёна Ганулич

По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: