На кожную ферму – з падарункамі
Лепшыя работнікі жывёлагадоўлі Дзятлаўшчыны атрымліваюць узнагароды ў межах раённага этапу рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод”.
Гэтым разам у КСУП “Жукоўшчына” завіталі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Ярмаш. Разам з кіраўніком прафсаюзнага камітэта Вольгай Аўхім яны наведалі фермы “Погіры”, “Зачэпічы”, “Краглі”.


– Жывёлагадоўля – выніковы этап, фініш сельскагаспадарчага працэсу любога раёна. Працаўнікі вашай сферы пры грунтоўнай падтрымцы раслінаводства забяспечваюць валавы прадукт, які дазваляе эканоміцы раёна паспяхова развівацца, – адзначыў Уладзімір Фёдаравіч. – Дзякуй за сумленную працу і адказнасць! Жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў і дастойных заробкаў. Прафсаюзны камітэт і надалей будзе прыкладваць намаганні для стварэння камфортных і бяспечных умоваў працы, адзначаць вашы вытворчыя поспехі ўзнагародамі.





Грашовымі прэміямі ад раённага прафсаюза АПК былі адзначаны жывёлаводы Яраслаў Баран і Ганна Ванькова, аператары машыннага даення Ларыса Сямчонак і Наталля Аўсянік, брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлаводстве Анастасія Агурцова.




Акрамя таго, калектывы жывёлагадоўчых аб’ектаў атрымалі ад прафсаюзаў электрапрыборы для бытавых памяшканняў – мікрахвалевую печ, электрычны чайнік, абагравальнікі.
Наталля АВЯРЧУК








