Главная » Новости » Лента новостей

На комплексе стала сваёй. Малады спецыяліст ААТ “Васілішкі” заатэхнік Дзіяна Курута расказала аб сваіх першых месяцах на працоўным месцы

310

Пачатак прафесійнага шляху маладога спецыяліста ААТ “Васілішкі” Дзіяны Курута звязаны з жывёлагадоўляй. Дзяўчына ўжо чатыры месяцы працуе заатэхнікам-селекцыянерам на малочнатаварным комплексе “Галавічполе” і за гэты час сваім старанным падыходам да справы зарэкамендавала сябе як добры спецыяліст. Маладую калегу хваляць старэйшыя работнікі комплексу. І самае цікавае, што пражыўшая ўсё жыццё ў горадзе Дзіяна добра ўпісалася ў калектыў і ўжо стала сваёй на комплексе.

 

Дзіяна родам з Гродна. Як прызнаецца дзяўчына, для сваёй сям’і яна ў нейкім сэнсе стала першапраходцам у сельскай гаспадарцы, бо ніхто да яе з гэтай сферай звязаны не быў.

 

– Звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай вырашыла ў адзінаццатым класе, – расказвае Дзіяна Курута. – Паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Выбірала паміж рознымі спецыяльнасцямі, але ўрэшце вырашыла спыніцца на заатэхніі. Мяне прыцягнулі прыярытэты гэтай працы, а таксама патэнцыял кар’ернага росту.

 

 

У абавязкі Дзіяны ўваходзіць правядзенне падбору і адбору жывёлы для паляпшэння пародных паказчыкаў, што ў сваю чаргу павялічвае якасць прадукцыі і эфектыўнасць яе вытворчасці. Такая работа ўключае ў сябе правядзенне разнастайных даследаванняў і вядзенне падрабязнай дакументацыі. На сваёй пасадзе маладая дзяўчына кантралюе работу асемянатара і ветурача-гінеколага. Менавіта ад зладжанай працы іх звяна залежыць якасць пагалоўя на комплексе.

 

Для кожнага маладога спецыяліста, незалежна ад сферы дзейнасці, важна падтрымка ад дасведчаных настаўнікаў. І з гэтым у Дзіяны ўсё добра. Яе работу курыруюць галоўны заатэхнік, кіраўніцтва комплексу, а таксама іншыя калегі. Усе стараюцца дапамагчы засвоіцца на новым месцы.

 

 

– Я акружана добрым і дружным калектывам, – прызнаецца Дзіяна. – Мне тут не толькі камфортна працаваць, але нават утульна. З упэўненасцю магу сказаць, што тут створаны выдатныя ўмовы для развіцця маладога спецыяліста. Веды і навыкі, якія я атрымліваю тут, дапамагаюць расці ў прафесійным плане. Старэйшыя калегі стараюцца накіраваць, падказаць, галоўнае, што ніхто ніколі не пакіне ў бядзе. Я высока цаню свой калектыў за гэта. Да размеркавання, па шчырасці, крыху баялася, што буду ў гаспадарцы як маленькае птушаня, якому прыйдзецца разбірацца з мноствам складанасцяў на першым працоўным месцы. Але мне пашанцавала, бо трапіла ў выдатную гаспадарку, працую на добрым комплексе, таму я задаволена.

 

Па словах Дзіяны, выкладчыкі аграрнага ўніверсітэта высока ацэньваюць поспехі ААТ “Васілішкі”, таму гаспадарка сярод студэнтаў лічыцца адным з лепшых месцаў для паспяховага старту кар’еры.

 

 

– У мяне былі добрыя балы, і я магла сама выбраць месца для размеркавання. Адным з галоўных крытэрыяў для мяне была блізкасць да Гродна. Потым, вядома, старалася выбраць добрыя ўмовы працы. Васілішкі былі ў выпускнікоў “на слыху”. Нашы выкладчыкі расказвалі пра тэхналогіі, якія тут выкарыстоўваюцца, і ўвогуле высока ацэньвалі гаспадарку. Таму размеркавалася менавіта сюды і выбарам задаволена.

 

Зараз дзяўчына жыве ў Васілішках, гаспадарка выдзеліла ёй камфортны пакой у інтэрнаце. Арганізаваны транспарт да месца працы. Па выхадных Дзіяна ездзіць дамоў у Гродна. Як адзначае малады спецыяліст, галоўная мэта для яе зараз – развівацца ў прафесіі.

 

 

– Не буду хлусіць, спачатку хвалявалася, што мне можа не спадабацца праца на комплексе, – кажа Дзіяна Курута. – Многія баяцца, што тут цяжкая праца ў кепскіх умовах. Хаця на самой справе працаваць тут камфортна ды і заробак добры, мне падабаецца. Таму я на сваім уласным жыццёвым досведзе ўпэўнілася, што ў вёсцы і ў сельскай гаспадарцы можна мець добрую працу і камфортна жыць.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник

Читайте также: