Па традыцыі апошніх гадоў падчас касавіцы райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ладзіць працоўнае спаборніцтва сярод занятых на корманарыхтоўцы механізатараў і вадзіцеляў. Пераможцы працоўнага конкурсу атрымалі Падзякі і падарункавыя сертыфікаты.
Са старшынёй райкама Юрыем Адулам і галоўным бухгалтарам Марыяй Станкевіч перадавікоў віншавалі і прафсаюзныя лідары гаспадарак Ганна Налівайка і Ірына Мацкела.
Па ўмовах спаборніцтва пераможаў у розных намінацыях, у залежнасці ад віду агратэхналагічных работ, вызначалі не па зробленых на першым укосе аб’ёмах, а па выкананай сярэдняй норме за дзень. Пры гэтым на касавіцы працаўнік павінен адпрацаваць не менш 5-ці дзён. Майстэрства у чарговы раз прадэманстравалі добра вядомыя ў раёне механізатары і вадзіцелі, у тым ліку і маладыя.
У трох намінацыях перамогу святкавалі механізатары КСУП “Гудагай”. Сярод камбайнераў кормаўборачных комплексаў роўных не было Сяргею Урліку: за 22 дні нарыхтаваў звыш 6 500 тон травы. Нагадаю, што малады чалавек не ўпершыню перамагае ў раённым спаборніцтве; яго партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару, а летась на абласным свяце работнікаў сельскай гаспадаркі “гудагайскага” механізатара назвалі лепшым корманарыхтоўшчыкам вобласці. Па словах Сяргея, лёсавызначальным для яго стаў 2007 год, калі з Віталем Мілэйшам яны занялі 3-е месца ў вобласці сярод маладзёжных экіпажаў.
– За ўсе гады, што працую ў КСУП “Гудагай” не ўзгадаю такіх зашулівых вясны і лета. У полі працуем да вечара, каб зялёны канвеер не спыняўся, – расказаў Урлік.
Сяргей Трусевіч – лепшы на адвозцы зялёнай масы трактарам – таксама талковы адказны малады чалавек. За 13 дзён ён перавёз 1 240 тон масы. Пазалетась па выніках пасяўной кампаніі хлопец стаў лепшым сейбітам раёна, а ў мінулым годзе ён з напарнікам першымі на Астравеччыне сярод моладзі ўзялі жаданую тысячу тон збожжа і занялі 1 месца сярод маладзёжных экіпажаў Гродзеншчыны.
Механізатара заспелі за ворывам.
– Гэты ўчастак рыхтую пад сяўбу траў. Вільгаці катастрафічна не хапае – самі бачылі, як пыліць, – расказаў Сяргей. – Хутка пачнецца жніво. Збажыну буду абмалочваць на новым камбайне айчыннай вытворчасці КЗС-1218.
Штосезон і на касавіцы, і на ўборцы прэсаваннем на падборшчыку “Тарнада” займаецца Генадзь Змітровіч. Рроўных яму ў гэтай справе не было і на першым укосе. За 8 дзён механізатар абматаў звыш 626 тон “зялёнкі”. Да слова, гэта далёка не першая перамога “гудагайца” у намінацыі “Абмотка травы ў стрэйч-плёнку”.
Кампанію “гудагайцам” склалі і механізатары з іншых гаспадарак. Сяргея Сташко з КСУП “Міхалішкі” ў гэтым сезоне прызналі лепшым касцом. За 17 дзён мужчына паклаў травы ў пракосы на 1 040 гектарах.
Сярод вадзіцеляў МАЗаў самым спрытным быў Аляксандр Кіндзер з КСУП “Варняны”, які перавёз з поля да ёмістасцяў для захоўвання травяністых кармоў за 9 дзён 464 тоны. У дзень прыезду прафсаюзных лідараў раённай сельскай гаспадаркі мужчына быў у адпачынку. Таму заслужаную ўзнагароду яму перададуць пазней.








