Главная » Новости » Лента новостей

На Астравеччыне абмеркавалі, як будаўніцтва і рэканструкцыя МТК уплываюць на малочную вытворчасць

301

01.jpg

Якія навуковыя распрацоўкі ўкараняюцца ў сельгасвытворчасць на Астравеччыне і хто гэта робіць, ці можна атрымаць гатунак экстра на невялікіх малочна-таварных фермах і як гэта зрабіць, у чым перавагі праграмы кіравання статкам “Юніформ” – розныя тэмы абмяркоўвалі намеснікі начальнікаў упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання Гродзеншчыны ў Астравецкiм раёне.

Пляцоўкамі невыпадкова абралі дзве наймацнейшыя гаспадаркі: КСУП “Гудагай” і “Гервяты”, таму што семінар быў прысвечаны будаўніцтву і рэканструкцыі малочна-таварных комплексаў і ферм з мэтай павелічэння вытворчасці якаснай таварнай прадукцыі.

Першым аб’ектам, які наведала абласная дэлегацыя, стаў МТК “Смілгі” – самы сучасны комплекс у раёне. Зазначу, што ён пабудаваны не па тыповым праекце, а па індывідуальным – з улікам многіх жывёлагадоўчых нюансаў. Праект КСУП “Гудагай” па будаўніцтве гэтага малочнага гіганта прайшоў конкурсны адбор і трапіў у лік лепшых у рэспубліцы – на яго рэалізацыю гаспадарка атрымала дзяржпад трымку, а таксама ўклала 2 мільёны ўласных сродкаў. Узвядзенне пачалося ў 2020 годзе, а напачатку снежня мінулага года МТК пачаў працаваць.

Дырэктар КСУП “Гудагай” Эдуард Садоўскі расказаў пра сваю гаспадарку, вынікі работы жывёлагадоўлі за мінулы год і падзяліўся планамі.

– Працягваецца будаўніцтва комплексу на тэрыторыі фермы “Кярняны”. Можна сказаць, нам пашчасціла – і мы ўскочылі ў апошні вагон: у снежні па рэспубліканскай праграме субсідзіравання атрымалі на гэтыя мэты крэдыт. За ўласныя сродкі набылі малочнае абсталяванне. Тады яно каштавала каля 880 тысяч беларускіх рублёў, цяпер, для параўнання, – 1 мільён 900, – адзначыў кіраўнік “Гудагая”. – Любую пакупку, любое ўкладанне пралічваем наперад з пункту гледжання эканамічнай эфектыўнасці. Стараемся ісці ў нагу з сучаснымі тэхналогіямі. Атрыманне канкурэтназдольнай сельгаспрадукцыі без навейшых інфармацыйных распрацовак немагчыма.

03.jpg

З апошніх такіх навінак – камп’ютарная сістэма кіравання прыгатаваннем кармоў “КОРМ”, якая напрыканцы мінулага года з’явілася на МТК “Малі”, потым – у “Смілгах”. Праграма напрамую звязана з самаходным кормараздатчыкам Siloking. Па-першае, зручна рэгуляваць рацыён розных груп. Па-другое, анлайн бачны перамяшчэнні машыны па комплексе, дзеянні і аперацыі, можна паглядзець статыстыку за месяц, тыдзень, дзень.

Акрамя гэтага, у “Смілгах” ёсць унікальная даільная ўстаноўка “Апола” вытворчасці кампаніі “Геа”. Гудагайскі комплекс – першы ў раёне і адзін з нямногіх у краіне, дзе ёсць падобнае малочнае абсталяванне. У гэтым устройстве аб’яднаны тэхналогія аўтаматычнай апрацоўкі саскоў напрыканцы дойкі прама ў даільным стакане і аўтаматычная прамыўка і дэзынфекцыя апарата яго зняцця.

Пра тэхналагічныя асаблівасці ўтрымання і кармлення сухастойных кароў, вырошчванне маладняку расказаў галоўны заатэхнік КСУП “Гудагай” Віктар Алёкса, а галоўны эканаміст гаспадаркі Ірына Юцкевіч – пра аплату працы работнікаў МТК “Смілгі”. Іх заробак (сярэдні па гэтым комплексе – 2 тысячы рублёў) на 60% складаецца з прэміяльных, што ў сваю чаргу стымулюе людзей працаваць якасна і адказна.

02.jpg

Пабывалі госці і на малочна-таварнай ферме “Дравянікі”, дзе ўсё малако атрымліваюць гатункам экстра. Наведалі ўдзельнікі семінара і КСУП “Гервяты”, дзе азнаёміліся з рэканструкцыяй МТК “Газа” і даведаліся пра будаўніцтва новага малочна-таварнага комплексу ў Сакалойцях.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
 
Па матэрыялах газеты"Астравецкая праўда"

Читайте также: