Главная » Новости » Лента новостей

На Ашмяншчыне працягваюць віншаваць лідараў жніва

235

З кожным днём на Ашмяншчыне растуць паказчыкі ўборачнай кампаніі – спрыяе гэтаму сонечнае надвор’е, руплівая праца хлебаробаў, забяспечанасць тэхнікай і палівам. Бадай, найважнейшую ролю, як заўсёды, адыгрываюць старанныя рукі аграрыяў. Дарэчы, колькасць працаўнікоў, якім скарыўся тысячны рубеж па намалоце зерня і яго адвозцы, штодня павялічваецца.

Шэрагі герояў жніва папоўніў экіпаж Аляксандра Кошчыца і Генадзя Дакурны з КСУП “Гальшаны”. У тандэме мужчыны працуюць трэці год – іх зладжанасць і мэтанакіраванасць адчуваюцца.

Аляксандр Кошчыц – камбайнер са стажам, у гаспадарцы ён – ужо дваццаць год. За гэты час паспеў перасесці з зернеўборачнай машыны “Ліда-1300” на больш магутны камбайн “Палессе 3219” і адчуць перавагі апошняга. Спалучэнне высокай хуткасці ўборкі і ўніверсальнасці дазваляюць у аптымальны тэрмін спраўляцца з галоўнай задачай – якасна і своечасова ўбіраць зерне.

З прыемнай місіяй – уручэннем заслужаных узнагародаў лідарам – накіроўваемся на поле ля Гальшанаў. Тут ідзе ўборка мядова-спелых калоссяў пшаніцы. Павіншаваць камбайнераў з першай тысячай тон намалочанага збожжа прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Андрэй Гардзей, кіраўнік КСУП “Гальшаны” Міхаіл Скаржынскі, прадстаўнік райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аксана Людкевіч.

Акрамя кветак і падзякі за добрасумленную, плённую працу, хлебаробы атрымалі грашовыя сертыфікаты.

На працяглую гутарку ў лідараў у гэту гарачую пару часу няма – кароткі перапынак для віншаванняў і фотаздымка скончаны, і камбайнеры зноў спяшаюцца ў поле.

А наш шлях ляжыць у бок вёскі Чуркі – тут на адвозцы зерня задзейнічаны вадзіцель КСУП “Гальшаны” Вацлаў Чаплінскі. Ён — таксама перадавік. Сёлета на яго рахунку ўжо ёсць тысяча тон перавезенага зерня.

— Цяжка падлічыць, колькі тысяч тон я намалаціў і перавёз за пяцьдзясят год, што працую ў сельскай гаспадарцы, — адзначае Вацлаў Аўгусцінавіч. – Напэўна, больш за 40 тысяч. Хапіла б, каб накарміць не толькі ўсю сям’ю, але і суседзяў, — жартуе мужчына. — Амаль штогод быў у лідарах, бо ніколі не шкадаваў сіл – ад цямна і да цямна на працы. Нават зараз, на пенсіі, не ўяўляю сябе без любімай справы.

У свой час Вацлаў Чаплінскі трыццаць сезонаў адпрацаваў у якасці камбайнера, яшчэ дванаццаць – задзейнічаны на адвозцы зерня. Вось і ў гэты раз падзякі за актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі і віншаванні ад першага намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Гардзея, кіраўніка гаспадаркі Міхаіла Скаржынскага, прадстаўніка райкама прафсаюза работнікаў АПК Аксаны Людкевіч ён прымаў на працоўным месцы. Справа не церпіць – час збіраць ураджай.

Людміла РЫБІК.

По материалам газеты "Ашмянскі веснік"

Читайте также: