Главная » Новости » Лента новостей

МТК “Малі” – адзіны ў раёне комплекс, дзе “меню” рагулям распрацоўвае камп’ютар

148

Не перастаю здзіўляцца і захапляцца малочным флагманам раёна – КСУП «Гудагай» і яго кіраўніком Эдуардам Садоўскім. За апошнія некалькі гадоў тут пабудавалі сучасны малочна-таварны комплекс; літаральна праз год узялі ў арэнду МТК «Кярняны» КСУП «Варняны», які пасля завяршэння будаўніцтва і рамонтных работ па аснашчанасці і магутнасці не будзе саступаць свайму «брату» ў Смілгах. Не забываюць тут і пра мадэрнізацыю невялікіх малочна-таварных ферм і ўкараненне новых тэхналогій у сельгасвытворчасць. 
З апошняга – камп’ютарная сістэма кіравання прыгатаваннем кармоў «КОРМ», якая два месяцы назад з’явілася на МТК «Малі». Чым не падстава зазірнуць на комплекс, работнікі якога першымі асвоілі разумную «кармавую» праграму.  

– У нас 33 работнікі. Усцешана калектывам. Калі трэба кагосьці падмяніць, дапамагчы – пытанняў не ўзнікае. Ніхто ніколі не сказаў: не пайду ці не буду, – расказвае пра калег начальнік комплексу Вольга Яцэнка. – Даяркі – Ірына Расамацкая, Ірына Вядэйка, Таццяна Кулевіч, Таццяна Лучынская, Марына Юркойць, Кацярына Вайцяховіч  – працуюць у тры змены па парах дзень праз два. Дзве з іх прыйшлі нядаўна, але выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі і хутка сталі сваімі. Віктар Бухвалаў нядаўна працуе аператарам па абслугоўванні малочнага абсталявання – на яго работу нараканняў няма. Называць прозвішчы магу яшчэ доўга… Мы розныя па ха­рактары, тэмпераменце, але мы – адна каманда. Упэўнена, што агульнымі нама­ганнямі і з дапамогай сістэмы кіравання кармамі паўтарым вынік 2021-га ці хоць бы вый­дзем на 10 тысяч…

IMG_0721.jpg

Начальнік МТК «Малі» Вольга Яцэнка ў сельскай гаспадарцы з 1991 года. Пачынала на ферме ў Палушах, доўгі час была яе загадчыкам, узначальвала ферму ў Кялёйцях, працавала галоўным заатэхнікам. З сакавіка 2013-га – гас­падыня мальскага комплексу. У 40 гадоў ажыццявіла даўнюю мару і атрымала (бясплатна!) вы­шэй­шую профільную адукацыю ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі.

Пра ноу-хау 
Атрыманне канкурэнтаздольнай сельска­гаспадарчай прадукцыі без навейшых інфармацыйных тэхналогій немагчыма. Нездарма кажуць: перамагае не той, хто першым вынайшаў, а той, хто першым укараніў распрацоўку ў вытворчаць. Гэта аксіёма найлепш характарызуе «гудагайцаў», якія сталі карыстацца сістэмай кіравання прыгатаваннем кармоў «КОРМ». 
– Ініцыятыва належыць нашаму дырэктару Эдуарду Садоўскаму. На жывёлагадоўчым семі­нары, здаецца, у Солах на комплексе ён даведаўся пра гэтую камп’ютарную праграму і вырашыў, што такая ж павінна быць у нас. Планавалася, што «КОРМ» будзе функцыянаваць на базе самага сучаснага ў раёне комплекса «Смілгі», але падвёў тамтэйшы слабы інтэрнэт. Таму нам, можна сказаць, пашанцавала. Хоць, прызнаюся, навінку ўспрыняла з недаверам, – з усмешкай расказвае начальнік МТК «Малі» Вольга Яцэнка. 
Два месяцы – невялікі тэрмін, каб рабіць высновы. Тым не менш, Вольга Яцэнка і яе памочнік Ганна Ушко ў адзін голас сцвярджаюць, што камп’ютарная сістэма кіравання прыгатаваннем кармоў значна спрасціла работу ў гэтым накірунку. 
– Праграма напрамую звязана з корма­раздат­чыкам «Матрыкс-17В» – набылі яго ў беларускай кампаніі «Біякам Тэхналогія». Машына  сама загружае і змешвае неабходныя кампаненты, – да размовы далучылася Ганна Ушко, якая на комплексе курыруе кармленне жывёлы. – Па-першае, зручна рэгуляваць рацыён розных груп. Па-другое, не трэба кантраляваць трактарыста: у рэжыме анлайн бачны яго перамяшчэнні па комплексе, дзеянні і аперацыі. Калі напрыклад, ён не дадаў ці, наадварот, раздаў больш сумесі, сістэма паведамляе спецыфічным сігналам. Віктар Ражко, не выходзячы з кабіны раздачыка, ведае, што недзе адбыўся збой. 

IMG_0732.jpg

Ганна Ушко – правая рука начальніка комплексу. Жанчына працавала паляводам, даяркай. Тагачасная загадчыца Люцыя Драцкая заўважыла яе ўменне трымаць дысцыпліну, хуткасць і кемлівасць і ўзяла да сябе ў памочнікі. 

Аддалены доступ да праграмы мае і галоўны заатэхнік гаспадаркі Віктар Алёкса. Спецыяліст на адлегласці ў любы момант можа прасачыць працэс кармлення на МТК «Малі». 
– У праграме фіксуецца, колькі і якіх кармоў атрымала тая ці іншая група. Гэта спрашчае карэкціроўку рацыёну, – тлумачыць Вольга Яцэнка. – Напрыклад, раніцай у аднаго з гуртоў на кармавых сталах засталася сумесь. З улікам гэтага ў праграме карэктуем дзённы рацыён для гэтых кароў.
Дарэчы, у розных груп жывёл рознае «меню». Цялушкі дарошчвання і аднаўлення хар­чуюцца два разы на дзень, сухастойныя – адзін, а чатыры групы высокапрадукцыйных кароў, якія за суткі даюць звыш 35-ці кілаграмаў мала­ка, атрымліваюць сумесь чатыры разы ў суткі. 
Ганна Ушко адкрывае праграму і паказвае, што сёння ў «меню» ў самых малочных рагуль – а гэта 277 галоў.
– Раніцай усе гэтыя каровы атрымліваюць 20% ад дзённага рацыёну – ці 4 169 кілаграмаў сумесі. На адно кармленне ўсёй групы трэба 23 кілаграмы раскісляльніку, 829 – камбікорму, 75 – патакі, 754 – сенажу, 75 – саломы, 2 413 – сіласу, – падсумавала памочнік начальніка комплексу. 
Уявіце сабе: адзін раздатчык корміць увесь ком­плекс. А для змешвання сумесі яму патрэбна ўсяго 3 (!) хвіліны. 
– Акрамя гэтага, у многіх памяшканнях ёсць камеры відэаназірання, – расказвае пра іншыя навінкі Вольга Яцэнка. – Некалькі гадоў назад атрымалі новы невялікі трактар для падсоўвання кармоў, раней гэтую работу выконвалі чатыры жывёлаводы. А на днях на комплексе з’явіўся новы трактар для выдалення гною. Ва ўсіх жывёлагадоўчых памяшканнях зрабілі падагрэў паілак, таму нават 30-ціградусны мароз нам не страшны. 

Пра комплекс 
На пачатак года на МТК утрымлі­ваецца 1 760 галоў, у тым ліку 685 дойных кароў. У «Малях», як і на большасці гудагайскіх комплексаў, практыкуецца закрыты цыкл узнаўлення статку: усе рагулі сваёй гадоўлі. 
– Бычкоў гадуем да 2-3 месяцаў, потым адпраўляем на дарошчванне ў Ліпнішкі, Ізабеліна і на іншыя фермы. Цялушкі застаюцца ў нас, – расказвае  пра самых маленькіх жыхароў комплекса Вольга Яцэнка. – Цяляты сфарміраваны ў групы, як малышы ў дзіцячым садку: яслі, сярэдняя, старэйшая.
Пасля нараджэння ў першыя некалькі гадзін цяля абавязкова трэба выпаіць малозівам, каб у арганізаме з’явіліся імунаглабуліны. Іх наяўнасць правяраюць з дапамогай лабараторнага аналізу ў райветстанцыі. Па кожным малым вядзецца ўлік: хто з працаўнікоў яго прыняў, у колькі гадзін напаілі малозівам – усе звесткі фіксуюцца. 
– За мінулы год атрымалі 895 галоў прыплоду, у сярэднім за месяц – 75. Гэта добры паказчык, – тлумачыць Вольга Чаславаўна. – Амаль 300 цялятак узростам да трох месяцаў утрымліваюцца ў прафілакторыі. Іх, як уласных дзяцей, даглядаюць Жанна Эсцяровіч, Алена Бейнер, Ала Бычкоўская і Алеся Бухвалава. Прыйшлі яны з розных сфер – былы прадавец, выхавальнік дзіцячага садка, заатэхнік. Але сваё прызванне, упэўнена, яны знайшлі тут. 
– У дзяўчат ёсць любімцы, якія маюць мянуш­кі, – удакладняе Ганна Вацлаваўна. – Так, напрыклад, быў у нас Сямён Сямёнавіч, ёсць Муся, якая хутка стане мамай. Калі дзяўчаты заходзяць у кароўнік і паклічуць каго са сваіх былых гадаванцаў, тыя абавязкова адгукнуцца. 
У «Малях» упэўнены, што добрая рагуля пачынаецца з цялушкі. Самыя высокапрадукцыйныя каровы даюць 36-37 кілаграмаў малака, першацёлкі – па 29. 
На комплексе практыкуецца трохразовае даенне: з 4.30 да 10.30,  з 12.00 да 16.00, з 18.00 да 24.00, праўда, не ўсіх груп. 
– Бяспрэчна, работа даярак цяжкая, – гаворыць гаспадыня комплексу. – І справа нават не ў тым, што цэлы дзень на нагах – трэба па  толку ўсё зра­біць: апрацаваць вымя да дойкі і пасля яе, абцерці, здаіць першы струмень... 
Сярэднясутачны надой на комплексе складае 30 кілаграмаў. Штодзень на «Смаргонскія малочныя прадукты» адпраўляецца амаль 20 тон малака гатункам экстра. Яго таварнасць дасягае 94% і больш.
– За  2021 год сярэдні надой ад каровы склаў 9 725 кілаграмаў, пазалетась надаілі звыш 11 тысяч. Тады наша звяно аператараў машыннага даення заняло першае месца ў вобласці сярод комплексаў. Нас запрасілі на ўрачыстую цырымонію ўшанавання лепшых работнікаў сельскай гаспадаркі Гродзеншчыны, – узгадвае начальнік комплексу. – Веру, што на канец гэтага года надой ад каровы наблізіцца да 10 з палавінай тысяч кілаграмаў малака. Ва ўсякім выпадку, будзем да гэтага імкнуцца.

IMG_0757.jpg

Жывёлавод Валянціна Лукша даглядае цялушак. Хоць усе да­дзеныя фіксуюцца ў камп’ютары, працаўніца па ўласнай ініцыятыве ад рукі вядзе ўлік сваіх падапечных і пазначае ў сшытку важныя звесткі. 

IMG_0750.jpg

Зыгмунд Лукашэвіч некалькі гадоў працуе на комплексе. Да гэтага мужчына шчыраваў на сенакосе і неаднойчы прызна­ваўся адным з лепшых корма­нарыхтоўшчыкаў вобласці.

IMG_0736.jpg

Ад жывёлавода да заатэхніка-селекцыянера дарос Андрэй Сячынскі. На мальскай ферме мужчына з маленства і ў іншай сферы сябе не ўяўляе. «Хоць ноччу мяне рабудзі і запытай, дзе якая карова стаіць, адкажу, не задумваючыся», – гаворыць спецыяліст. У 2019 годзе Андрэя Сячынскага прызналі лепшым заатэхнікам-селекцыянерам вобласці. 

IMG_0761.jpg

Сплаў маладосці і вопыту: прыгожае трыа ў асобах аператараў машыннага даення Кацярыны Вайцяховіч, Таццяны Кулевіч і Марыны Юркойць ( на фота злева направа)

IMG_0749.jpg

На працягу сямі гадоў жывёлаводы Юрый Казырскі (стаж – 25 гадоў) і Іван Мі­халоўскі даглядаюць дойны статак: чысцяць лёжкі, падсцілаюць сало­му, наводзяць парадак у кароўніку. 

 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алена Ганулич
 
Па матэрыялах газеты "Астравецкая праўда"