Главная » Новости » Лента новостей

МТФ “Саваўшчына” філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” выйшла ў лідары працоўнага спаборніцтва

231

МТФ “Саваўшчына” філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” адна з самых перадавых не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Летась тут ад кожнай рагулі атрымалі 8394 кілаграмы малака, што вывела гэту малочнатаварную ферму ў лідары працоўнага спаборніцтва.

– На працягу апошніх гадоў мы паспяхова павялічвалі сярэднясутачны надой малака, і сёння на нашай ферме ён складае 22,5 кілаграма, – зазначае загадчык МТФ “Саваўшчына” Віталій Эйсмант. – Сёлета плануем павысіць гэты паказчык да 24 кілаграмаў малака, што дазволіць нам ад кожнай каровы да канца года атрымаць 8750 кілаграмаў малака. Упеўнены, абавязкова здзейснім задуманае!

Зараз на ферме “Саваўшчына” ўтрымліваецца звыш 610 галоў статка, у тым ліку 185 дойных кароў. Апошнія знаходзяцца на свабодным выгуле. Жывёла забяспечана якаснымі кармамі ўласнай вытворчасці. У рацыён уваходзяць сянаж, сілас, сена, камбікорм, мел, соль, шрот і патака. Маладняк на ферме кормяць уручную. Нованароджаных цялятак, якіх на два тыдні змяшчаюць у індывідуальныя домікі, а пасля пераводзяць на групавое ўтрыманне, першыя два месяцы выпойваюць малаком з канцэнтратамі, потым прывучаюць да грубых кармоў. Бычкоў у паўгадовым узросце адпраўляюць на адкорм на ферму “Вялікае Сяло”, а цялушак, калі тыя дасягаюць вагі 370-380 кілаграмаў – на ферму “Баяры Жалудоцкія”, дзе яны пакрываюцца і вяртаюцца назад. У месяц на гэтым вытворчым аб’екце нараджаюцца 20-25 цялят.

Штодзённа на МТФ “Саваўшчына” надайваюць 4 тоны малака, звыш 82% якога здаюць на перапрацоўку ў Шчучынскі філіял ААТ “Малочны Мір” сортам “экстра”, а астатняе – вышэйшым гатункам.

– Сакрэт поспеху ў зладжанай рабоце ўсяго калектыву, які налічвае 20 чалавек, – дзеліцца Віталій Іванавіч. – Усе яны – вопытныя работнікі з сур’ёзным стажам, якія па-сапраўднаму любяць выбраную прафесію і працуюць з поўнай аддачай. Таму і справа ладзіцца!

На МТФ “Саваўшчына” за рагулямі сочаць два вопытныя аператары машыннага даення – Аліна Марцінкевіч і Алена Раманоўская. Ёсць на ферме і падменная даярка – Алена Кісялёва, якая таксама бездакорна выконвае свае абавязкі. Праз іх умелыя працавітыя рукі ў суткі праходзіць звыш 180 рагуль, улічваючы, што тут дояць кароў двойчы ў дзень – раніцай і вечарам. Для гэтага на ферме выкарыстоўваюць дзве паралельныя даільныя лініі, якія за раз здольны прыняць 12 жывёл. Аператары машыннага даення добра ведаюць рагуль не толькі па мянушках, але па звычках і індывідуальным характары.

Якасць малака – пытанне першараднай важнасці, гэта добра ведае лабарант Антаніна Корка, якая працуе на МТФ “Саваўшчына” ўжо пятнаццаць гадоў. За здароўем рагуль пільна сочыць ветурач Аляксандр Жлаба, які штодзённа праводзіць агляд жывёлы. Старанна працуюць слесары Ігар Шчытко і Станіслаў Бернат, пастухі Уладзімір Урбановіч і Ян Ханько, даглядчыцы Алена Дрэка, Алена Славінская і многія іншыя. Усіх аб’ядноўвае праца і імкненне дабіцца высокіх паказчыкаў.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

Па матэрыялах "Дзянніца"

Читайте также: