Міхаіл Гадунка з КСУП “Гервяты” грузіць кармы амаль на ўсё пагалоўе гаспадаркі
– Родам я з Украіны, з Ровенскай вобласці. Калі быў хлапчуком-падлеткам, бацькі пераехалі на Астравеччыну, у Гервяты. Пасля службы ў арміі прыйшоў у гаспадарку – па гэты дзень тут і працую. Жанаты, з Ірынай выгадавалі дваіх сыноў, – сціпла ў некалькіх словах расказаў сваю біяграфію мужчына.
Першы трактар, які даверылі Міхаілу Гадунко, быў Т-150. Праз некаторы час маладому, але стараннаму механізатару ўручылі ключы ад новенькага МТЗ-1523.
– І араў, і культываваў глебу. Гадоў дзесяць назад нават узяў адно з прызавых месцаў у конкурсе прафесійнага майстэрства аратых, – узгадвае мужчына. – Больш чым за 30 гадоў працаваў на розных сельгасмашынах, напрыклад, на пагрузчыку з тэлескапічнай стралой, а апошнія 10 гадоў гружу кармы «Амкадорам».
Як і большасць мужчын, Міхаіла Леанідавіча вабіць тэхніка.
– Асаблівы мой гонар – савецкі матацыкл «МТ-Днепр» 1975 года выпуску. У Астравецкім раёне, напэўна, такія яшчэ ёсць – а вось у гервяцкай ваколіцы толькі ў мяне. Тэхніку любіць трэба і даглядаць, тады і яна без паломак служыць будзе, – зазначыў механізатар.