Главная » Новости » Лента новостей

Матуля – лепшае званне на Зямлі

117

Напярэдадні самага вясновага свята – Міжнароднага жаночага дня - члену прафсаюза работнікаў АПК уручылі ордэн Маці, 51-ы ў Дзятлаўскім раёне.

Згодна з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі № 70 ад 23 лютага аб узнагароджанні ордэнам Маці жанчын за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей высокай дзяржаўнай узнагародай была адзначана жывёлавод МТК “Касцюкі” ААТ “Граніт-Агра” Анастасія Аўсянік, якая прыехала на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна разам са сваёй вялікай сям’ёй – мужам Сяргеем Аляксандравічам і пяццю дачушкамі.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі павіншаваў маладую шматдзетную матулю з важнай падзеяй.

– Ордэн Маці – заслужаная і самая ганаровая ўзнагарода ў жыцці кожнай жанчыны, бо няма нічога найважнейшага ў свеце, чым дарыць новае жыццё, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Прыемна адзначыць той факт, што вы, маладыя бацькі, прынялі правільнае рашэнне прысвяціць жыццё сваім дзецям, падтрымліваючы важную хрысціянскую ісціну: у жыцці трэба сябе аддаваць іншым. Прыміце шчырыя словы ўдзячнасці і павагі за тое, што вы нарадзілі і дастойна выхавалі пяцярых дзяцей.

У гэты дзень было многа жадаючых павіншаваць шчаслівую матулю. З падарункамі і цёплымі словамі віншаванняў да вялікай сям’і Аўсянікаў звярнуліся адміністрацыя і прафсаюзны камітэт ААТ “Граніт-Агра”, дзе  працуюць абое бацькі, намеснік старшыні раённай арганізацыі  ГА “Белая Русь” Вольга Рагачова, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Марына Лашкоўская, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель, а таксама кіраўніцтва Новаяльнянскай сярэдняй школы, якую наведваюць дзеці.

У Анастасіі і Сяргея Аўсянікаў пяцёра дачушак: старэйшая Вікторыя – студэнтка Слонімскага медыцынскага каледжа, Крысціна і Сняжана сёлета выпускніцы: адна з іх заканчвае дзявяты клас, другая – чацвёрты. Мілана наведвае Новаяльнянскі дзіцячы сад, а самую малодшую – двухгадовую Карыну – матуля выхоўвае сама ў дэкрэтным водпуску.

– Шчыра скажу, перажывала за гэту падзею, бо ўпершыню атрымліваю такую высокую ўзнагароду, павіншаваць мяне прыехала так шмат людзей, – падзялілася ўражаннямі Анастасія Аўсянік. – Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай душэўнай абстаноўцы, было многа добрых слоў і падарункаў. Дзякуй, нам вельмі прыемна!

Сямнаццаты год вялікая сям’я Аўсянікаў жыве ў Лапушне ў доме, які дастаўся Сяргею Аляксандравічу ў спадчыну ад бацькоў, дзе месца хапае ўсім.  Жывуць дружна, заўжды падтрымліваюць адзін аднаго, як і ўсе вяскоўцы, трымаюць хатнюю жывёлу і садзяць агарод. У зімовы перыяд яны любяць бавіць час разам за прагулкамі, утульнымі сямейнымі размовамі. Калі ж пачынаецца сезон вяснова-палявых работ, тата, вадзіцель сельгаспрадпрыемства, шмат часу прысвячае рабоце на зямлі, але ведае, што дома яго заўжды чакаюць любімыя жонка і дзеці.

Наталля АВЯРЧУК

По материалам газеты "Перамога"

Читайте также: