Главная » Новости » Лента новостей

Майстар на ўсе рукі: знаёмімся з токарам КСУП “Міхалішкі” Валерыем Скавародкам

15
Гэтыя людзі прыйшлі ў прафесію рознымі шляхамі. Яны адроз­ні­ваюцца па характары, у іх розны стаж работы, але аб’ядноўвае іх любоў да справы, якой займаюцца. Яны нарадзіліся і выраслі на гэтай зямлі і засталіся вернымі свайму краю. Менавіта на іх працы і трымаецца сельская гаспадарка, беларуская вёска і ўся краіна.

У святочным выпуску газеты прапануем пазнаёміцца з прад­стаў­ні­камі розных прафесій аграпрамысловага комплексу Астравеччыны.

Токар

Вернасць адной гаспадарцы і ўменне з першага погляду зразумець, якая дэталь патрабуецца, і зрабіць яе – гэта ўсё пра токара КСУП «Міхалішкі» Валерыя Скавародку. У гаспадарцы, якая з гадамі ўзбуйнялася, добра ведаюць: калі Іосіфавіч не дапаможа, то не зробіць больш ніхто. 

Прыроднае мастацкае ўяў­лен­не, кемлівасць – дзякуючы гэтым якасцям звычайны кавалак жалеза ў залатых руках Валерыя Іосіфавіча становіцца неабходнай дэталлю.

– Родам я з-пад Камарова, з вёскі Варашылкі. У Куцьках у школу хадзіў. Лёгка ішло чарчэнне: гадзіны хапала, пакуль іншыя вучні па пяць трацілі. Маляваў прыгожа. Дырэктар школы Іван Пятровіч Драўніцкі раіў вучыцца на мастака ў Ленінградзе. Доўга ўгаворваў, але я пабаяўся ехаць ад бацькоў у далёкі свет, – успа­мінае Валерый Іосіфавіч. – У выніку адвучыўся на тракта­рыста-машыніста і слесара, а пасля арміі – яшчэ і на шафёра.

У калгас мужчына прыйшоў у 1983 годзе. Пачынаў прэсаў­шчыком у падсобным цэху, потым некалькі гадоў вазіў старшыню.

– Надумалі ў нас адкрываць філіял ад завода ў Арле. Журавель (старшыня. – Заўв. аўт.) спачатку не хацеў мяне адпускаць на вучобу, бо я пастаянна патрэбны быў. Аднак у самы апошні дзень усё нечакана змянілася. Заехаў у кантору за пуцёўкай, а мне кажуць: «Бяры камандзіровачныя», – працягвае мужчына. – Паехаў вучыцца на чатыры месяцы на токара. Аднак перабудова ўнесла карэктывы ў вялікія планы: маштабны праект па адкрыцці філіяла так і не запусцілі.

Добрым словам Валерый Ска­вародка ўзгадвае свайго настаў­ніка Міхаіла Кутовіча, які ў невялікай падсобцы ля зернесклада выточваў дэталі і вучыў гэтаму маладых калег. 

– Крыху ў Страчы працаваў у новай майстэрні, а потым перай­шоў у Страчанку, – расказвае мужчына. – Даўней токары былі ва ўсіх калгасах, а цяпер я адзін на ўсе «Міхалішкі». Калі ламаецца трактар ці камбайн, у майстэрню іх не прыцягнеш. Таму даводзіцца ісці і замяраць усё на месцы, каб вытачыць, да прыкладу, новую ўтулку. Калі працую за станкамі (а іх тут цэлы набор: два такарныя, фрэзерны, свярлільны і наждачны), хлопцы, што на рамонце, заходзяць паглядзець. Магу зрабіць практычна любую дэталь. Гэта часта ратуе, калі ў гарачую пару на полі стаіць камбайн, а патрэбная запчастка ёсць толькі ў Мінску. Зразумела, што ў звычайнай майстэрні не атрымаецца зрабіць па-завадскому. Але здараецца так, што і мая, зробленая на хуткую руку, дапамагае машыне адпрацаваць не адзін тыдзень у полі.

Мужчына дастаў вялікі стос намаляваных ад рукі чарцяжоў і схем і, перабіраючы іх, пачаў тлумачыць.

– Прынясе, бывае, інжынер накіданы ад рукі малюнак. Іншы чалавек здзівіцца: як разабрацца? А мне дастаткова глянуць, каб ведаць, з чаго пачынаць і за што брацца, – усміхаецца токар. – Памятаю, ніяк не маглі адрэстаўраваць дэталь – корпус быў парваны. Вытачыў утулку, замацавалі і «ўпрасавалі» яе – зрабілі усё як мае быць. 

Парадак, які пануе ў токарным цэху, дэталі на сваіх месцах, падпісаныя прылады і нават восеньскі букецік хрызантэм сведчаць пра тое, што мой сура­з­моўца – сапраўдны гаспадар.

– Жыву на хутары Александрыя. Трымаем з жонкай дзве каровы, некалькі кабанчыкаў, з дзясятак курэй. Раней ажно шэсць галоў мелі, кабыла сёмая, і ўручную сенавалі. Цяпер «сікоры» – доб­рая падмога. А як, жывучы на хутары, не трымаць жывёлу? Пакруцішся каля хаты, абкосіш – на карову сена ўжо ёсць. Даўней за сенакосы ледзь не біліся: самыя няўдобіцы абкошвалі і равы. А цяпер некаторых ледзь не прымушаць трэба, каб каля сядзібы парадак навялі і бур’ян прыбралі. Нядаўна быў у адпачынку, а хата наша ўжо старэнькая, трэба было тэрмінова перакрыць дах. На шчасце, у мяне выдатныя памочнікі. Прыехалі сын з зяцем, і мы самі сваімі рукамі ўсё зрабілі. Магу з ўпэўненасцю сказаць: пакуль ёсць сілы клапаціцца пра зямлю, жывёлу, працаваць – жыццё працягваецца!

Читайте также: