Главная » Новости » Лента новостей

Из сферы культуры в сельское хозяйство, или Что привело Ольгу Можейко в КСУП “Гервяты”

12
Гэтыя людзі прыйшлі ў прафесію рознымі шляхамі. Яны адроз­ні­ваюцца па характары, у іх розны стаж работы, але аб’ядноўвае іх любоў да справы, якой займаюцца. Яны нарадзіліся і выраслі на гэтай зямлі і засталіся вернымі свайму краю. Менавіта на іх працы і трымаецца сельская гаспадарка, беларуская вёска і ўся краіна.

У святочным выпуску газеты прапануем пазнаёміцца з прад­стаў­ні­камі розных прафесій аграпрамысловага комплексу Астравеччыны.

Заатэхнік-селекцыянер

На самым вялізным малочна-таварным комплексе раёна «Сакалойці» КСУП «Гервяты» Вольга Мажэйка толькі два гады. Яна не пабаялася памяняць сферу культуры на сельскую гаспадарку.

Гісторыя маладой жанчыны – прыклад таго, як свядомы выбар і гатоўнасць да змен дазваляюць знайсці сапраўднае пакліканне. 

Хоць Вольга і не лічыць сябе смелым чалавекам, тым не менш, упэўнена, што ніколі не позна вучыцца і шукаць справу па душы. 

– Пасля Гервяцкай школы скончыла Лідскі музычны каледж па спецыяльнасці «педагог, дырыжор». Год працавала ў мясцовым філіяле музычнай школы. Выйшла замуж, нарадзіўся сын. Да дэкрэтнага адпачынку на работу хадзіла праз сілу: не ляжала да гэтага душа, – успамінае заатэхнік. – У кі­раў­­ніцтва мясцовай гаспадаркі пацікавілася, ці ёсць у іх вакансіі. Мне прапанавалі месца ўлікоўцы на комплексе. Не ведаю, ці згадзілася б, каб не падтрымка сям’і. Я хоць і вясковая, але пра спецыфіку жывёлагадоўлі не мела ніякага ўяўлення.

Вольга ўспамінае, што маці, якая працуе ў «Гервятах» сакратаром, прызнавалася: вельмі хвалявалася і не чакала, што дачцэ спадабаецца. 

– На малочна-таварным комп­лексе «Сакалойці» з першых дзён яго адкрыцця. Для мяне ўсё было ў навінку, – працягвае жанчына. – Галоўны заатэхнік Дзмітрый Будай вадзіў па комплексе і паказваў, дзе якія групы, расказваў пра дні лактацыі. У мяне тады былі вялікія акругленыя ад здзіўлення вочы. Старалася ва ўсё ўнікаць і не саромелася задаваць пытанні. Было цікава абсалютна ўсё: прысутнічала нават на ўскрыццях, цікавілася лячэннем, назірала за работай аператараў машыннага даення, спрабавала сцэджваць першы струмень. Найбольш складана напачатку было зра­зумець сутнасць стымуляцый і запомніць схемы.

На комплексе Вольга Мажэйка ў асноўным адказвае за аднаўленне статка і яго ідэнтыфікацыю. 

– Патрэбныя звесткі ўношу ў праграму «Дэйры-план» – добры памочнік для любога заатэхніка-селекцыянера. Сістэма дазваляе цалкам аўтаматызаваць племянны ўлік. У ёй вядуцца электронныя пашпарты кароў з гісторыяй іх паходжання, фіксуюцца надоі, адсочваюцца асемяненне, сцельнасць, запуск, ацёл.

Дзякуючы гэтаму можам адбіраць найбольш прадуктыўных рагуль для фарміравання племяннога ядра. Таксама чыпірую нованароджаных цялят і ўношу звесткі ва ўліковы запіс іх мамы. Мая работа цесна пераплецена з работай ветэрынарных урачоў, бо ад гэтага наўпрост залежаць надоі, ацёлы і захаванасць жывёлы, – працягвае Вольга. – Напачатку новай дзейнасці страху не адчувала зусім, у поўнай ступені, напэўна, не ўяўляла, куды трапіла. Ды і жывёлы толькі 300 дойных галоў стаялі, статак потым пачалі нарошчваць. Праз год работы, калі стала больш за 700 дойных кароў, замяняла на час адпачынку начальніка комплексу. Не чакала, што так хутка ўнікну і ўцягнуся!

Дзейнасць заатэхніка-селек­цыя­­нера мае архіважнае значэнне з улі­кам таго, што «Сака­лойці» – самы буйны ў раёне малочна-таварны комплекс з закры­тым цыклам аднаў­лення статка. Гэта азначае, што кожная перспектыўная цялуш­ка і кожная высопрадуктыўная рагуля – вынік годна пастаўленай работы. У такіх маштабах памылка спецыяліста каштуе вельмі дорага, а кожнае правільнае рашэнне дае дадатковыя тоны малака гатунку экстра.

Да слова, за дзень на пера­пра­цоўку з МТК адпраўляюць да 30 тон малака, а надой ад каровы дасягае 27 кілаграмаў. Гэта стала магчымым і дзякуючы выкарыстанню прыбора для вызначэння па малацэ сцельнасці каровы. 

– Можам даведацца пра сцельнасць з 28 дня пасля асемянення, а раней трэба было чакаць каля трох месяцаў. Ветэрынары рэктальна маглі зрабіць гэта з сотага дня. Як бачым, біяхімічны аналіз выяўляе ялавак амаль на 2 месяцы раней. Гэта істотна скарачае сэрвіс-перыяд і дазваляе на працягу тыдня накіраваць нясцельную жывёлу на новы цыкл асемянення. З усіх малочна-таварных комплексаў КСУП «Гервяты» да нас прывозяць малако на аналіз на сцельнасць, – тлумачыць Вольга. – Працэс аднаўлення статка на комплексе адладжаны, як механізм гадзінніка: цялушак дарошчвання размяшчаюць па клетках строга па вазе, каб яны раслі раўнамерна. На этапе асемянення за імі сочаць у будынку аднаўлення. Калі цялушка не прыходзіць у ахвоту сама, ветурачы выкарыстоўваюць вітаміны і масаж, а праз тыдзень чакання жывёлу ставяць на стымуляцыю.

Графік ін’екцый распісаны па днях, што дазваляе сінхранізавана пакрываць жывёлу, а «Дэйры-план» аўтаматычна разлічвае тэрміны запуску кароў на сухастой. Гэта таксама адсочвае і кант­ралюе заатэхнік-селекцыянер.

– У мяне адчуванне, што я на сваім месцы. Муж раней за мяне ўладкаваўся ў КСУП «Гервяты» электрагазазваршчыкам, і нам як маладой сям’і ад гаспадаркі выдзелілі добраўпарадкаваную кватэру, – расказвае суразмоўца. – Па мэтавым накіраванні ад гаспадаркі завочна вучуся ў Гродзенскім аграрным універ­сі­тэце, таму што планую далей тут працаваць.

Читайте также: