У святочным выпуску газеты прапануем пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных прафесій аграпрамысловага комплексу Астравеччыны.
Цялятніца
Падагрэць і разнесці малако, перасцяліць салому ў клетках, падысці і не па адным разе да кожнага цяляці… Такія будні жывёлавода Алісіі Тэйкі з малочна-таварнай фермы «Варона» філіяла «Аграфірма «Варняны» РУП «Гроднаэнерга». Хоць большая частка працы тут выконваецца ўручную, жанчына прызнаецца: сваю работу не прамяняла б на іншую.– Выйшла замуж, нарадзіўся сын. Пасля дэкрэтнага адпачынку ў 2017 годзе прыйшла ў КСУП «Варняны», – расказвае цялятніца.
Шлях жанчыны ў жывёлагадоўлю быў у пэўнай ступені наканаваны. Алісія ў маленстве часта дапамагала маці на ферме.
– Свякроў таксама ўсё жыццё аддала гэтай справе. Можна сказаць, што яна саступіла мне месца (пайшла на пенсію) і ўсяму навучыла. Не хацела б працаваць ні даяркай, ні прадаўцом, хоць такі досвед быў. Мне здаецца, што ў любой сферы самае галоўнае – любіць сваю работу. Без гэтага немагчыма, асабліва ў нашай справе. Ды і куды я без сваіх цялятак... – з пяшчотай зазначае суразмоўца.
Алісія адна клапоціцца пра ўсіх маленькіх жыхароў фермы «Варона» – а гэта 42 галавы. Да жанчыны яны трапляюць пасля нараджэння.
На зіму цялят перавялі з індывідуальных дамкоў, якія стаяць на вуліцы, у прыстасаваны ў адным з памяшканняў прафілакторый.
– Канешне, на сучасных комплексах зусім іншыя ўмовы: і малочнае таксі, і аўтаматызаваныя мыйкі для вядзёрцаў і сосак, аднак і маладняку там значна больш, – працягвае жывёлавод. – У нас ёсць пастэрызатар. Малако ў ім грэецца, і пастаянна падтрымліваецца адна і тая ж тэмпература: 38°C.
Жанчына заўважыла, што цяляты падобныя да дзяцей: мала проста накарміць – кожнаму трэба і ласкавае слова сказаць, і пагладзіць.
– Спачатку прывучаю піць з соскі, потым – з вядзерца. Каб жывёла не хварэла, у клетцы заўсёды павінна быць суха і чыста. Больш за ўсё мяне радуе, калі ўсе гадаванцы здаровыя, – дзеліцца Алісія.
Працоўны дзень цялятніцы пачынаецца ў 7 гадзін раніцы з абыходу.
– Гляджу, як жывёла пераначавала, ці не захварэў хто, ці ўсе бадзёрыя. Потым уключаю пастэрызатар, прымацоўваю вядзерцы і бяруся за работу: паю малаком, вадзічку свежую наліваю, чышчу клеткі, сцялю салому. Так у клопатах хутка прамінае час, – тлумачыць жанчына. – А вечарам усё паўтараецца.
Алісія ніколі не шукала шчасця ў горадзе: з сям’ёй яна жыве ў Быстрыцы ў доме, які застаўся жанчыне ў спадчыну ад дзядоў. Менавіта на роднай зямлі, сярод блізкіх людзей, займаючыся любімай справай, яна адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівай і патрэбнай.








