Караліна Следзевіч з вёскі Жарнэлі адзначае 90-гадовы юбілей. Павіншаваць жанчыну з важкай датай і падзякаваць ёй за шматгадовую працу на ніве сельскай гаспадаркі завіталі старшыня райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула і лідар пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КСУП “Варняны” Таццяна Лісоўская.
Караліна Казіміраўна з 14 гадоў у калгасе: працавала на палявых і ў цяпліцах, была малаказборшчыкам. І ўсе работы жанчына, па яе ўспамінах, старалася выконваць добра, як для сябе.
– Узбуйняліся і рэарганізоўваліся гаспадаркі, на змену ручной працы прыходзіла механізацыя, тым не менш ва ўсе часы аграпрамысловы комплекс трымаўся на людзях. І ваша жыццё – таму прыклад, – віншуючы юбіляршу, адзначыў Юрый Адула. – У першую чаргу жадаю вам моцнага здароўя, душэўнага спакою і яшчэ доўгіх гадоў жыцця.


Імянінніца падзякавала гасцям за ўвагу і добрую памяць.









