Кожная хвіліна лета – залатая
Нарэшце надвор’е дало перадышку ад зацяжных дажджоў, і хлебаробы раёна з падвоенай энергіяй прадоўжылі масавае жніво.




У КСУП “Хвінявічы” завяршылі ўборку азімага ячменю і адразу ж прыступілі да яравога. На палетку ў 100 гектараў каля вёскі Разважжа працуюць пяць збожжаўборачных камбайнаў GS-1218 ААТ “Гомсельмаш”, на адвозцы зерня – чатыры МАЗы, а таксама тры прэс-падборшчыкі збіраюць салому ў рулоны, якія вывозяцца з поля на спецыяльных платформах.

– Кожная хвіліна лета сапраўды на вагу золата. Таму, пакуль надвор’е дазваляе, наша тэхніка выходзіць у поле раніцай, як толькі сыдзе раса, і працуе да завяршэння светлавога дня, – расказвае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Кугейка. – Цяпер убіраем яравы ячмень гатунку “зубр” беларускай селекцыі, якога пасеяна 140 гектараў. Нягледзячы на вясновыя замаразкі, ураджай сёлета радуе. Ёсць палегласць каласоў, што ўскладняе задачу па ўборцы, аднак механізатары ў нас вопытныя, усе камбайны абсталяваны сцяблопад’ёмнікамі, каб убраць усё максімальна якасна і эфектыўна. У планах да канца тыдня завяршыць уборку гэтай культуры.

Аляксандр Віктаравіч расказаў, што наперадзе аграрыяў прадпрыемства чакае ўборка культур азімай групы – трыцікале, пшаніцы, жыта, рапсу, аўса, а таксама яравых аўса, пшаніцы, зернебабовай групы. Без уліку кукурузы ўборачныя плошчы, дзе яшчэ належыць працаваць, складаюць 1046 га. Разам з тым вядзецца падрыхтоўка глебы да сяўбы азімага рапсу.

На жніве працуе адзін з самых вопытных механізатараў КСУП “Хвінявічы” Анатоль Марук. Сёлета ён атрымаў для работы новы магутны камбайн GS12A1Pro з палепшанай кабінай і шырынёй захопу жаткі 7 метраў.

– Азімы ячмень убралі, цяпер – яравы. Сыпле добра, настрой бадзёры. Каб яшчэ дожджыкаў было менш, увогуле было б выдатна. Усім хлебаробам жадаю ўдачы, спрыяльнага надвор’я і высокіх намалотаў, – гаворыць Анатоль Яўгенавіч.




Вадзіцель ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” Аляксандр Цярэшка дапамагае калегам не першы год, займаецца перавозкай збожжа.

– Гэта маё пятае жніво тут. Запрашаюць дапамагчы – і я не адмаўляюся, – расказвае ён. – Каб камбайны не стаялі ў чаканні, на ўборачнай задзейнічаны адразу чатыры машыны. Возім зерне за чатыры кіламетры на зернесушылку ў Хвінявічы. Таксама сёлета вазіў сянаж, пасля збожжавай групы пяройдзем на кукурузу. Рады, што магу быць карысным у такой важнай для ўсіх беларусаў справе, як уборачная кампанія.





Наталля АВЯРЧУК








