Главная » Новости » Лента новостей

“Каралеву” з поля – у траншэю, ці Як убіраюць кукурузу ў КСУП “Гервяты”

433


«Каралева палёў» – адна з самых важных культур, якая займае значнае месца ў рацыёне буйной рагатай жывёлы. Кукурузу на сілас убіраюць усе гаспадаркі раёна. Першымі кормаўборачныя камбайны ў поле вывелі аграрыі КСУП «Гервяты». Такі хуткі старт цалкам апраўданы: незалежна ад фазы развіцця расліны, уборка павінна быць скончана да канца кастрычніка, калі ўжо няма эфектыўных тэмператур і расліны не накопліваюць энергію. 

У агратэхнічным сэнсе сёлетні год выдаўся спрыяльным для раённага раслінаводства. У першую палавіну вегетацыі кукурузы было цёпла і суха, а ў другую – вільготна і з патрэбнымі плю­савымі тэмпературамі. Лічы, ідэаль­ныя ўмовы для «кара­левы палёў», таму і вымахала яна на палях раёна рослай і налітай.

Карэспандэнт «раёнкі» пана­зі­раў за працэсам скошвання кукурузы непадалёк ад малочна-таварнага комплексу «Дайлідкі».

Дарэчы, у КСУП «Гервяты» ад­вялі самыя вялікія ў раёне плош­чы пад цеплалюбівіцу – 1 700 гек­тараў, з якіх у дзень майго візіту 10% былі зжаты і закладзены ў тэхналагічныя ёмістасці для за­хоўвання травяністых кармоў. Да слова, кукурузныя палі ў гэтай гаспадарцы сканцэнтраваны ля малочна-таварных комплексаў і ферм, дзе адбываецца закладка сіласных траншэй, што значна эканоміць і час, і паліва.

У Дайлідках непадалёк ад комп­лекса звяно кормаўборачнай тэхнікі ў складзе двух камбайнаў і некалькіх адзінак тэхнікі на адвозе (налічыла 8 машын!) заканчвалі абмалот кукурузнага поля. Толькі па тым, як хутка яны змянялі адна адну, можна было меркаваць, што ўраджайная сёлета вырасла «каралева». Зыхо­дзячы з афіцыйнай зводкі, на круг аграрыі пакуль бяруць звыш 410 цэнтнераў – гэта з ўлікам таго, што звычайна ўборка пачынаецца са слабейшых участкаў.  

Ветэрынарна-заатэхнічная служба МТК «Дайлідкі». Злева направа: Андрэй Следзевіч, Андрэй Іржыгітаў, Гражына Саўко і Аляксандр Чайкін

Ветэрынарна-заатэхнічная служба МТК «Дайлідкі». Злева направа: Андрэй Следзевіч, Андрэй Іржыгітаў, Гражына Саўко і Аляксандр Чайкін

– Жаць кукурузу пачалі 19 жніўня. Пакуль гэтым зай­маемся я і Ігар Гудзінскі, але, магчыма, тэмпы і аб’ёмы будуць нарошчваць, і кампанію нам складзе яшчэ адзін кормаўборачны камбайн, – расказаў Вячаслаў Бабарыка, якога некалькі гадоў назад пераманілі ў КСУП «Гервяты» з «Варнян». – На гэтым корма­ўборачным камбайне Krone BiG X 680 працую другі сезон. Звер, а не машына! Наколькі ведаю, яе прадукцыйнасць дасягае 1,5 тысячы тон. Здрабненне, плюшчэнне – усё аўтаматызавана.

Вячаслаў Бабарыка на ўборцы кукурузы

Вячаслаў Бабарыка на ўборцы кукурузы

На камбайне «Ягуар» працуе Ігар Гудзінскі

На камбайне «Ягуар» працуе Ігар Гудзінскі

Увесь сілас тут на­рыхтоў­ваюць з дапамогай спецыяльных кан­­сервантаў, якія аўта­ма­тызавана ўно­сяцца пад­час уборкі. Добра вя­дома, што ніякія рэчывы не палепшаць якасць будучага корму, калі не выкананы элементарныя правілы сіласавання. Таму зазір­нула і на комп­лекс, каб паглядзець за працэсам закладкі тран­шэі. Для сябе адзначыла, што ёмістасць цалкам падрыхтавана: укрыта замацаванай плёнкай цёмнага колеру, перад уездам высцелена саламяная падушка. 

Адзін з самых вопытных трам­боўшчыкаў гаспадаркі Вік­тар Гродзь не першы сезон зай­маецца гэтым на «Амкадоры», які абсталяваны спецыяльнымі сіласнымі віламі. Такое сельскагаспадарчае ноу-хау ў счэпцы з машынай цяжкога класу ідэальна падыходзіць для падсоўвання і трамбоўкі масы. Запытала ў механізатара, як працуецца ў гэтым сезоне.

Трамбоўшчык Віктар Гродзь

Трамбоўшчык Віктар Гродзь 

– Выдатна! Так бы кожны год. Уявіце, цэлую траншэю заклалі літаральна за паўдня. Будзем пераязджаць у Рымдзюны і там брацца за работу! – з умешкай адказаў мужчына.

СЛОВА СПЕЦЫЯЛІСТУ

Гражына Саўко, галоўны ветэрынарны ўрач КСУП «Гервяты»:

– Сілас – адна з самых галоўных крыніц крухмалу, а значыць – і энергіі. Напрыклад, пры захворваннях абмену рэчываў у жывёлы за кошт гэтага атрымліваецца больш збалансаваны рацыён і каровы менш хварэюць. Даследванні паказалі, што цяпер здробненая сіласная маса ўтрымлівае 22% крухмалу. Самае галоўнае – убраць кукурузу своечасова. Спа­дзяёмся, што гэта зімоўка пройдзе паспяхова.
 
Алёна Ганулич
По материалам газеты "Астравецкая праўда"
 

Читайте также: