Главная » Новости » Лента новостей

Камбайнер з 40-гадовым стажам, пераможца рэспубліканскіх “Дажынак”, ці Хто працуе на жніве ў саўгасе

199

Хлебаробам саўгаса трэба сёлета абмалаціць 2 650 гектараў збожжавых і зернебабовых – без уліку кукурузы, грэчкі і проса. На раніцу 8 жніўня план выкананы на 25%. 

У структуры жніўнага кліна найбольш важкі сёлета трыцікале, які пасеяны з восені на 828 гектарах. Пад пшаніцу хлебаробы адвялі 570 гектараў, пад ячмень – 590, жыта – 358, авёс – 200 і амаль 500 гектараў занята зернебабовымі. 

За работай камбайнаў, якія пасля працяглых дажджоў выйшлі ў поле толькі пасля абеду, назі­раў дырэктар РУП «Астравецкі саў­гас «Падольскі» Дзяніс Кірпа. Пацікавілася, што падчас гэтай уборкі яго найбольш радуе і хвалюе.

– На маёй памяці першы такі складаны сезон. Калі такое было, што толькі пачалі абмалочваць рапс – а ўжо трэба рыхтаваць глебу пад яго сяўбу?! Асаблівасць гэтага лета: тэрміны асноўных сельгаскагаспадарчых кампаній супалі, а масавае жніво пачалося позна, – адзначыў дырэктар саўгаса. – Радуе, што збожжа ўрадзіла: на круг збіраем каля 30 цэнтнераў, летась – на 10 менш. Да жніва падрыхтаваліся грунтоўна: старыя збожжаўборачныя машыны спісалі, адрамантавалі 7 кам­бай­наў. На адвозе збожжа задзей­нічаны транспарт гаспадаркі, машыны з сельгастэхнікі і іншых прад­прыемстваў раёна. Гатоўнасць зерне­­­сушыль­ных комплексаў ацэнь­ваю станоўча. Хваляванні выклі­­кае толькі надвор’е. 

У дзень майго прыезду ў саўгасе ўбіралі ячмень. Адной з самых узроставых хлебаўборачных машын у раёне, «Лідзе-1300», – больш чым 20 гадоў. Ужо саракавы сезон убірае на ёй збожжа Іосіф Жэгарыс. Пазалетась ніхто і не думаў, што на гэтай «бабульцы» камбайнер «возьме» жаданую тысячу тон. Пацікавілася ў аксакала, ці ёсць надзея паўтарыць пазалеташні вынік. 

– Прагнозаў рабіць не буду: ня­ўдзячная гэта справа, асабліва на жніве. Ніва ўрадзіла, але надвор’е не радуе, – падзяліўся Іосіф Жэгарыс. – Чакалі, пакуль збажына прасохне, 40 тон «набіў» – дождж пайшоў. З хлопцамі пераехалі на трыцікале пад Падольцы. Па бункеру намалацілі – і на майстэрні: чорныя хмары і сюды дайшлі. 

Нагадаю: Іосіф Жэгарыс сёлета стаў лепшым на ўнясенні мінеральных угнаенняў. У 2020 годзе механізатар перамог сярод камбайнераў, што працуюць на тэхніцы, якой больш за 10 гадоў, і атрымаў Падзяку старшыні Гродзенскага аблвыканкама. 

На саўгасных палях шчыраваў памагаты з доследнага лясгаса Віталь Тумінскі. Да слова, профі ў камбайнерскай справе. Падчас работы ў варнянскай гаспадарцы механізатар неаднойчы станавіўся лепшым на жніве сярод маладзёжных экіпажаў і нават прадстаўляў наш раён на рэспубліканскіх «Дажынках».

Праехаць па жніўным полі ў абедзенны перапынак да Віталя напрасіўся і сын. Відаць, Тумінскаму-малодшаму перадалася бацькава любоў да тэхнікі. 

– Найбольшы намалот, якога дасяг­нуў, – 2 200 тон. Сёлета, думаю, тысячу «наб’ю», – падзяліўся планамі на ўборачную кампанію Віталь Тумінскі. 
Другі камбайнер, Андрэй Юх­не­віч, таксама працуе не ў сельскай гаспадарцы, але сёлета вырашыў дапамагчы вяскоўцам на ўборцы. 

– З 10 гадоў бацька браў мяне на жніво. Працавалі на камбайне «Дон-1500» у калгасе «Радзіма», – расказаў мужчына. – Тады і цяпер тэхніка добрая. Галоўнае, каб не было палёгліцы і пустазелля – тады любую культуру ў ахвоту абмалочваць. 

Трэці сезон у саўгасе жне збожжа Руслан Круглякоўскі.

– Працую аператарам лесана­рых­тоўчай трылёвачнай машыны, а летам падчас адпачынку – камбайнерам, – коратка расказаў хлебароб і ўключыў «маячок» – сігнал для вадзіцеля, што бункер поўны. 

…У той дзень жніўныя работы ў саўгасе вяліся па некалькіх франтах: абмалот збожжа, цюкаванне саломы і яе адвоз. Хлебаробы лавілі кожную пагодлівую гадзіну – і я не стала ім перашкаджаць.  


Дырэктар саўгаса «Падольскі» Дзяніс Кірпа

Андрэй Юхневіч


Вадзіцель сельгастэхнікі Валянцін Кяжун дапамагае вазіць збожжа

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Па матэрыялах "Астравецкая праўда"

Читайте также: