Главная » Новости » Лента новостей

Каласы і галасы саўгаса “Падольскі”: маналогі хлебаробаў

383

Жніво – гэта не толькі бітва за ўраджай, як часта любяць пісаць журналісты; гэта не толькі намалочаныя, перавезеныя, дапрацаваныя тоны зерня і працэнты ўбраных плошчаў, але, у першую чаргу, гэта людзі, дзякуючы якім у нас ёсць хлеб на стале і да хлеба… 

Сёння прапаную пазнаёміцца з камбайнерскімі экіпажамі, якія працуюць на ўборцы ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі».

У дзень майго прыезду збожжаўборачная тэхніка – 7 камбайнаў – была разбіта на тры звяны. Адно абмалочвала ячмень на ўскрайку аграгарадка Рытань, другое – рапс непадалёк ад вёскі Савішкі, трэцяе – гарох за Вялікімі Свіранкамі.

Хлебаробы адказалі на некалькі пытанняў. Якое для іх па ліку гэтае жніво? Які сезон запомніўся найбольш і чаму? І ці ёсць паміж імі саперніцтва?

Слова галоўнаму аграному
Дзмітрый МАЛЮЧАК:

– У апошнія гады стаўку робім на азімыя – яны больш ураджайныя за яравыя. Вясной пасеялі толькі 800 гектараў. Не прагадалі: яравыя «папаліла» і не толькі ў нас – колас з-за адсутнасці вільгаці так і не наліўся. Жніўны клін збожжавых у нашай гаспадарцы складае крыху больш за 2 500 гектараў. 

Па традыцыі ўборку пачалі з рапсу. Крыжакветкавы сыплецца нядрэнна: на круг набіваем каля 30 цэнтнераў. 

Цалкам убралі 100 гектараў азімага ячменю. «Вусаты» парадаваў: на круг даў звыш 38 цэнтнераў пры сярэднераён­ных 31,7. Азімыя жыта, пшаніца і трыцікале занялі 300, 600 і 700 гектараў адпаведна, зернебабовыя – 200. 

У цэлым за ўборку спакойны – людзі ведаюць сваю справу. Дапамогу на жніве аказваюць некаторыя прадпрыемствы і арганізацыі раёна: нівы абмалочваюць працаўнікі лясгаса, раёна электрычных сетак; два вадзіцелі сельгастэхнікі возяць зерне. Галоўнае, каб надвор’е не падвяло.

Куды больш непакоіць сітуацыя з кармамі. Паралельна са жнівом працягваем нарыхтоўваць сянаж, абкошваем лугавыя ўгоддзі, няўдобіцы. Акрамя гэтага, папоўнілі аб’ёмы кармавой базы за кошт зернефуражу: абкасілі 300 гектараў  ячменю, аўса, жыта. Недабор сенажу думаем кампенсаваць за кошт сіласу – на некаторых участках кукуруза выглядае нядрэнна. 

 

Слова хлебаробам

КАМБАЙНЕРСКІЯ ЭКІПАЖЫ СЯМЕЙНЫЯ

 

Дзмітрый ШЭША (камбайнер):

11.jpg

Камбайнер Дзмітрый ШЭША з памочнікам Міхаілам Козелам

– У пары з цесцем на жніве 16-ты сезон. Многія цікавяцца: як гэта – працаваць з блізкім чалавекам? Нашмат прасцей, чым з чужым. Здараецца, што і пасварымся, але ніхто не крыўдзіцца. (Усміхаецца.)

Зараз палічым, якое для мяне гэтае жніво. Пачынаў на «Доне», адзін сезон працаваў на «Ніве», тры сезоны – на КЗС -10, шэсць – на «Лідзе» і на гэтым камбайне – дзясяты год… Атрымліваецца, 21-я ўборка. Самому не верыцца!

Калі ў саўгасе было спаборніцтва паміж камбайнерамі, было і саперніцтва. Цяпер яго няма. Куды нам дужацца з тымі ж «гудагайцамі» ці «гервятцамі», дзе і колас больш важкі, і тэхніка навейшая.

Галоўнае – убраць ураджай. Цяпер з цесцем убіраем гарох. Хоць на круг менш набіваем, чым летась, але затое ён лепш вымалочваецца – у мінулым годзе шмат палёгліцы было. Будзем спадзявацца, што затым аграном на пшаніцу перакіне. (Усміхаецца.)

Міхаіл КОЗЕЛ (памочнік):

– Жніво 2015-га, думаю, запомнілася не толькі мне. Такі ўраджайны год быў! Нама­лацілі каля 2 тысяч тон. Яшчэ запомніўся 2019-ты, калі занялі 3 месца ў раёне. 

Складана сказаць, ці ёсць саперніцтва. Але кожнаму хочацца «ўзяць» як мага больш тон. Бачыў у «раёнцы» (нумар за 25 ліпеня. – Заўв. А.Г.) мы на другім месцы былі. Прыемна!

Мікалай (камбайнер) і Альберт (памочнік) КАПУСТЫ

888.jpg

Камбайнер Мікалай Капуста з памочнікам Альбертам Капустам

 

Мікалай:

– Першы сезон у пары з сынам. З чужым па чарзе бункер правяралі б, а так Альберта ганяю. (Усміхаецца.) 

Пачынаў на «Доне-1500» – на такім агрэгаце ніколі першага месца не зоймеш. Апошнія гады працую на айчынным камбайне КЗС-1218. Найбольш запомнілася адна з уборак напачатку 2000-х: заняў 1 месца ў раёне сярод маладых камбайнераў. Павіншавалі раённыя прафсаюз і БРСМ.

Што самае важнае на жніве? (Задумваецца.) Каб менш праверак было, каб маглі б спакойна ўбраць ураджай.

Альберт:

– З таткам на палях з дзяцінства, лічы, у кабіне і гадаваўся. (Усміхаецца.) Бацька заўсёды быў для мяне прыкладам, таму і вырашыў стаць механізатарам, як і ён. Вучуся на вадзіцеля і трактарыста ў Бярэзінскім аграрна-тэхнічным каледжы. Гэта маё першае жніво – хвалюючае і адказнае, але татавы ўрокі дапамагаюць. (Усміхаецца.)

...Сяброўскі

7.jpg

Камбайнер Яўген Крывіцкі з памочнікам Віталем Трыбоцкім


Яўген КРЫВІЦКІ (камбайнер):
– Да механізатарскай справы я звыклы, хоць і працую ў раёне электрычных сетак. На лета ўзяў адпачынак, каб дапамагчы «саўгасаўцам» на ўборцы. Сёлетняе жніво для мяне восьмае. Найбольш намалочваў тысячу тон з невялікім лішкам. Сёлета на збожжавыя позна перайшлі – убіралі рапс.
Што самае галоўнае на жніве? (Задумваецца.) Настрой. Калі ён добры – тады і работа спорыцца. Саперніцтва няма. З кім цяпер цягацца, калі Віталік збоку сядзіць? (Усміхаецца.)

Віталь ТРЫБОЦКІ (памочнік):
– Доўга з Жэнем спрачаліся, хто з нас будзе галоўным. Я ўпёрся, што буду памочнікам – на гэтым і сышліся.
Няма тых работ у саўгасе, якіх бы не ведаў. Калі не памыляюся, гэтае жніво для мяне 17-е. Найбольш «набіў» 1 500 тон – у той год мне даверылі новы камбайн «Ліда-1300». 
Кожнаму хочацца найбольш намалаціць, але не гэта галоўнае. Ведаю са свайго досведу: лепш цішэй «ісці» па полі і ўбраць без страт, чым ляцець і пакідаць за сабой зярняты…

...Лясгасна-саўгасны

8.jpg

Камбайнер Руслан Круглякоўскі з памочнікам Ільёй Садоўскім


Руслан КРУГЛЯКОЎСКІ (камбайнер):
– Уборку распачалі 23 ліпеня з абмалоту рапсу, крыжакветкавы, дарэчы, цяжэй вымалочваецца за збожжавыя. Найбольш за дзень набівалі 10 тон, найменш – 5, усё залежыць ад надвор’я. 
На жніве – восьмы сезон. Найбольш запомніўся 2020 год, калі мы з напарнікам Віталем Тумінскім (абодва працуем у лесапункце) на фінішнай прамой уварваліся ў тройку тысячнікаў раёна. 
Як па мне, дык на камбайне лягчэй працаваць, чым на лесанарыхтоўчай машыне. Галоўнае – па сумленні падрыхтаваць да жніва зернеўборачны агрэгат, тады паціху і ўбіраць можна. А седзячы ў харвэстары, трэба дакладна, да дробязяў, прадумваць кожнае дзеянне: у які бок паваліць дрэва, як яго рассартаваць. 
Яўнага саперніцтва паміж камбайнерамі няма, але кожны хоча быць першым.

Ілья САДОЎСКІ (памочнік):
– Для мяне гэтае жніво першае, таму пакуль складана сказаць, якое яно. Я мясцовы, родам з Кямелішак. Адвучыўся ў Ашмянах на трактарыста-машыніста – і адразу ў саўгас. Спадзяюся, што на ўборцы не падвяду свайго старэйшага таварыша.

...Партнёрскі

333.jpg

Камбайнер Іван Аўгуль з памочнікам Антонам Аўласом


Іван АЎГУЛЬ (камбайнер):
– Пальцаў на абедзвюх руках не хопіць, каб злічыць, якое для мяне гэтае жніво. Больш за 25 гадоў убіраю ўраджай і паспытаў смак камбайнерскага хлеба. 
Самую памятную ўборку і не прыгадаю. Год году розніца. Што саспела, тое і трэба ўбіраць. Найбольш падабаецца пшаніца, найменш – авёс. З характарам «вусаты» – не даецца абмалочваць. Найбольш набіваў звыш 1 200 тон. На гэтым камбайне айчыннай вытворчасці «Палессе» працую 14-ты сезон. Памочнікі мяняліся. 
Сёлета ў пары з Дзедам, так жартоўна называю Вітольдавіча. Дапамагаў мне рамантаваць камбайн – да пачатку ўборкі давялі яго да толку.
Як у нас кажуць, дружба – дружбай, а жніво – жнівом. Саперніцтва, канешне, ёсць. Заканчваецца ўборка – і яго як не бывала!
Антон АЎЛАС (памочнік):
– Хто б падумаў, што на старасць гадоў буду камбайнёрыць? (Усміхаецца.) Усё маё жыццё прайшло ў саўгасе, амаль 40 гадоў тут адпрацаваў. У пары з бацькам з 14 гадоў нівы абмалочваў. Цяпер для механізатараў усе ўмовы створаны, не тое што раней. Тады ўбіралі камбайнамі СК-4 – агрэгаты былі без кабіны, толькі з невялікім навесам. Памятаю, вылезеш вечарам, здымеш спецыяль­ныя акуляры – толькі вочы блішчаць, а сам увесь шэры ад пылу. І ніхто не жаліўся – падлеткі на роўных з мужыкамі працавалі. А якія «Дажынкі» потым спраўлялі!
Шэф, пабачыўшы, як мы з Ванем камбайн круцім, прапанаваў папрацаваць на ўборцы. Падумаў: «А чаму б і не? Хоць маладосць успомню!»
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: