«Маладых спецыялістаў у Беларусі не варта, вобразна кажучы, насіць на руках, аднак ім трэба дапамагаць, дзе гэта неабходна».
Аляксандр Лукашэнка
падчас даклада міністра адукацыі Андрэя Іванца, 3 верасня 2026 года, Мінск.

Для 20 выпускнікоў каледжаў і вну экзамен на сталасць пачаўся ў сельскай гаспадарцы нашага раёна. Астравецкі край заўсёды славіўся гасціннасцю, але яна вымяраецца не толькі словамі, а і справамі.
Як прайшло «баявое хрышчэнне» маладых кадраў, ці задаволены яны зарплатай, сацпакетам і жыццём у вёсцы – пра гэта і многае іншае даведаўся наш карэспандэнт разам са старшынёй райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Юрыем Адулам і галоўным бухгалтарам Марыяй Станкевіч.

Зазначу, што ўсе ўчарашнія студэнты атрымалі пад’ёмныя. Напрыклад, у КСУП «Гервяты» для маладога спецыяліста з вышэйшай адукацыяй гэта 50 базавых велічынь, з сярэдняй спецыяльнай – 25, з прафесійна-тэхнічнай – 10. У якасці прыемных бонусаў – павышаная стаўка, дадатковыя дні адпачынку, штомесячная даплата пры заключэнні кантракту, матэрыяльная дапамога да святаў, штоквартальная прэмія і многае іншае. У КСУП «Міхалішкі», акрамя гэтага, маладому спецыялісту пасля вну пры заключэнні кантракту на 5 гадоў аднаразова выплачваюць 100 базавых велічынь. Зазначу, што памер і даплаты адрозніваюцца ў гаспадарках і замацаваны ў калектыўных дагаворах.
Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў клапоціцца і пра дадатковыя зручнасці для моладзі: пры іх жаданні арганізуе гарачае харчаванне па сабекошце, пры патрэбе – падвоз на работу. Калі ёсць неабходнасць, выдзяляюць інтэрнат, у некаторых выпадках – службовае жыллё. Так, ветэрынарны фельчар малочна-таварнага комплексу «Дайлідкі» атрымала кватэру ў Астраўцы.

Саўгас пераабсталяваў пад інтэрнат дагледжаны будынак у Падольцах (раней гэта быў дом для сумеснага пражывання грамадзян пажылога ўзросту). Было шмат зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторыі: пасаджаны кветкі, абноўлены лавачкі і зоны адпачынку. Акрамя маладых спецыялістаў, тут жывуць і працоўныя мігранты, якія заняты на розных жывёлагадоўчых аб’ектах саўгаса.
Адносна нядаўна КСУП «Гервяты» ўзяло ў арэнду былы школьны інтэрнат у Рымдзюнах. У сціслыя тэрміны тут адрамантавалі другі паверх, на першым яшчэ вядуцца работы. Але ўмовы для жыцця і адпачынку годныя.
Давайце пазнаёмімся
Моладзь АПК у асобах
КСУП «Міхалішкі»
– Я родам з Міхалішак. Падумваў пра прафесію праграміста, але, на жаль, не атрымалася. Мама працуе ў КСУП «Міхалішкі» бухгалтарам, таму прапанавала разгледзець для вучобы Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж. Адвучыўся і вярнуўся ў Міхалішкі. Тое, што працую з блізкім чалавекам, напэўна, дадае адказнасці – не хочацца падвесці маці. (Усміхаецца.)

– Я з Мінска. З дзяцінства любіла жывёл. І з работай на зямлі знаёма: маме на дачы дапамагала. Таму мяне не палохала работа ў сельскай гаспадарцы.
Па накіраванні КСУП «Міхалішкі» вучылася ў Ільянскім дзяржаўным аграрным каледжы, пасля яго заканчэння прыехала сюды на адпрацоўку. У гаспадарцы, дарэчы, праходзіла і практыку. Жыву разам з іншымі дзяўчатамі ў інтэрнаце, які мясцовыя называюць калгасным домікам.
КСУП «Гервяты»

– Я з Дравянік. У нас заўсёды была вялікая гаспадарка: каровы, свінні, куры, таму, як абыходзіцца з жывёлай, ведала з дзяцінства. Работа ў сельскай гаспадарцы не палохала, гэта хоць і няпростая, але вельмі неабходная праца.
Вучылася ў Ільянскім каледжы. Практыку праходзіла ў КСУП «Гервяты» – спадабалася. У каледжы падказалі, што нават падчас вучобы можна ўзяць мэтавае накіраванне – скарысталася гэтай магчымасцю.
У «Гервятах» сустрэлі прыязна. З яшчэ адным маладым спецыялістам дзелім пакой у інтэрнаце. Жывём дружна. А на комплексе парадамі і падказкамі дапамагае ветурач Андрэй Іржыгітаў.

– Родам я з Маладзечна. Мой дзядзька аграном, параіў і мне задумацца пра гэту прафесію. Паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Выпадкова даведалася, што ёсць такая паспяховая гаспадарка як КСУП «Гервяты» – мяне ўзялі сюды на адпрацоўку. З першых дзён работы трапіла на жніво. Парадавала, што старэйшыя калегі падказвалі, што ды як.
Хоць і існуе агульнапрынятае меркаванне, што агранамія не для жанчын, але гэта не так. Таму ўсім дзяўчатам, якія мараць працаваць на зямлі, раю не баяцца і смела ісці да сваёй мэты.
РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»

– Для маладых спецыялістаў важныя тры ўмовы: жыллё, даезд на работу і зарплата. Падчас ярмаркі вакансій у Гродзенскім аграрным універсітэце праходзіла сустрэча з патэнцыйнымі працадаўцамі. Дырэктар саўгаса «Падольскі» Дзяніс Валер’евіч Кірпа паабяцаў, што ўсё будзе. І не падмануў! Адзінае, чаго мне як гарадской жыхарцы (вырасла я ў Лідзе) не хапае – месцаў, дзе можна весела і цікава правесці вольны час.
Кампетэнтна
Юрый Адула:
– Радуе, што з кожным годам нашы прадпрыемствы ствараюць усё больш камфортныя ўмовы для пражывання і работы маладых спецыялістаў.
Сёлета ў КСУП «Гудагай» не прыбывалі маладыя спецыялісты, тым не менш не магу не адзначыць гэтую гаспадарку: прадпрыемства адно з першых у раёне забяспечыла сваіх работнікаў годным жыллём.
КСУП «Гервяты» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» засялілі сваіх спецыялістаў у інтэрнаты. Там створаны ўмовы, якія па ўзроўні камфорту не заўсёды сустрэнеш у некаторых гасцініцах.
Па ўмовах пражывання КСУП «Міхалішкі» крыху саступае іншым прадпрыемствам. Аднак многае залежыць і ад саміх кватарантаў. Калі стварэнне неабходных умоў – абавязак наймальніка, то падтрыманне чысціні і парадку – зона адказнасці жыльцоў.
Каб лепш зразумець, якія пытанні хвалююць маладых спецыялістаў, правялі анкетаванне. Ананімны фармат часта дазваляе выявіць праблемы, якія патрабуюць увагі.
Высветлілася, што маладых людзей у першую чаргу цікавяць жыллёвыя ўмовы, графік работы і ўжо потым узровень заработнай платы. Зразумела, у сельскай гаспадарцы няпроста арганізаваць такі графік, які б цалкам задавальняў кожнага работніка, але важна шукаць разумны баланс, бо вольны час і адпачынак маюць для маладых спецыялістаў вялікае значэнне.
Матэрыяльны бок сёння , я лічу, на належным узроўні. На некаторых астравецкіх прадпрыемствах умовы аплаты і падтрымкі маладых работнікаў з'яўляюцца аднымі з лепшых сярод сельгасарганізацый вобласці.
Практычна ўсе наймальнікі пачынаюць работу з будучымі кадрамі яшчэ са школы: выплачваюць дадатковыя стыпендыі ў перыяд вучобы ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах, аказваюць матэрыяльную падтрымку ў першыя 3-5 гадоў работы.
Прафсаюзы імкнуцца быць сувязным звяном паміж наймальнікам і маладым спецыялістам: падказаць, дапамагчы, а ў некаторых сітуацыях проста падтрымаць.
Зразумела, што першае месца работы, новы калектыў – гэта пэўны стрэс для чалавека. Менавіта таму па ініцыятыве прафсаюзаў на кожным прадпрыемстве дзейнічае сістэма настаўніцтва, якая дапамагае маладым спецыялістам хутчэй адаптавацца.
Спадзяёмся, што ўсе гэтыя меры дапамогуць маладым людзям хутка адаптавацца і стаць сапраўднымі прафесіяналамі і сапраўднымі членамі вялікай і дружнай хлебаробскай сям’і.








