Главная » Новости » Лента новостей

Хто з гаспадарак Астравецкага раёна вырасціў самыя важкія цукровыя буракі

120

Асноўныя сельскагаспадарчыя работы ў полі скончыліся: абмалочана і засыпана ў засекі збожжа, выкапана бульба і пасеяны азімыя. Свайго часу дачакаліся і цукровыя буракі, пад якія ў раёне адведзена без малога 1 650 гектараў (убрана 75%).

Другі год запар самыя важкія караняплоды вырастаюць на палях РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – іх ураджайнасць дасягае 552 цэнтнеры з гектара пры сярэднераённых 334. Пра вытокі салодкага жыцця і такога выніку даведаліся ў гаспадарцы. 

– Тры гады назад правялі эксперымент. На раслінаводчым семінары па вырошчванні цукровых буракоў досведам дзяліліся прадстаўнікі фірмы КWS, з якой супрацоўнічаем і па гэты час. Ураджай з пробнага ўчастка атрымалі добры. Другі год запар цукровікі вырошчваем па смарт-тэхналогіі, – патлумачыў галоўны аграном Дзмітрый Малючак. – Гэта інавацыйны спосаб  барацьбы з пустазеллем, калі дастаткова 2-х апрацовак, а не 6-ці, як звычайна. Свое­часова ўнеслі фунгіцыды, угнаенні – усё разам дало такі станоўчы вынік. Хоць гэтая тэхналогія вырошчвання буракоў даражэйшая, але больш прыбытковая. 

Спецыяльна пад буракі «саўгасаўцы» вясной набылі новы пасяўны агрэгат «Квёрнілэнд». Не першы год тут выбралі вызначаныя і правераныя гібрыды «Данута», «Фіола» – ад стандартнага насення адышлі. 

Буракі на рытанскіх і кяме­ліш­каўскіх палетках выраслі вялікія, як некалькі кулакоў! Для іх уборкі ў адной з прыватных кампаній арандавалі спецыяльны камбайн, якім кіраваў член прафсаюза работнікаў АПК Валерый Калтан. Мужчына ад­працаваў не адзін год у сельскай гаспадарцы раёна. 

– Дні адрозныя адзін ад другога: за змену буракі ўбіраю і з 10-ці, і з 15-ці гектараў. На ўчастку пад Свіранкамі яны крыху горшыя, але ўсе пасевы чыстыя. Самі паглядзіце, – сказаў механізатар, паказваючы рукой у бок вялікага поля. 

Салодкія «саўгасныя» караня­плоды адвозяць у Гудагай, ад­туль па чыгунцы ў спецыяльных вагонах іх адпраўляюць на Жабінкаўскі цукровы завод. 


Алёна Ганулич
По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: