Главная » Новости » Лента новостей

Хто крылы расправіў на роднай зямлі. Амаль паўстагоддзя ў будаўнічай галіне

104

Самыя цёплыя віншаванні ад прафсаюза з нагоды 70-гадовага юбілею прымаў прараб будаўнічай брыгады КСУП “Жукоўшчына” Вячаслаў Дарафейчык.

Павіншаваць Вячаслава Станіслававіча і ўручыць яму грамату за добрасумленную шматгадовую працу прыехаў старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Ва ўпраўленні сельгаспрадпрыемства да яго далучылася лідар прафсаюзнай пярвічкі гаспадаркі Вольга Аўхім.

– Жадаю, каб вам і надалей хацелася жыць, працаваць і прыносіць карысць людзям і арганізацыі, – шчыра павіншаваў Уладзімір Фёдаравіч. – Моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях, заставайцеся ў страі столькі, колькі самі пажадаеце.

Ад імя кіраўніцтва гаспадаркі і прафкама вершаванымі радкамі імянінніка-юбіляра павіншавала Вольга Аўхім.

Не застаўся Вячаслаў Дарафейчык і без грашовых падарункаў ад сельгасарганізацыі і прафсаюза да сваёй круглай даты.

Вячаслаў Дарафейчык – ураджэнец невялікай вёсачкі Скіпоравіцкі Бор, якой ужо няма на карце нашага раёна. У 1968 годзе сям’я яго бацькоў пераехала ў вёску Малдавічы. Наш зямляк скончыў Казлоўшчынскую сярэднюю школу, потым – Лідскі індустрыяльны тэхнікум. Выкладчыкі і сябры настойвалі, каб юнак ішоў вучыцца далей, аднак Вячаслаў вырашыў, што больш карысці прынясе на вытворчым участку. Так, у 1978 годзе ён пачаў працоўную дзейнасць у БУ-175 будтрэста № 19 горада Ліды. Арганізацыя была генпадраднай і займалася пераважна аддзелкай – тынкоўкай, абліцоўкай, страхарнымі работамі, устаноўкай падлогі. Сярод вядомых аб’ектаў, на якіх давялося папрацаваць Вячаславу Станіслававічу, былы будынак Дома быту горада Ліды, сацкультбыт, шматкватэрныя жылыя дамы.

Менавіта ў гэты перыяд адбылася лёсавызначальная для нашага земляка сустрэча: пад кіраўніцтва маладога майстра трапіла юная прыгажуня Ала, якая на той час была навучэнкай старэйшага курса галіновай вучэбнай установы. Дзяўчына прыйшла ў брыгаду адточваць майстэрства тынкоўшчыка-маляра, а ў выніку – атрымала прапанову рукі і сэрца.

Назад у родны раён Вячаслаў Дарафейчык вярнуўся ў 1985 годзе ўжо з любімай жонкай, а прывяло маладую сям’ю на Дзятлаўшчыну кватэрнае пытанне. Да гэтага маладыя жылі ў невялікім пакоі ў інтэрнаце, выдзеленым Лідскім будтрэстам.

У былы калгас “1 Мая” новага работніка паклікаў галоўны аграном гэтай гаспадаркі Уладзімір Гульнік – муж сястры Вячаслава Станіслававіча. Менавіта ў сваякоў па першым часе жыла сям’я Дарафейчыкаў, пакуль не атрымала ад гаспадаркі ўласны дом.

Ала Іванаўна да выхаду на заслужаны адпачынак адпрацавала ў архітэктурным бюро ў Дзятлаве, а Вячаслаў Станіслававіч чатыры апошнія дзесяцігоддзі працоўнай дзейнасці аддаў калгасу “1 Мая”, пасля рэарганізацыі – КСУП “Жукоўшчына”.

Разам з жонкай ён выгадаваў сына і дачку, цяпер сямейная пара радуецца траім унукам. Юбіляр ніколі не пашкадаваў, што амаль паўстагоддзя прысвяціў будаўнічай прафесіі.  

– Справу сваю люблю за разнастайнасць, – прызнаецца імяніннік. – За тое, што на розных участках разам з маімі падначаленымі плёнам працы прыносім карысць і камфорт людзям.

У вольны ад работы час наш зямляк не любіць сядзець склаўшы рукі: з задавальненнем займаецца хатняй гаспадаркай, уласным аўтамабілем, чытае кнігі.

З пазіцыі важкага жыццёвага вопыту ён зрабіў для сябе лагічную выснову, што менавіта самаадданая і сумленная фізічная праца дапамагае чалавеку дабівацца пажаданых вынікаў, часам нават лечыць і адназначна падаўжае маладосць арганізму. Сучаснай моладзі юбіляр таксама раіць менш часу бавіць у віртуальнай прасторы, а брацца за рэальныя задачы, карысныя для людзей, грамадства, сябе.

Ірына СТЫРНІК

Читайте также: