Главная » Новости » Лента новостей

Голас зямлі і сэрца: аграрыяў Астравеччыны віншавалі словамі падзякі і гонару

88

У кінанканцэртнай зале «Астравец» адбылося ўрачыстае святкаванне Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Гэта быў дзень, калі слова «дзякуй» гучала асабліва шчыра, а сэрцы напаўняліся гонарым за тых, хто жыве ў рытме зямлі і адчувае яе дыханне.

Зала сустрэла ветэранаў працы, кіраўнікоў гаспадарак, прадстаўнікоў улады і ўсіх, хто штодня аддае сілы роднай зямлі. Па традыцыі свята распачалося з уручэння каравая з мукі новага ўраджаю старшыні райвыканкама Сяргею Мядзвецкасу. У сваім прывітальным слове ён адзначыў: «Гэты дзень аб’ядноўвае тысячы людзей, якія любяць і адчуваюць родную зямлю. Час паказаў, што стаўка на развіццё аграпрамысловага комплексу была абсалютна правільнай».

Сёлета хлебаробы раёна сабралі 67 тысяч тон збожжавых і зернебабовых культур пры ўраджайнасці 47 цэнтнераў з гектара. За дзесяць месяцаў атрымана больш за 5 тысяч тон мяса і 72 тысячы тон малака. Сярэдні надой ад каровы склаў звыш 8 700 кілаграмаў.

Узнагароды за высокія вынікі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі атрымалі кіраўнікі лепшых гаспадарак. Першае месца заняў КСУП «Гудагай» (дырэктар Эдуард Садоўскі), другое — КСУП «Гервяты» (дырэктар Ігар Жданаў), трэцяе — РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» (дырэктар Дзяніс Кірпа).

З асаблівай цеплынёй да працаўнікоў звярнуўся і старшыня Астравецкай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула. Ён падкрэсліў, што праца аграрыяў — гэта не проста прафесія, а служэнне зямлі і людзям, і выказаў словы прызнання і гонару за тых, хто штодня трымае на сваіх плячах жыццё раёна. «Вы — жывыя карані дуба, што трымаюць на сабе жыццё раёна. Вашы рукі — гэта крыніца дабрыні, вашы сэрцы — агонь надзеі. Мы ганарымся вамі, бо менавіта вы робіце наш край моцным і багатым», — сказаў Юрый Адула.

Ён адзначыў, што прафсаюз — гэта не проста структура, а прастора даверу і падтрымкі, дзе кожны працаўнік можа адчуваць сябе абароненым і пачутым. «Мы побач з вамі, каб падтрымаць у цяжкі момант, каб падзяліць радасць перамогі, каб разам будаваць будучыню. Вашая праца — гэта паэма, напісаная потам і мудрасцю, і мы схіляем галовы перад вашым служэннем зямлі», — падкрэсліў кіраўнік арганізацыі.

Святочны настрой узмацнілі выступленні раённых калектываў і музычнай капэлы «Санорус», якія падарылі гледачам сапраўдную гармонію песні і душы.

 

Станкевіч Марыя, галоўны бухгалтер

Читайте также: