Главная » Новости » Лента новостей

Героями акции «Наш животновод» стали 54 лучших работников ферм Кореличчины

187

На Карэліччыне завяршылася прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”. Узнагародамі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовымі прэміямі на суму больш за 2 тысячы рублёў адзначаны 54 працаўнікі жывёлагадоўчай галіны раёна.

Заключныя акорды прафсаюзнай акцыі прагучалі на жывёлагадоўчых аб’ектах КСУП “Лукі-Агра”. 26 сакавіка старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская наведала малочна-таварныя фермы “Лукі” і “Далматаўшчына”, каб на працоўных месцах павіншаваць лепшых жывёлаводаў сельгаспрадпрыемства.

Адзін з іх – падсобны рабочы МТФ “Лукі” Аляксандр Буй, які працуе на ферме з мая 2012 года. Абавязкаў у жывёлавода нямала: падсцілае жывёлу, падсоўвае кармы на кармавым стале, падмятае праходы, сочыць за парадкам на тэрыторыі фермы. Адным словам, увесь дзень у пастаянным руху. Упраўляючая МТФ “Лукі” Алена Лазарчук высока ацэньвае адказнасць і старанне працаўніка.

– Кажуць, што незаменных людзей няма. Але калі Аляксандр ідзе ў водпуск, цяжка знайсці чалавека, які б выканаў увесь аб’ём яго работы, – адзначае Алена Лазарчук– Аляксандру не трэба паўтараць два разы. Ён нічога на “потым” не адкладае. З пастаўленымі задачамі спраўляецца хутка і якасна.

Падсобны рабочы МТФ Аляксандр Буй

На МТФ “Далматаўшчына” адным з уладальнікаў прафсаюзнай узнагароды стаў аператар жывёлагадоўчай фермы Васілій Зіновіч, стаж працы якога на ферме перавысіў 20 гадоў. Родам мужчына з Мінскай вобласці, жонка Алена – мясцовая. Услед за сваёй другой паловай прыехаў на лукскую зямлю, дзе і абжыўся.

Акрамя Васілія Зіновіча, у жывёлагадоўлі КСУП “Лукі-Агра” працавала і яго жонка. Сёння ж сын Дзмітрый з’яўляецца напарнікам бацькі, таксама сочыць за тым, каб рагулі заўсёды былі сытыя і ў камфорце. Па словах упраўляючага МТФ “Далматаўшчына” Мікалая Шугалы, да працы сямейнага падраду ніякіх заўваг няма. Бацька з’яўляецца годным прыкладам для сына. Абодва працуюць адказна на агульны вынік.

Аб працы аператара жывёлагадоўчай фермы Валянціны Тананкі ўпраўляючы МТФ таксама гаворыць толькі добрыя словы. Шмат гадоў таму жанчына пераехала на Карэліччыну. Муж Міхаіл працуе слесарам на мехмайстэрнях сельгаспрадпрыемства.

– Абавязкаў у мяне нямала, але ўжо прывыкла, што ўвесь дзень пры рабоце. Па-іншаму працаваць ужо і не магу, – дзеліцца Валянціна Тананка– Прыемна, што работа жывёлаводаў не застаецца незаўважанай. Упэўнена, кожны ўдзельнік акцыі “Наш жывёлавод” адчуў гонар за сваю прафесію, прымаючы цёплыя віншаванні і ўзнагароды ад прафсаюза работнікаў АПК.

Жывёлавод Васілій Зіновіч

Не засталіся ў баку ад віншаванняў лепшыя жывёлаводы КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”. Падзячныя пісьмы Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовыя прэміі ўручаны жывёлаводам фермы “Вялікае Сяло” Мікалаю Балюку, МТФ “Аюцавічы” Валерыю Жарко, МТФ “Сімакава” Аляксандру Ермаковічу, фермы “Мядзвядка” Дзмітрыю Парацковаму, МТФ “Мядзвядка” Алене Янушэўскай і аператару машыннага даення МТФ “Любна” Таццяне Сахар.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

polymia.by

Наши контакты

Наш адрес

230029, г. Гродно, ул. Коммунальная, 32

8 (0152) 62-50-11

obkom.apk.grodno@mail.ru

Время работы

Пн-Чт: 8.00 - 17.00

Пт: 8.00 - 15.45

Сб-Вс: выходной