Главная » Новости » Лента новостей

Фотарэпартаж з сельскагаспадарчага кірмашу

96

Не паспелі азірнуцца, як восень ўвабралася ў свае правы і паклікала сельгаспрадпрыемствы, фермераў, індывідуальных прадпрымальнікаў і пакупнікоў на традыцыйны кірмаш. Да радасці наведвальнікаў, сёлета адрадзілі конкурс-агляд на лепшы падворак сярод гаспадарак, а таксама выбралі Багіню палёў. На працягу дня выступалі лепшыя калектывы раёна – “Світанак”, “Кемяліна”, “Рэха Астраўца”.

Забягаючы наперад адзначу, што ўсім хапіла і хлеба, і відовішчаў. Нават дробны дождж не сапсаваў ні настрою, ні гандлю.

 “Хлеб”

Як і ў мінулыя гады, рады раскінуліся ў 2-м мікрараёне на аўтамабільнай стаянцы паміж будынкамі раёна газазабеспячэння і фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Збожжа, садавіна, гародніна, мяса, прылады працы, мёд, саджанцы пладовых дрэў і кустоў – шмат чаго можна было набыць на кірмашы. Праўда, выбар прадукцыі, асабліва мясной і рыбнай, быў не вельмі вялікі.

Зялёныя капусныя галовы выглядвалі з розных бакоў ў чаканні пакупнікоў. За кілаграм белакачаннай прасілі 70 капеек. Некаторыя прадаўцы прапаноўвалі зніжкі, калі браць оптам. За такую ж колькасць морквы і буракоў прасілі рубель, а кілаграм цыбулі каштаваў 1,20. Цэны на грэцкія арэхі, як і на яблыкі, вельмі адрозніваліся. Першыя можна было адшукаць і па 8, і па 12 рублёў, другія (на гандлёвай пляцоўцы КСУП “Варняны”) усяго за 50 капеек. Прагуляўшыся па радах, можна было знайсці сала ад 22 рублёў, перцы і памідоры ад 2-х, цыбулю-сявок – ад 7-мі, бульбу ад 30-ці капеек, збожжа (ячмень) – ад 44.

Была на кірмашы і ялавічына – у выглядзе выразкі і фаршу (17,52 і 8,77 руб. адпаведна), і фірменная “гервяцкая” тушонка (каля 5).

Аматары-садаводы маглі набыць пладовыя дрэўцы: саджанец яблыні за 15 рублёў, грушы, слівы, чарэшні – за 20. На падворку Астравецкага вопытнага лягаса прываблівалі пакупнікоў туі, ялавец і іншы дэкаратыўны пасадачны матэрыял.

Зазначу, што кошты на некаторыя прадукты былі вышэйшымі, чым за магазінныя.

Відовішчы

Не абышоўся кірмаш без традыцыйных падворкаў, якія выставілі ўсе гаспадаркі, акрамя КСУП “Гудагай”.

Кожнаму прадпрыемству дасталася адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі. Як справіліся вяскоўцы з заданнем, ацэньвала камісія ў складзе прадстаўнікоў раённых выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў, сектара культуры, упраўлення райсельгасхарчу і райкама прафсаюза работнікаў АПК.

“Варнянцы” расказвалі пра жывёлагадоўлю. Нават цяля з сабой на ярмарку прывезлі! Хлебасольна сустракалі яны гасцей на падворку, дзе стаялі хата, воз дастатку з гароднінай і кашы з яблыкамі, якімі дзяўчаты частавалі мінакоў.

Гаспадар воднага царства (ён жа дырэктар РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”) Дзяніс Кірпа асабіста вітаў камісію. Тут можна было павудзіць сапраўднага карпа, пакаштаваць юшку, даведацца шмат цікавінак пра рыбалоўства і прылады, а таксама атрымаць сувенір: сушаную рыбу ў газетнай абгортцы.

Дзяўчаты КСУП “Гервяты” ў тэматычным адзенні сустракалі гасцей на “птушыным падворку”, дзе былі і вялікія саламяныя куры з куранятамі, і арыгінальна аформленыя зоны з кукурузай, сланечнікамі, фотаздымкамі “пярнатых”. Членам камісіі гаспадыні прапанавалі выканаць танец маленькіх качанят, а за актыўны ўдзел аддзячылі салодкімі пеўнікамі на палачцы.

КСУП “Міхалішкі” дасталася свінагадоўля. Хоць гэтым накірункам у гаспадарцы даўно не займаюцца, тым не менш гаспадыні ведаюць сто, а то і больш рэцэптаў страў, якія можна прыгатаваць са свініны. Падворак “міхалішкаўцы” аформілі ў сялянскім стылі, дзе паставілі арэлі, плот, “пасадзілі” гарбузы, і паказалі міні-прадстаўленне пра прыезд гарадской дамы на вёску.

Першае месца журы прысудзіла РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”, другое – КСУП “Гервяты”, трэцяе – КСУП “Варняны”.

Акрамя гэтага, камісія ацаніла пано і вырашчаны ўраджай гародніны. Да слова сказаць, пастараліся ўсе на славу і на свята ўраджаю прывезлі ў райцэнтр вялізныя кавуны, буракі, бульбу і кабачкі. У конкурсе “Дары роднага краю” перамогу святкаваў КСУП “Міхалішкі”, на другой пазіцыі размясціліся КСУП “Гервяты” (зрабілі ажно 2 пано!), а трэцюю прыступку занялі сельвыканкамы, якія ўпершыню ўдзельнічалі ў кірмашы.

Падчас конкурсу-дэфіле выбралі Багіню палёў. Ёй цалкам заслужана стала афіцыянт кафэ КСУП “Міхалішкі” Іна Ляховіч, якая здзівіла журы не толькі дыхтоўнай асенняй сукенкай, але і моцным голасам. Дарэчы, падчас святкавання раённых “Дажынак” у 2017 годзе жанчыну прызналі Каралевай жніва.

Годна на сцэне выглядала і бухгалтар КСУП “Гервяты”, па сумяшчальніцтву сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Вераніка Малышка, якая прачытала лірычную замалёўку пра восень.

У вершаванай форме на беларускай мове пра родную гаспадарку і гісторыю садаводства расказала загадчык зернесклада КСУП “Варняны” Святлана Бразевіч.

З першых нот добры настрой задала начальнік малочна-таварнага комплексу РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Гражына Рабкоўская. Па яе словах «и какой не был бы холод на работу мы идём, чтобы город наслаждался молоком».

– Нягледзячы на дрэннае надвор’е, думаю, свята адбылося. Усім хапіла і бульбы, і збожжа, і відовішчаў, –сказаў пра кірмаш першы намеснік старшыні райвыканкама Іван Карніла. 

Алёна Ганулич
 
Больше фото здесь
Поо материалам газеты "Астравецкая газета"

Читайте также: