Главная » Новости » Лента новостей

Дзяніс Собаль: “Калі ў чалавека ёсць дружная сям’я, любімая праца і чыстае сумленне, то ён можа назваць сябе па-сапраўднаму шчаслівым”

142

Чалавек не можа жыць у самоце. Побач з ім заўжды знаходзяцца людзі, якія падтрымліваюць усе яго пачынанні, матывуюць і падштурхоўваюць да новых здзяйсненняў. Дзякуючы гэтаму чалавек расце і развіваецца, адкрывае новыя і невядомыя для сябе далягляды, пакарае самыя недасягальныя, на першы погляд, вяршыні. Праз адзінства з блізкімі і роднымі людзьмі рэалізуецца патэнцыял кожнай асобы.

У свой час член прафсаюза работнікаў АПК Дзяніс Собаль скончыў аграрна-тэхнічны ліцэй у аграгарадку Бярэзінскае па спецыяльнасці «Электрык. Газазваршчык». Пэўны перыяд працаваў на гравійна-сартавальным заводзе «Баруны», а шэсць год таму прыйшоў у КСУП «Гальшаны» Ашмянскага раёна. Аб гэтым рашэнні мужчына ніколі не пашкадаваў. Ён рупліва працаваў і падчас уборачнай кампаніі 2023 года, перавёз больш за тысячу тон зерня ад камбайна. А зусім нядаўна вадзіцель быў узнагароджаны Падзячным лістом раённай прафсаюзнай арганізацыі АПК і грашовай прэміяй. Такая ўзнагарода стала прыемнай неспадзяванкай для мужчыны, стымулам для далейшай руплівай працы.

— Вельмі прыемна, калі наша праца адзначаецца такім чынам. Гэта дае разуменне, што мы робім сваю справу не проста так, а дзяржава адзначае ўклад кожнага, хто працуе ў полі. Я не ганюся за тытуламі і славай, проста стараюся выконваць свае абавязкі якасна і сумленна. Так мяне навучыў мой бацька, які таксама ў свой час працаваў з тэхнікай. Любоў да зямлі, вёскі і жывёл у нас, здаецца, у крыві, — зазначае мужчына.

Жонка Дзяніса Вольга працуе жывёлаводам. Праца адказная, але прыносіць жанчыне задавальненне, дапамагае зразумець вартасць сваіх абавязкаў. Любоў да зямлі знітавала пару моцнымі і неразарвальнымі повязямі. Нават іх знаёмства было сімвалічным і цікавым. Дзяніс і Вольга садзілі бульбу на суседніх участках. Юнаку адразу спадабалася ўсмешлівая прыгажуня, а для сябе ён адзначыў, што яна будзе добрай гаспадыняй, бо бульбу садзіла спрытна і ўвішна. Прыгадваючы гісторыю свайго знаёмства, муж і жонка ўсміхаюцца, шчыра і адкрыта пазіраюць адзін на аднаго. Яны ў шлюбе ўжо дзесяць год, але змаглі захаваць пяшчоту і цеплыню ў адносінах. У іх жыцці былі розныя перыяды. Складана было пачынаць новае жыццё. Першапачаткова сям’я жыла ў Бянюнах. Вольга і Дзяніс марылі, што калісьці ў іх з’явіцца сваё жыллё ў Гальшанах, дзе ў крокавай даступнасці знаходзяцца крамы, амбулаторыя, школа і дзіцячы садок. І іх запаветная мара здзейснілася: у 2019 годзе гаспадарка выдзеліла сям’і новую трохпакаёвую кватэру ў сучасным двухпавярховым доме. Гэта падзея была сапраўдным святам для сям’і.

— Мы з жонкай марылі аб гэтым моманце вельмі доўга. Уяўлялі, як будзе выглядаць наша кухня, дзіцячы пакой. Аднак гэта былі толькі мары. Мы не спадзяваліся, што нашыя трызненні зусім хутка стануць рэальнасцю. У доме ёсць усё неабходнае: вада, ацяпленне, каналізацыя. Побач з домам — прасторныя дзіцячыя пляцоўкі. Нашымі суседзямі з’яўляюцца маладыя сем’і. Умовы проста цудоўныя.

Сям’я выхоўвае траіх дзетак. Старэйшаму, Мішу, сем год. Ён вучыцца ў другім класе і марыць быць вадзіцелем, як тата. Сярэдняму, Аляксею, шэсць. Хлопчык толькі пайшоў у школу і адрозніваецца дапытлівасцю і жывым розумам. А малодшая дачушка Марыя наведвае дзіцячы садок. Ёй тры гады. Дзяўчынка з’яўляецца татавай пястушкай, заўсёды сустракае бацьку ў парозе, абдымае яго, дзеліцца ўражаннямі і цягне разам пагуляць. Сям’я — галоўная вартасць для Дзяніса, яго апора і надзейны тыл. Дзеля яе мужчына працуе, развіваецца, дасягае новых перамог. Ён хоча быць годным прыкладам для сваіх дзяцей, прывіць ім працалюбства, стараннасць, руплівасць. Старэйшыя хлопцы часта ідуць з татам у гараж, дапамагаюць рамантаваць аўтамабіль, падаюць інструмент і запчасткі.

У Дзяніса цёплыя адносіны з братам. Яны жывуць на адной лесвічнай пляцоўцы, таму бачацца штодня. Мужчыны маюць магчымасць абмеркаваць ураджайнасць, падзяліцца навінамі, запланаваць сумесны адпачынак. Сваіх дзяцей яны змалку вучаць сябраваць і дапамагаць адзін аднаму.

— З братам у нас нейкая асаблівая сувязь. Я заўсёды адносіўся да Алега па-бацькоўску, даваў парады, калі гэта было патрэбна. Безумоўна, гледзячы на мяне, брат зрабіў свой прафесійны выбар. Аднак я і ўявіць не мог, што мы будзем жыць побач, штодня бачыцца, разам святкаваць юбілеі і праводзіць вольны час. Цяпер і я нярэдка звяртаюся да яго за парадай, бо, апрача роднасных адносін, нас яшчэ аб’ядноўвае сапраўднае мужчынскае сяброўства, праверанае абставінамі і часам.

Ёсць у Дзяніса і вялікае захапленне. Мужчына ў вольны час любіць рыбачыць. Зранку выязджае на аддалены вадаём, любуецца пачаткам новага дня, слухае шчабятанне птушак — адпачывае душой ад мітусні і штодзённых спраў. Такі адпачынак — своеасаблівая медытацыя для Дзяніса. Такім спосабам ён прыходзіць да раўнавагі і набіраецца душэўных сіл. Часамі павудзіць рыбу з татам просяцца Міша і Аляксей. Бацька ім стараецца не адмаўляць.

— Безумоўна, я люблю застацца ў адзіноце, пабыць сам-насам з прыродай, падумаць над жыццём. Аднак я разумею, што дзеці таксама патрабуюць маёй увагі, жывых зносін. Так атрымліваецца, што асноўны клопат аб дзецях ускладзены на плечы Вольгі. Яна займаецца са старэйшымі, удзяляе час, каб пагуляць з Машай. У летні перыяд я ўвесь — у працы. І думкі мае знаходзяцца таксама там. Нават вечарам, вяртаючыся дамоў, абдумваю розныя моманты. Зімой ёсць больш часу для сям’і.

У Дзяніса ёсць усё, што патрэбна для шчасця: каханая жонка, любімыя дзеці, справа па сэрцы, сябры і блізкія людзі побач. Дзяніс зазначае, што ў яго жыцці ёсць тры грані адзінства:
— Першая грань — сямейнае адзінства, бо без адзінства ў сям’і чалавек не можа быць па-сапраўднаму шчаслівым. Другая — працоўнае адзінства, згода ў калектыве. Трэцяя грань — адзінства са сваім сумленнем. Калі ў чалавека ёсць дружная сям’я, любімая праца і чыстае сумленне, то ён можа назваць сябе па-сапраўднаму шчаслівым.

Марта БАГДАНОВІЧ. Фота аўтара.

По материалам газеты "Ашмянскі веснік"

Читайте также: