Главная » Новости » Лента новостей

Дзевяноста тры – са сто жаданых лят!

551

Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Юрыю Міхайлавічу Аляксандровічу 23 красавіка споўнілася 93 гады. Узрост больш чым пачэсны!
З гэтай датай яго прыйшлі-прыехалі павіншаваць шматлікія госці: сын, дачка, унукі, праўнукі. А таксама – прадстаўнікі шматлікіх грамадскіх арганізацый – старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун, райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Юрый Адула, райкама БРСМ Віялета Алексеявец, Варнянскага сельскага Савета Аляксндр Вярбовіч, пярвічнай арганізацыі савета ветэранаў, КСУП “Варняны”, вучні Варонскай школы. Ад гасцей у гэты дзень было цесна ў двары і ў хаце ветэрана ў вёсцы Фальваркі!

А Юрый Аляксандровіч, нягледзячы на ўзрост, радаваў шматлікіх гасцей сваім неўтаймаваным аптымізмам і пачуццём гумару.

– Цяперашняя жонка ў мяне чацвёртая. Яна за мяне на тры дні старэйшая, – расказвае ён гасцям. – Як зімой пачнём спрачацца, каму па дроўцы ісці, дык яна абавязкова нагадае, што я маладзейшы… Так вось і атрымліваецца!

Сённяшняя жонка, Вераніка Пятроўна, – чацвёртая ў ветэрана.

– Жонкі паміралі, таму і дзяцей мала – ўсяго двое, сын і дачка, – са шкадаваннем гаворыць Юрый Аляксандровіч. – Затое праўнукаў – ужо васьмёра. Дзякаваць Богу!

Адна з праўнучак, паўтарагадовая Вікторыя, таксама прыехала павіншаваць прадзеда з днём нараджэння. Магчыма, гэтая падзея яшчэ не адкладзецца ў яе памяці – але некалі яна абавязкова ўсвядоміць яе значнасць і гістарычнасць!

Стрыечны брат Юрыя Міхайлавіча, старшыня ветэранскай арганізацыі Міхалішкаўскага сельсавета Леанід Раўдановіч узгадвае, як старэйшы брат вучыў яго жыццю… дзяжкай!

– Мала вучыў! – смяецца Юрый Міхайлавіч.

– Бацька ўсё жыццё шмат і цяжка працаваў, – узгадвае сын Іосіф, які спецыяльна, каб павіншаваць бацьку з днём нараджэння, прыехаў з літоўскага Вісагінаса. – Маці памерла, калі я яшчэ ў войску служыў, а ён увесь час трымаў гаспадарку – коніка, карову.

Зараз ужо ў ветэрана не мае для гэтага здароўя – але ўсё роўна на падворку пасуцца куры, сустракае гасцей сабака і кот. Не можа ён без жыўнасці – вясковы чалавек!

А яшчэ Юрый Міхайлавіч любіць, калі ў хату прыходзяць госці. Ён любіць людзей – і жыццё.

– Аднаго хачу і аднаго жадаю: каб ніхто з вас, маладых, не ведаў, што такое вайна, – гаворыць ён сваім шматлікім гасцям. – Каб неба над вамі заўсёды было мірным.

А госці шчыра жадалі ветэрану як мінімум сто лят! А далей – па магчымасці…

«Астравецкая прауда»

Наши контакты

Наш адрес

230029, г. Гродно, ул. Коммунальная, 32

8 (0152) 62-50-11

obkom.apk.grodno@mail.ru

Время работы

Пн-Чт: 8.00 - 17.00

Пт: 8.00 - 15.45

Сб-Вс: выходной