Добрым спецыялістам будзем рады! На Зэльвеншчыне прайшлі сустрэчы са студэнтамі аграрнай ВНУ
У сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна адбыліся сустрэчы са студэнтамі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Будучыя ветурачы наведалі сельгаскааператыў «Сынкавічы», пабывалі ў дзяржпрадпрыемстве «Галынка». На думку спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, такія мерапрыемствы дапамагаюць гаспадаркам прыцягваць маладыя кадры, а студэнтам — вызначыцца з першым працоўным месцам.

Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення Алена Антановіч, у эканоміцы Зэльвеншчыны значны ўклад робяць аграрыі: большая частка прадукцыі вырабляецца на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Менавіта гэтым і тлумачыцца запатрабаванасць спецыялістаў у аграрнай сферы.




Як даведаліся госці, у экалагічна чыстым Зэльвенскім раёне з яго развітай сацыяльнай інфраструктурай функцыянуе 6 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дзе створаны камфортныя ўмовы для працы спецыялістаў раслінаводчай і жывёлагадоўчай галін. Сёння ва ўсіх арганізацыях патрэбны кваліфікаваныя аграномы, ветэрынары, заатэхнікі, энергетыкі, механізатары, жывёлаводы. У гэтым пераканаліся студэнты, калі пабывалі на працоўных месцах і паразмаўлялі з намеснікамі кіраўнікоў па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце СВК “Сынкавічы” і дзяржпрадпрыемства “Галынка”.

— З году ў год работнікі АПК Зэльвеншчыны дэманструюць уменні эфектыўна і з аддачай працаваць. Дзякуючы багатаму вопыту, прафесіяналізму і перадавым тэхналогіям па шэрагу паказчыкаў работнікі гэтых гаспадарак атрымліваюць рэкордныя вынікі, — падзялілася Алена Валер’еўна.
Пасля такіх слоў студэнтам было цікава больш падрабязна пазнаёміцца з жывёлагадоўчымі аб’ектамі гаспадарак. І на кожным адбылася зацікаўленая размова: пасля завяршэння 2 курса профільнай ВНУ моладзь мае патрэбныя веды ў дадзенай сферы.

Маладыя людзі занатавалі важную для сябе інфармацыю: штомесячныя даплаты ад 8 да 20 базавых велічыняў на працягу 4 гадоў пры заключэнні з прадпрыемствамі раёна мэтавых дагавораў атрымліваюць маладыя спецыялісты.

Любоў ШЭЙКА
По материалам газеты "Праца"








